Улада1313

Міністр каранавіруснага часу: пяць фактаў пра Уладзіміра Караніка

22 жніўня Аляксандр Лукашэнка прызначыў Уладзіміра Караніка старшынёй Гродзенскага аблвыканкама. Апошні год Каранік быў міністрам аховы здароўя. А чым ён вядомы яшчэ? «НН» сабрала цікавыя факты пра чыноўніка.

Фота Надзеі Бужан.

Вырас у Гродне

Уладзімір Каранік нарадзіўся ў 1973 годзе ў Гродне. Сям’я жыла па вуліцы Агадзіла Сухамбаева (гераічна загінуў пад Гроднам падчас вызвалення ад фашысцкай акупацыі). Уладзімір Каранік хадзіў у школу №16 на той жа вуліцы.

Ягоная класная Кацярына Мікалаеўна Будзевіч расказала «НН» летась пра Караніка: «Незвычайны хлопец, мой любімы вучань. Вельмі прыстойны, добры. У яго заўсёды было шмат сяброў, і грамадскай дзейнасцю ён займаўся, калі быў у сёмым класе, то яго адзінаццацікласнікі бралі гуляць у КВЗ. У яго была фенаменальная памяць, ніколі больш такой не бачыла».

Кацярына Мікалаеўна выкладала ў Караніка беларускую мову. «Так, і па-беларуску ён добра гаварыў. Але, можа, матэматыка яму і лепей давалася». «Ён вельмі сумленны чалавек. Бывае, вось атрымае пару троек, сварышся на яго. Ён галаву звесіць, кажа, усё выпраўлю, толькі маме не званіце», — смяецца Кацярына Будзевіч. 

Мянушка была «Карантос»

Фота Минск-новости.

Мы спыталіся ў спадарыні Будзевіч, ці быў Уладзімір Каранік папулярным у дзяўчат у школе. «Ой, не», — смяецца настаўніца.

«Ён быў такі, ведаеце, худзючы, доўгі, няскладны. Дзяўчыны не дужа на такіх западалі, — расказвае спадарыня Кацярына. — А яшчэ яго ўсё дражнілі «Карантос, Карантос». У мяне ў памяці засталося, як ён выконваў на сцэне «Танец маленькіх лебедзяў». Кацярына Мікалаеўна ўжо даўно на пенсіі, але з колішнім сваім любімым вучнем стэлефаноўваецца.

«Гэта ж мой анёл-абаронца, — адразу кажа жонка Леаніда Шкуты, колішняга дырэктара школы, дзе вучыўся Каранік, калі здымае тэлефон. — Яшчэ 17 гадоў таму зрабіў аперацыю, калі была пухліна на лёгкіх, жывая па сёння, як бачыце».

Уладзімір Каранік доўгі час захапляўся баскетболам. Ён і цяпер штогод прыязджае ў Гродна на турнір імя трэнера Алега Калтанюка. Гэты спецыяліст памёр ва ўзросце 37 гадоў, і ў школе №16 ужо чатыры гады ладзіцца турнір ягонай памяці. Каранік бярэ ў ім удзел у складзе каманды Гродзенскай абласной бальніцы. Нават прызнаваўся найлепшым гульцом сваёй каманды.

Разам з ім удзельнічае вядомы ў Гродне мамолаг Дзмітрый Гаўрон — гэта аднакласнік і найлепшы сябра Караніка, разам з ім яны вучыліся і ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце.

Брат у бізнэсе

Лукашэнка і Аляксандр Каранік (справа). Фота прэс-службы Лукашэнкі.

Бацька старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сцяпан Каранік памёр мінулай восенню, пра гэта нам расказаў колішні дырэктар школы №16 Леанід Шкута. Мама працягвае жыць у Гродне.

«Мама дакладна бухгалтарам была, але я не помню дзе, а тата, здаецца, з аграрнай галіной быў звязаны, — кажа Кацярына Будзевіч. — Выдатныя бацькі. Я помню, мама Валодзі казала, калі мае дзеці будуць браць хабары, то заб’е асабіста».

Ва Уладзіміра Караніка ёсць старэйшы брат Аляксандр. Ён вучыўся ў Ленінградзе ў Вайскова-медыцынскай акадэміі. У пачатку 2000-х ён узначальваў упраўленне аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама. А цяпер з’яўляецца старшынёй рады дырэктараў «Нясвіжскага завода дзіцячага харчавання». Гэтым заводам кіруюць былыя ўласнікі расійскага «Юнімілка». Калі Лукашэнка наведваў прадпрыемства, то зрабіў выгляд, што не ведаў пра медыцынскую адукацыю брата. «Каб ведаў, то накіраваў бы цябе кантраляваць брата».

Уладзімір Каранік жанаты, выхоўвае дачку і сына. Зусім нядаўна ён яшчэ жыў у інтэрнаце аграгарадка Лясны ля Бараўлянаў.

Узначальваў анкалагічны дыспансэр

Фота Звязда.

Адразу пасля сканчэння ВНУ Каранік трапіў на працу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава ў Бараўлянах. Стаў там загадчыкам анкалагічнага аддзялення таракальнай (органаў грудной клеткі) хірургіі. Абараніў дысертацыю на тэму клініка-біялагічных асаблівасцяў розных варыянтаў нядробнаклетачнага раку лёгкіх.

Калі перайшоў на кіраўніцкую працу, то ад асабістага аперавання давялося адмовіцца. Уладзімір Сцяпанавіч казаў, што дзвюх аперацый у месяц мала, каб трымаць форму.

У інтэрв’ю «Вячэрняму Мінску» расказваў анекдатычную гісторыю са сваёй практыкі: «Не забуду, як прыязджаў да мяне пасля аперацыі на лёгкіх вясковец, прасіў напісаць даведку, што ён не заразны для хатніх птушак. Жонка небараку запіліла: ён кашляе, плюецца, а ў гаспадарцы… куры дохнуць. Мы спачатку пасмяяліся, пакуль не зразумелі: калі гэтую даведку не дамо, спакойнага жыцця мужчыну не будзе», — смяяўся Каранік.

Ён мае сваю старонку ў сацыяльнай сетцы фэйсбук, але зусім там не актыўнічае. У сябрах у асноўным калегі-дактары.

Міністр каранавіруснага часу

Фота Надзеі Бужан.

За год працы на пасадзе міністра аховы здароўя Уладзімір Каранік, вядома, запомніцца тым, што на яго кадэнцыю прыйшлася пандэмія каранавіруса. Пачыналася ўсё для міністэрства дастакова адкрыта. Яно аператыўна і ўсебакова асвятляла праблему. Пра першыя выпадкі захваровання на COVID-19 паведамлялася на тэрміновых прэс-канферэнцыях, у якіх удзельнічаў сам Каранік. Міністэрства для хутчэйшага інфармавання грамадзян завяла тэлеграм-канал.

Але пасля таго, як за справу ўзяўся кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка, правёўшы пару нарадаў з дактарамі, пазіцыя імгненна змянілася. Міністр і ягоныя намеснікі закрыліся ад прэсы, аб колькасці хворых, то ўвогуле не паведамлялі, то паведамлялі ў форме такіх рэбусаў, каб разгадаць якія трэба быў час. Вядома, усё гэта не дужа добра адбілася на іміджы міністэрства і асабіста Караніка. Беларусь, мабыць, была адзінай краінай у свеце, дзе кіраўнікі сферы аховы здароўя месяцамі не ладзілі прэс-канферэнцый аб сітуацыі з каранавірусам.

Вядома, што ў такой сітуацыі многія людзі лічылі, што міністэрства можа не проста не дагаворваць праўду аб рэальным стане рэчаў, але і хлусіць.

Калі пачаліся пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў, то запратэставалі і ўрачы. Міністр Каранік асабіста выходзіў да іх, але наладзіць канструктыўны дыялог не атрымалася. Апошні раз ён з’явіўся перад людзьмі на гэтым тыдні на ганку Міністэрства, яму крычалі «Ганьба» і «Сыходзь». Каранік адмовіўся ўзяць мегафон, каб паразмаўляць з людзьмі, а потым увогуле збег ад дэманстрантаў.

Каментары13

«Людзі гінуць, а яму «цікава»… Д*****б». Украінскае кіраўніцтва пры каментаванні ініцыятыў Пуціна не падбірае слоў16

«Людзі гінуць, а яму «цікава»… Д*****б». Украінскае кіраўніцтва пры каментаванні ініцыятыў Пуціна не падбірае слоў

Усе навіны →
Усе навіны

Што вядома пра стан беларускі, якая звалілася з чацвёртага паверха на Пхукеце

Нават калі схаваў твар, цябе пазнаюць — з'явілася новая сістэма відэаназірання6

Стаў вядомы прысуд пінскаму журналісту Яўгену Мікалаевічу, які вярнуўся ў Беларусь4

Сацыёлаг Коршунаў: Лукашэнка хоча паказаць, што ён дыктатар з чалавечым тварам, не доктар Асад

«У беларускім тэатры сёлета рост рэпрэсій. Толькі ў лістападзе звольнілі шэсць чалавек з РТБД»

У мінскім аэрапорце запускаюць электрычны перонны аўтобус1

«Растлумачце мне, дзе зайчыкі і сняжынкі?» Тата з Брэста абурыўся адзеннем чужых дзяцей на ранішніку29

Стала вядома, за што пасадзілі на чатыры гады журналістку Вольгу Радзівонаву1

Лідар паўстанцаў заявіў, што Сірыя не ўяўляе пагрозы для свету, і папрасіў зняць з краіны санкцыі7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Людзі гінуць, а яму «цікава»… Д*****б». Украінскае кіраўніцтва пры каментаванні ініцыятыў Пуціна не падбірае слоў16

«Людзі гінуць, а яму «цікава»… Д*****б». Украінскае кіраўніцтва пры каментаванні ініцыятыў Пуціна не падбірае слоў

Галоўнае
Усе навіны →