Ці павінна незалежнае грамадзтва ўстаць поруч з уладай на абарону незалежнасьці краіны? Ці існуе зараз пагроза незалежнасьці Беларусі? Пры якіх умовах наагул магчымы дыялёг улады і апазыцыі? Гэтыя пытаньні сфармуляваў у артыкуле ў «НН» №22 Аляксандар Фядута. На гэтым тыдні яму адказаў аўтар палітычнага блогу Фальксваген. «Фактарам ратаваньня незалежнасьці стане нацыя, а не рэжым».

1. Беларусь як дзяржава (сувэрэнная адзінка) адбылася, і варыянты гвалтоўнай страты незалежнасьці адсутнічаюць. Сёньня не 1938 год.

2. Варыянт «Расея ажыцьцяўляе эканамічны ціск дзеля таго, каб беларусы (альбо сам Лукашэнка) папрасіліся ў Расею» магчыма існуе ў галюцынацыях расейскай хеўры. Аднак яго ажыцьцяўленьне будзе спынена акурат тады, калі стане, відавочна, што гэта ўзмацняе альбо Лукашэнку, альбо, што яшчэ горш для Крамля, апазыцыю.

3. Для ажыцьцяўленьня такіх геапалітычных ператрусаў у сучасным сьвеце патрэбны ня войскі ці газаправоды, а: а) інфармацыйныя рэсурсы, б) пятая калёна ўнутры краіны. І таго, і другога ў Расеі сёньня няма. Дарэчы, Лукашэнка вынішчыў гэтыя патэнцыйныя чыньнікі аншлюсу без дапамогі апазыцыі.

4. Дзяржава ня зводзіцца да трубаў і іншай уласнасьці. Адваротнае азначае, што Беларусь як незалежная дзяржава можа існаваць толькі ў рамках таталітарна-каманднай сыстэмы. Гэты міт упарта распаўсюджвае Лукашэнка. Падключацца да гэтага апазыцыі азначае дапамагчы Лукашэнку ўзмацніць свой ідэалягічны дыскурс.

5. Пазбавіць Беларусь незалежнасьці можа толькі сам Лукашэнка і добраахвотна. Ня думаю, што ён гэтага захоча. Таму любая каапэрацыя зь ім «у імя абароны незалежнасьці» ёсьць фікцыяй, наступствам якой (і магчыма, мэтай прапаганды якой) ёсьць падпарадкаваньне апазыцыі ідэалёгіі і дыктату ўладаў – і такім чынам яе канчатковая нэўтралізацыя.

6. Сцэнар, аб якім казаў на радыё «Свабода» Юры Дракахруст: «эканоміка рушыцца, народ бунтуе, Лукашэнка ратуецца і імкнецца далучыцца да Расеі» – не вытрымлівае крытыкі. Рэжымы, падобныя да лукашэнкаўскага, падаюць ня ў выніку сацыяльнага бунту, а нацыянальнага чыну. Зьнішчаючы беларускую нацыю, нацыянальную ідэнтычнасьць, Лукашэнка падкладае доўгатэрміновую бомбу пад падмурак беларускай незалежнасьці. Каапэрацыя зь ім (зноў падкрэсьлю – фантом каапэрацыі) была б сьмерці падобная.

7. Галоўнае пытаньне, празь якое існуе канфрантацыя паміж рэжымам і яго апанэнтамі – гэта не пытаньне дзяржавы (яно вырашанае) і нават не пытаньне дэмакратыі, а пытаньне нацыі. Пытаньне, якой мусіць быць беларуская нацыя, застаецца адкрытым і падлягае супольнай працы інтэлектуалаў, незалежна ад палітычных поглядаў ці моўнай арыентацыі. Відавочна, што гэта ня мусіць быць абрубкам агульнасаўковага калгасу ў межах былой БССР – праект, які цяпер уладай і рэалізуецца. Паўстаньне нацыі як супольнасьці грамадзянаў, якія падзяляюць асабістую адказнасьць за захаваньне калектыўнага дабра, ёсьць неабходным чыньнікам таго, каб улада Лукашэнкі «захісталася». Толькі тады магчымы і варыянт «ратаваньня ў Расею». Аднак у такім выпадку фактарам ратаваньня незалежнасьці стане менавіта нацыя, а не рэжым.

8. Лукашэнка і апазыцыя ніколі ня знойдуць кампрамісу ў пытаньнях нацыі. Першы арганізуе беларускую супольнасьць такім чынам, каб яна была б арганічна несумяшчальная з дэмакратыяй і ў канчатковым выніку – незалежнасьцю (незалежнасьць дзяржавы і прэзыдэнцкі абсалютызм на новых гістарычных этапах непазьбежна стануць несумяшчальнымі).

9. Фантом супрацоўніцтва па адхіленьні няіснай пагрозы ёсьць спосабам самазабойства дэмакратычнай і нацыянальнай альтэрнатывы. Сапраўдным адказам Лукашэнку і Крамлю ёсьць яе выпрацоўваньне і распаўсюджваньне ў грамадзтве.

TOL Беларусь

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?