Другое пасяджэнне Грамадска‑кансультацыйнай рады (ГКР) пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі запланавана на 24 красавіка.
Пра гэта БелаПАН паведаміў ганаровы старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа, які ўваходзіць у склад рады.
Рада была створана ў пачатку 2009 года з мэтай «абмеркавання актуальных пытанняў развіцця дзяржавы і грамадства, выпрацоўкі прапаноў па больш актыўным уцягванні Рэспублікі Беларусь у агульнасусветныя працэсы, удасканалення кірункаў сацыяльна‑эканамічнага і палітычнага развіцця краіны».
Узначаліў ГКР кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. У склад рады ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, усяго прыблізна 30 чалавек.
Першае пасяджэнне ГКР адбылося 6 лютага і было прысвечана працэдурным пытанням. Тэмай сустрэчы другога вызначана выпрацоўка новых падыходаў у рэалізацыі стратэгіі эканамічнага развіцця краіны, у тым ліку ў перыяд сусветнага фінансавага крызісу. Другое пасяджэнне планавалася на 31 сакавіка, аднак было перанесена ў сувязі з адсутнасцю ў краіне У.Макея, які знаходзіўся з рабочым візітам у Кітаі.
Каментары