Улада1717

Старшы дарадца Ціханоўскай расказвае, як дамагчыся перамоў з Лукашэнкам, а таксама пра планы вяртання ў Беларусь

5 кастрычніка штаб лідара беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай агучыў імёны некаторых людзей, якія ўваходзяць у каманду. Старшым дарадцам Святланы названы Аляксандр Дабравольскі. «Наша Ніва» скарысталася гэтай нагодай і задала палітыку некалькі пытанняў.

Аляксандр Дабравольскі. Фота belgazeta.by.

«Наша Ніва»: Калі казаць груба, то вы хто цяпер — прэм’ер-міністр ва ўрадзе Святланы Ціханоўскай?

Аляксандр Дабравольскі: (смяецца). Ну не, я проста дарадца. Дарэчы, з’яўляюся такім з 1 ліпеня.

«НН»: У чым заключаюцца вашы функцыі?

АД: Дарадчыя па ўсіх пытаннях. Калісьці мы сустрэліся ў першы раз, паразмаўлялі, з таго часу і працуем. Ніякіх адміністрацыйных функцый я не маю.

«НН»: А на якія тэмы вы раіце Святлане?

АД: Гэта тычылася пытанняў прэзідэнцкай кампаніі, як яе арганізоўваць. Асноўныя тэзісы, якія агучваюцца штабам Ціханоўскай, прымаюцца з маім удзелам.

«НН»: Вы падказваеце ёй тое, што Ціханоўская можа сама не бачыць?

АД: Так, і гэта таксама. Шмат людзей працуе з ёй. Мы абмяркоўваем і зацвярджаем. Я хачу сказаць, што далёка не з усім яна пагаджаецца. У яе ёсць велізарнае пачуццё адказнасці — гэта, можа быць, нават самае галоўнае ў ёй. Чаму я вырашыў увогуле, што ёй трэба дапамагаць?

Бо ў Святланы вельмі ярка выражанае пачуццё справядлівасці і адказнасці. Калі Ціханоўскай трэба нешта ўдакладніць, то яна звяртаецца да мяне і не толькі.

«НН»: Хто вас пазнаёміў?

АД: Сябры яе каманды, якія збіралі подпісы, параілі Святлане звязацца са мной. Яна пазваніла, і з таго часу працуем разам.

«НН»: Ідэя з прадстаўнікамі Святланы Ціханоўскай у розных сферах — можа быць, ваша?

АД: Гэтая ідэя са мной абмяркоўвалася. Яна вынікае з простых рэчаў: Святлане неабходныя дарадцы ў розных сферах.

Калі Ціханоўская сустракаецца з высокімі чыноўнікамі з іншых краін, то вельмі часта задаюць пытанні: напрыклад, з кім мы можам далей кантактаваць у пытанні правоў чалавека. Такія пытанні былі неаднаразова. Мы раілі пэўныя арганізацыі, але просяць асобу, якой давярае Ціханоўская.

Тое самае ў эканоміцы — калі гавораць пра эканамічную падтрымку, пра магчымы «план Маршала» для Беларусі, то заўсёды ўзнікае пытанне, з кім далей гэта абмяркоўваць на экспертным узроўні.

«НН»: Працяг прызначэнняў ва «ўрадзе» Ціханоўскай будзе?

АД: Ніхто з гэтым спяшацца не будзе. Калі адчуем патрэбу ў нейкай сферы, тады так.

«НН»: Як старшы дарадца…

АД: (смяецца). Не ведаю, хто мяне так назваў «старшым дарадцам», хіба што па ўзросце.

«НН»: Тым не менш, як старшы дарадца, раскажыце, якія кірункі дзейнасці Святланы Ціханоўскай цяпер у прыярытэце?

АД: Асноўнае — спрыяць таму, каб адбыліся перамовы па выхадзе з палітычнага крызісу. Трэба, каб у Беларусі былі ўмовы для перамоў, а таксама, каб былі пасярэднікі.

І хоць Каардынацыйная рада ад самага пачатку заявіла пра неабходнасць перамоў, беларускія ўлады задзерлі нос і не хочуць чуць уласны народ, таму міжнароднае пасярэдніцтва было б карысным. Неабходна, каб улады адчулі, што гэта ўзаемны інтарэс, і яны ў гэтых перамовах зацікаўленыя не менш за іншы бок. Канечне, яны лічаць, што найлепш нічога не мяняць, але ўжо бачна, што так не будзе. Важна, каб болей ахвяр не было і Беларусь пайшла шляхам дэмакратызацыі.

«НН»: Вы бачыце перадумовы для таго, каб улады пайшлі на дыялог?

АД: Відавочна, што толькі грамадскі ціск можа да гэтага прывесці. Калі людзі пакажуць, што не будуць падпарадкоўвацца такой уладзе, якая не паважае свой народ, то так.

Каб стварыць хаця б мінімальную атмасферу даверу, неабходнае вызваленне палітвязняў. Найлепшым выхадам у цяперашняй сітуацыя было б правядзенне новых выбараў. Ніхто не кажа, што трэба знішчыць усіх чыноўнікаў ці нешта такое. Гэта глупства. Трэба знайсці кампраміс, каб больш ахвяраў не было.

«НН»: Ці ёсць нейкі кантакт з прадстаўнікамі ўладаў хаця б на асабістым узроўні?

АД: На асабістым шмат кантактаў. Настроі розныя. Адныя кажуць, што застаецца перачакаць «пару месяцаў» палітычнай няяснасці, праўда, раней яны казалі пра пару тыдняў. Мы ж бачым, што проста так усё не скончыцца. І гаворка не толькі пра вулічныя пратэсты, але і пра арганізацыю ўнутры грамадства. Думаю, гэта ўсё прывядзе да народнага самакіравання, з якім ніхто не зможа адмовіцца гаварыць.

Некаторыя ж чыноўнікі кажуць, што трэба размаўляць, але ніхто не бярэ на сябе адказнасць. Для мяне відавочна, што і дзяржапарат ужо працуе абы-як і не хоча выконваць дурныя загады, многія звальняюцца. Адзінае, чым Лукашэнка на сёння эфектыўна кіруе, — гэта АМАП.

«НН»: Даводзілася чуць ад радыкальнай часткі прыхільнікаў перамен, што вы сярод тых у акружэнні Святланы Ціханоўскай, хто злівае вулічны пратэст. Што на гэта адкажаце?

АД: Цяпер усё вельмі моцна дэцэнтралізавана. І цэнтралізацыя можа быць не дужа карыснай, бо з такім пратэстам лёгка змагацца.

Прапаную ўсім, хто лічыць, што пратэст павінен быць узмоцнены, заняцца гэтай справай. І даказаць на ўласным прыкладзе, што можна рабіць лепш. Штаб Святланы Ціханоўскай пратэстамі не займаецца, але відавочна, што мы на баку тых людзей, якія пратэстуюць.

Святлана іх вітае і паважае, яна вельмі хоча вярнуцца ў краіну, дзе нарадзілася і якую любіць. Лічыце, што можаце рабіць лепш, — рабіце.

«НН»: Вы дарадца Ціханоўскай ад 1 ліпеня, як яна змянілася за гэты час?

АД: Я скажу аб тым, што ў ёй было і засталося ранейшым — гэта пачуццё справядлівасці і ўнутраны стрыжань. Відавочна, што яна засталася адкрытым і зразумелым усім чалавекам. Што змянілася? Узмацнілася пачуццё адказнасці. А таксама з’явіўся вялікі палітычны досвед. Яна, вядома, яшчэ не доктар палітычных навук, але імкліва вучыцца. Магчыма, і неабавязкова ёй быць такой, у нас шмат разумных людзей, але патрэба грамадства ў тым, каб чалавек быў шчырым, цвёрдым і да яго быў давер. Святлана якраз такая.

«НН»: Асабістае пытанне: вы цяпер у Беларусі ці з’ехалі?

АД: Я з’ехаў амаль адразу за Святланай. Ёй патрэбна была дапамога ў Вільні. Нас спачатку было ўсяго двое вакол Ціханоўскай, цяпер значна болей. Мы плануем вяртацца: пытанне як, хутчэй ці троху пазней. У нас вялікае жаданне да Новага года вярнуцца ў вольную Беларусь.

***

Аляксандр Дабравольскі

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Суле Стаўбцоўскага раёна. Па адукацыі — інжынер-радыёфізік. Працаваў у Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудавання (1982—1990). У 1989 быў абраны народным дэпутатам СССР, дзе працаваў разам з Сахаравым, Ельцыным, Быкавым, Адамовічам. Адзін з стваральнікаў Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, а таксама сацыялагічнай службы НІСЭПД. Быў дэпутатам Вярхоўнага савета Беларусі. Адзін з лідараў АГП. З 2008 — дырэктар Усходнееўрапейскай Школы палітычных даследаванняў.

Каментары17

Цяпер чытаюць

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных

Усе навіны →
Усе навіны

Ці маюць права ў краме не прадаць цукеркі з алкаголем непаўналетнім?1

Жонка 89‑гадовага пенсіянера выгнала кур'ера махляроў, але мужчына ўсё адно знайшоў спосаб перадаць ім свае ашчаджэнні

Парык, грым і рыбацкая лодка: як нобелеўская лаўрэатка таемна збегла з Венесуэлы ў Осла10

У спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА ўключылі ўсю італьянскую нацыянальную кухню. Гэта першы такі выпадак у гісторыі4

МАРГ заклікае беларусаў кожную пятніцу размаўляць па-беларуску і слухаць беларускую музыку43

Урад Літвы не атрымліваў паведамлення пра намер Ціханоўскай пакінуць Вільню3

Украіна нанесла ўдар па нафтаздабыўнай платформе «Лукойла» ў Каспійскім моры4

У Балгарыі масавыя пратэсты. Урад пайшоў у адстаўку5

Ва Уроцлаве машыну беларуса пяты раз псуюць невядомыя7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных

Бліжэйшым часам будуць вызвалены больш за 150 палітзняволеных

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць