67 чалавек заразіліся каранавірусам у Пастаўскім раёне, памерлі 4 чалавекі ў Наваполацку — афіцыйная статыстыка

За тыдзень колькасць захварэлых на COVID-19 у Пастаўскім раёне павялічылася ўдвая — там ужо 67 зафіксаваных выпадкаў заражэння каранавірусам. У Наваполацку зарэгістравалі смяротныя выпадкі, паведамляюць Народныя навіны Віцебска, аналізуючы мясцовую прэсу і паведамленні райвыканкамаў.
Новыя заражаныя з'яўляюцца кантактамі першага і другога ўзроўню, гэта значыць, заражэнне ідзе на мясцовым узроўні. Таксама 29 красавіка стала вядома аб першых у гэтым раёне двух пацыентах, ачунялых ад COVID-19.
На стацыянарным лячэнні з каранавіруснай інфекцый у наваполацкай бальніцы на 29 красавіка знаходзілася 48 чалавек, з іх 39 — жыхары Наваполацка, паведамляе сайт «Наваполацк Сёння». Таксама частка хворых праходзяць лячэнне амбулаторна, раней паведамлялася аб 10 такіх пацыентах, а таксама аб 3 выздаравелых. Цяпер стала вядома аб тым, што чатыры чалавекі з COVID-19 у Наваполацку памерлі.
Такім чынам, можна казаць, што ў Полацкім раёне зарэгістравана як мінімум 65 выпадак заражэння каранавіруcам, як мінімум 4 з якіх скончыліся смерцю хворых.
З пнеўманіямі ў гэтым раёне былі 74 дарослыя пацыенты і 8 дзяцей. У 20 дарослых пнеўманія каранавірусная. Адзін з пацыентаў падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Каранавірус у Докшыцах адступае: за тыдзень ніхто не памёр
У Бешанковіцкім раёне ўжо ў 47 чалавек было выяўлена заражэнне каранавірусам, 5 з іх паправіліся, 4 памерлі. На 29 красавіка па інфармацыі райвыканкама тут быў 51 пацыент з пнеўманіяй, у 9 з іх COVID-19.
19 хворых на COVID-19 на сённяшні дзень у Мёрскім раёне, паведамляе мясцовы райвыканкам. 24 чысла там было толькі 2 пацыенты. Такім чынам, за 5 дзён колькасць хворых вырасла амаль у 10 разоў.
У Дубровенскім раёне ўжо 15 заразіліся каранавірусам, паведамляе «Дняпроўская праўда». 3 чалавекі выздаравелі, з 12 пацыентаў 6 лечацца ў мясцовай бальніцы, 1 — у Віцебску, астатнія 5 — амбулаторна.
Да 11 чалавек павялічылася колькасць хворых на каранавірусную інфекцыю ў Верхнядзвінскім раёне. 4 чалавекі знаходзяцца дома на самаізаляцыі, а 7 пацыентаў лечацца ў стацыянары, піша «Дзвінская праўда».
Усяго ў Беларусі на 29 красавіка зарэгістраваны 13 181 чалавек, які заразіўся каранавірусам. Выздаравелі і выпісаныя 2072 пацыенты, 84 чалавекі, у якіх быў пацверджаны дыягназ COVID-19, памерлі.
Каментары