Кнігарня «Галіяфы» запусціла антыкрызісныя зніжкі і спадзяецца, што цэны на кнігі прыемна здзівяць чытачоў.
Вольга Гапеева. Кэмэл-Трэвэл
Наватарскі раман Вольгі Гапеевай «Кэмэл-Трэвэл» апісвае сусвет, дзе суіснавалі некалькі рэчаіснасцяў, гімнаў, сталіцаў, ідэнтычнасцяў. На гэтым фоне разгортваюцца першыя жыццёвыя прыгоды галоўнай гераіні, якая далёкая ад ідэалізацыі былых часоў, ад настальгіі. Гэты раман — гісторыя чалавечай крохкасці і даверу ў эпоху жуды і дэфіцыту не толькі прадуктаў, але і пачуццяў.
Сёлета паэтычная кніга Вольгі Гапеевай «Чорныя макі» трапіла ў кароткі спіс прэміі Наталлі Арсенневай.
Вера Бурлак. Фантазюркі
Што спяваюць розныя машыны? Адкуль бяруцца і куды знікаюць зачараваныя домікі? Якія падзеі разгортваюцца ў лужынах? Аматарам пафантазіраваць, малым і вялікім, — новая кніжка вершаў Веры Бурлак.
Кніга атрымала Прэмію Цёткі як найлепшая кніга года для дзяцей і падлеткаў.
Яна была. She was
Мэта гэтай кнігі — падтрымаць гістарычную справядлівасць у дачыненні да нашых суайчынніц. Гэта 16 гісторый поспеху жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі XIX і XX стагоддзя. Іх гісторыі захапляюць, іх уклад уражвае, іх прыклад натхняе. І калі гэта зрабіла яна тады, то і сёння кожная дзяўчынка зможа!
Аўтаркі праекта Ірына Саламаціна і Наталля Кухарчык.
Міхаэль Кёльмаер. Дзяўчынка з напарсткам
Галодная гераіня прыходзіць у краму. Яна не разумее нічога з таго, што ёй кажуць, але на слове «паліцыя» пачынае крычаць. Хто яна і адкуль? Як завецца? «Йіца», — кажа яна, хоць ведае, што Йіца — гэта не імя. Пазней у прытулку яна сустрэне двух хлапчукоў: Шамхан з Арыянам такія ж нічыйныя дзеці, як і яна сама. Разам яны выправяцца шукаць сабе месца ў невядомым горадзе.
У цэнтры ўвагі Міхаэля Кёльмаера такія базавыя тэмы, як цялеснасць, мова, повязі між людзьмі. «Дзяўчынка з напарсткам» — гэта аповед не толькі пра жыццё на задворках грамадства, але і пра чалавечае быццё наагул.
Пераклад з нямецкай Iрыны Герасімовіч.
Эрык Карл. Вельмі галодны вусень
Гэта дзіцячая кніжка з малюнкамі амерыканскага пісьменніка Эрыка Карла. Тэкст кнігі ўяўляе сабой гісторыю вусеня перад яго ператварэннем у матылька. Кніга на кардонных лістах, яркая асаблівасць — наяўнасць дзірак у кардоне («праедзеных» вусенем).
Агульны наклад арыгінальнай кнігі склаў больш за 30 мільёнаў асобнікаў, яна стала адной з самых прадаваных у гісторыі. Кніга атрымала велізарную папулярнасць у англамоўным свеце, заваявала шмат узнагарод і была перакладзеная больш чым на 50 моў, яна пастаянна фігуруе ў спісах найлепшых дзіцячых кніг або найлепшых кніг на англійскай мове.
У беларускім перакладзе кніга выйшла ў 2019 годзе, праз 50 год пасля першага выдання арыгіналу.
Для дашкольнага веку. Пераклад з англійскай мовы Таццяны Жаўняровіч.
Андрэй Федарэнка. Сечка
Гэтыя літаратурныя эсэ Андрэй Федарэнка пісаў на працягу 10 гадоў. Вось як абазначыла іх літаратуразнаўца М. Верціхоўская: «Структурна «Сечка» Андрэя Федарэнкі ўяўляе сабою мазаіку з перлаў. Гэта сапраўдная з’ява і падзея ў найноўшай літаратуры. Каб стварыць такую, трэба добра ўяўляць агульную задуму карціны — выразна паказаць чалавека і яго справу. Феномен «Сечкі» Федарэнкі ў тым, што замешана яна на такой дробязі, як мастацкасць…»
Эльжбета Інеўска, Ігар Мельнікаў. Доўбарчыкі з Бабруйскай крэпасці
Гісторыя «доўбарчыкаў» — гэта таксама гісторыя Бабруйска, у якую ўпісаліся такія імёны, як Уладзіслаў Андэрс, Ян Скарына або будучы герой абароны Брэсцкай крэпасці — Канстанцін Плісоўскі.
Хроніка гэтай вайсковай адзінкі незвычайная, бо салдаты генерала Доўбара пазней занялі ганаровыя месцы ў гісторыі многіх воінскіх часцей, якія змагаліся з нацыстамі на франтах Другой сусветнай.
Усе кнігі выдавецтва «Галіяфы» можна набыць у краме (вул. Няміга, 3, цокальны паверх, бокс 47) альбо праз інтэрнэт-краму. Ажыццяўляецца паштовая перасылка.
Каментары