Актывістка БРСМ з пікета каля ГЦ «Дана Мол»: Мне было страшна, мяне трэсла, я выплакала ўсе свае слёзы за 21 год
Студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ілона Іларыёнава і Вікторыя Любамірава праславіліся на ўсю краіну 5 чэрвеня падчас пікета ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі каля ГЦ «Дана Мол».
Дэпутат Сяргей Клішэвіч прывёў з сабой дзясятак актывістаў БРСМ, у тым ліку і гэтых дзяўчат, каб атакаваць карэспандэнта «Радыё Свабода», які вёў стрым з мерапрыемства.
Чытайце таксама. Актывісты БРСМ разам з дэпутатам Клішэвічам памылкова накінуліся на Орду: «Колькі вам заплацілі?!» ВІДЭА
«Тыя, хто пішуць глупыя каментары, кажа «чаго вы тут сабраліся», хто піша ўсю лухту, чарнуху, вы поўныя… Не ведаю хто», — папрасіла слова Ілона Іларыёнава. Вікторыя Любамірава стаяла побач, але не выказвалася. Актыўнічалі іншыя студэнты з той жа суполкі.
Увечары таго ж дня блогеры апублікавалі імёны, тэлефонныя нумары і акаўнты ў сацыяльных сетках усіх гэтых актывістаў.
Ілона Іларыёнава і Вікторыя Любамірава расказалі ў сюжэце на эфіры «Беларусь 1», што адбывалася пасля.
Ілона: «Мы бралі ўдзел у пікеце ў падтрымку дзейнага кіраўніка дзяржавы па зборы подпісаў і вырашылі выказаць сваю актыўную пазіцыю, для чаго мы, чаму мы, што мы тут робім і для чаго прыйшлі. Пасля чаго нас сталі адшукваць у тэлеграм-каналах розных, сталі скідваць нашы спасылкі ў сацыяльных сетках, мой асабісты нумар тэлефона скінулі.
Літаральна праз паўгадзіны на нас пачаў ліцца ўвесь гэты негатыў».
Вікторыя: «Я ні ў якім разе не заклікала нікога падтрымліваць мяне, падзяляць маё меркаванне, я не агітавала. Ёсць тэлеграм-каналы, якія маюць сваю пазіцыю, якая не супала з маёй пазіцыяй, і мяне апублікавалі на гэтым апазіцыйным канале і сказалі: «Шукайце гэтую дзяўчыну, хто ведае — скідвайце!»
Ілона: «Здаецца, што цябе пераследуюць, нават калі ты знаходзішся дома, табе здаецца, што за табой пастаянна глядзяць, цябе паўсюль пазнаюць.
Бяруць твой нумар тэлефона і рэгіструюць на розных сайтах. Напрыклад, мяне запісалі да доктара, паставілі ў чаргу, што я хачу купіць машыну і хачу прыехаць яе паглядзець. І пасля гэтага не яны асабіста табе звоняць з некімі канкрэтнымі пагрозамі — хаця і гэта таксама было, — але і з гэтых кампаній».
Вікторыя: «Мне за хвіліну прыходзіла, можа, 50 паведамленняў, вельмі абразлівага характару, месцамі нават вельмі. Страшна было ад таго, што будзе далей. Ездзіла на таксі першыя два тыдні пасля таго, што здарылася, надзявала маску і акуляры. Першыя тры дні я не спала ад слова «зусім». Мне было страшна, мяне трэсла, я выплакала ўсе свае слёзы за 21 год, якія ў мяне накопліваліся, яны былі выплаканыя ў першыя тры ночы. Я піла пачак валяр'яны за ноч. Дома я знаходзіцца ўвогуле не магла, мяне пачынала трэсці, я ўсё гэта абнаўляла, я ўсё гэта перачытвала, проста я не разумела, адкуль у людзей столькі злосці».
Ілона: «Усе, каму пісалі такія каментарыі, каго цкавалі ў інтэрнэце, — гэта былі адны і тыя ж акаўнты. Мы звярнулі ўвагу на тое, што прыкладна 70% з іх — гэта фэйкавыя акаўнты, боты, у каго няма падпісчыкаў, а рэальных людзей там было вельмі мала. Але што было вельмі прыемна, што сярод гэтай плыні негатыву ўсё ж такі знаходзіліся людзі, якія таксама знаходзілі нашы спасылкі ў сацыяльных сетках і пісалі пазітыўныя каментары, казалі, што ты малайчына».
Вікторыя: «Там было вельмі мала людзей, хто пісаў са сваіх старонак, там амаль ва ўсіх былі іншыя старонкі, якія, як я зразумела, створаны для таго, каб так вось ананімна абражаць і прыніжаць людзей.
Да гэтага я была актыўным карыстальнікам інстаграма, вельмі шмат здымала гісторый, свой кожны крок. Мама мне заўсёды казала, што гэта мяне да дабра не давядзе, што трэба думаць. Але, як кажуць, на памылках вучацца. І цяпер я ўжо якасна адбіраю ўсё тое, што я выкладваю. Зразумела, што за мной пакуль што яшчэ глядзяць і сочаць. Маім знаёмым прапануюць грошы за інфармацыю пра мяне».
Ілона: «Калі мы жывём у прававой дзяржаве, то ўсе павінны адказваць па заслугах і ў абавязковым парадку тыя, хто зрабіў, на мой погляд, сапраўды злачынства, бо ў іх не было такіх правоў абражаць і пагражаць нашаму жыццю, нашаму гонару і годнасці. Таму я лічу: усіх трэба прыцягнуць да адказнасці».
-
Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні
-
Халезін: Самыя вялікія ганенні на Свабодны тэатр былі пры Латушку. Але яму не трэба каяцца перада мною
-
Ці могуць не пусціць у краму за 5 хвілін да закрыцця і да якога часу павінны працаваць касіркі
Каментары