Бізнэсмен, асуджаны за махлярства ў Мінску, адкрыў школу ў Варшаве. У пэўны момант бацькі забілі трывогу
Школа American Elite School праводзіць заняткі ў Варшаве, спаганяе плату за навучанне і абвясціла набор на будучы год, хоць больш не з’яўляецца ўстановай, зарэгістраванай у польскай сістэме адукацыі. Бацькі забілі трывогу толькі тады, калі з Упраўлення сацыяльнага страхавання (ZUS) пачалі атрымліваць лісты з патрабаваннем вярнуць атрыманыя дапамогі 800+. Выданне Gazeta Wyborcza разабралася ў сітуацыі, у якую трапіў бізнэсмен з Беларусі. Выданне Most са скарачэннямі пераказала матэрыял польскага выдання.

American Elite School (прыватная школа № 99) была выключаная з рэестра школ 31 жніўня 2025 года, за дзень да пачатку навучальнага года. Згодна са справаздачай кураторыума адукацыі, да якой атрымала доступ Gazeta Wyborcza, праверкі ўстановы паказалі, што школа не выконвае пяць асноўных умоў. Сярод іншага, яна не рэалізуе навучальных праграм, якія б улічвалі асноўную праграму агульнай адукацыі Польшчы.
Амаль ніхто ў школе не гаворыць па-польску — ні вучні, ні настаўнікі. Замест гэтага школа рэалізуе оксфардскую праграму, а вучні карыстаюцца выключна брытанскімі падручнікамі. Дакументацыя ходу навучання адсутнічае.
Упершыню чыноўнікі прыйшлі ў школу ў студзені 2024 года. Пасля праверак сямёра з 12 настаўнікаў былі накіраваныя на паслядыпломныя педагагічныя курсы, якія доўжацца тры семестры, аднак на працягу года дырэкцыя не падала ва ўпраўленне адукацыі інфармацыю пра тое, на якім этапе навучання яны знаходзяцца. Паводле звестак кантралёраў, адзін з настаўнікаў, які вёў заняткі па матэматыцы, інфарматыцы і выяўленчым мастацтве, не меў ніякай педагагічнай падрыхтоўкі.
Выдалі лісты з пячаткамі
У American Elite School навучаецца больш за сто дзяцей — з нулявога па восьмы класы. Невядома, будзе ім залічаны бягучы навучальны год, ці ім прыйдзецца праходзіць навучанне паўторна. Усе вучні — прыезджыя, у асноўным з Украіны і Індыі, часцей за ўсё гэта дзеці супрацоўнікаў польскіх філіялаў замежных карпарацый. Плата за навучанне складае, у залежнасці ад узросту дзіцяці, ад 42,2 тысячы да 56,2 тысячы злотых (прыкладна ад 10,5 да 14 тысяч даляраў на год).
Пра тое, што школа выключаная з рэестра, бацькі не ведалі. Яны забілі трывогу, калі з ZUS ім пачалі прыходзіць лісты з патрабаваннем вярнуць выплачаную дзяржаўную дапамогу 800+. Рэч у тым, што замежнікі могуць атрымліваць яе толькі тады, калі іх дзеці школьнага ўзросту ахопленыя польскай сістэмай адукацыі. Праверка ў сістэме інфармацыі аб адукацыі (SIO) паказала, што яны там не адлюстроўваюцца.
Школа адказала занепакоеным бацькам, што ва ўпраўленні адукацыі адбылася памылка, якая на працягу некалькіх тыдняў будзе выпраўленая, і што American Elite School не атрымлівала паведамленняў адносна свайго статусу, а пра выключэнне з рэестра даведалася толькі ў сярэдзіне студзеня 2026 года. Тым часам, паводле звестак Gazeta Wyborcza, дырэктар школы знаходзіўся ў пастаянным кантакце з упраўленнем адукацыі.
Бацькам школа накіравала лісты з пячаткамі, якія пацвярджаюць, што дзеці наведваюць установу адукацыі. Гэта павінна быць доказам таго, што ім належыць дапамога 800+.
У кастрычніку 2025 года, ужо пасля выключэння школы з рэестра, бацькі атрымалі іншы дакумент — дадатак да дамоў, у якім дырэкцыя пазначае новыя нумары рахункаў для аплаты навучання. Паводле інфармацыі Gazeta Wyborcza, гэта прыватныя рахункі, іх няма ў афіцыйным пераліку суб’ектаў, зарэгістраваных як плацельшчыкі ПДВ, які вядзецца Мінфінам. Пад дакументамі стаяць подпісы Іллі Волаха/Слакатовіча або яго правай рукі Аляксандры Катушонак.
Справа «Грушаўскага пасада» і канфлікт у Варшаве
Ілля Волах у Беларусі будаваў жылы комплекс «Грушаўскі пасад» у Мінску, але скончыў будаўніцтва толькі напалову. Як высветліла следства, у 2016—2020 гадах бізнэсмен прыцягнуў 58 мільёнаў рублёў у будаўніцтва комплексу, але выдаткаваў 24 мільёны з іх на іншыя патрэбы, у тым ліку на куплю асабістай нерухомасці, дарагіх аўтамабіляў і прадметаў раскошы.
Волаха абвінавацілі ў наўмысным банкруцтве і злоўжыванні службовым становішчам. Ад яго дзеянняў пацярпелі 430 чалавек. У 2024 годзе Волаха асудзілі на 10 гадоў калоніі. Суд быў завочным, бо бізнэсмен да таго часу з’ехаў у Польшчу і атрымаў польскае грамадзянства. Ён памяняў прозвішча на Слакатовіч.
Беларусь абвясціла Іллю Волаха ў вышук па «чырвонай ноце» Інтэрпола. Бізнэсоўца дапытвалі ў акруговай пракуратуры Варшавы, аднак Польшча не выдала яго праз асцярогі, звязаныя з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Да таго ж канстытуцыя Польшчы забараняе выдаваць сваіх грамадзян іншым дзяржавам.
Улетку 2025 года імя Волаха ўсплыло ў польскай прэсе ў сувязі з іншым канфліктам. Супрацоўнікі рэстарана, які Слакатовіч адкрыў у варшаўскім раёне Вілянаў і які пасля закрыўся, дамагаліся ад бізнесмэна выплаты заробку.
Што будзе са школай
Хоць школа абвясціла пра набор на будучы год, чыноўнікі ад адукацыі заяўляюць, што яна закрытая. Горад абяцае знайсці месцы ў дзяржаўных школах усім вучням, якія захочуць наведваць варшаўскія ўстановы.
Кіраўніцтва школы абскардзіла рашэнне кураторыума адукацыі ў Ваяводскім адміністрацыйным судзе ў Варшаве. Аднак паводле закона падачы скаргі ў суд не прыпыняе выканання вынесенага рашэння. На паведамленне газеты Gazeta Wyborcza Слакатовіч не адказаў.
Каментары