Грамадства

«З вас бы зрабілі адбіўную катлету». Пенсіянер прасядзеў амаль два месяцы ў СІЗА, бо даў выспятка амапаўцу

63-гадовы гарадзенец Юзаф Нямера заступіўся за жанчыну, якую цягнулі амапаўцы, і адсядзеў амаль два месяцы ў СІЗА паводле крымінальных артыкулаў. Яго вызвалілі ў зале суда, піша Радыё Свабода.

«Ударыў у вобласьць ягадзіцы і крыкнуў: «Адпусьці!»»

Усё адбылося падчас маршу пратэсту ў Горадні 6 верасьня. Тады ў шэсьці ўдзельнічала каля 5 тысяч чалавек. Яны прайшлі па праезнай частцы некалькі кілямэтраў ад цэнтру гораду да ўнівэрсаму «Брэст». Там дарогу дэманстрантам перакрыла сьцяна амапаўцаў у поўным рыштунку. Тады дзяўчаты сталі ў счэпкі, схаваўшы мужчын. Байцы сталі выхопліваць людзей, у тым ліку жанчын, распылілі сьлезацечны газ.

Па словах Юзафа Нямеры, ён ішоў у сярэдзіне маршу, калі пачуў каманду на затрыманьне. Частка людзей разьбеглася. Адна жанчына ўпала. Юзаф падбег, каб дапамагчы ёй падняцца. У гэты момант убачыў, як побач два амапаўцы цягнулі па зямлі іншую жанчыну, якая прысела амаль да зямлі.

«Хіба маё сумленьне ня вытрымала. Я ўдарыў у вобласьць ягадзіцы гэтага амапаўца і крыкнуў: «Адпусьці!»», — успамінае Юзаф.

Другі баец пабег на пэнсіянэра з дручком, але той зьбег зь месца, бо займаецца спортам і хутка бегае. Пазьней на допыце апэратыўнік сказаў Юзафу, што таму пашчасьціла, што ён уцёк.

«Інакш мы бы з вамі цяпер не размаўлялі. З вас бы зрабілі адбіўную катлету», — прыгадвае словы міліцыянта суразмоўца.

Мужчына выходзіў на вулічныя акцыі, каб выказаць сваю нязгоду з фальсыфікацыяй выбараў. Пра гэта ён казаў і на допытах.

«Акцыя была мірная. Мы ніводнага газона не патапталі, ніводнай вітрыны не пабілі, аўтамабіля не разьбілі, не перавярнулі. Людзі прайшліся б ды разышліся б па хатах. Калі б гэта быў мітынг на плошчы, то людзі цягам гадзіны пагаварылі б і таксама мірна разышліся. Усё было б чыста», — мяркуе Юзаф.

«Турма выхоўвае найлепшыя адносіны»

Гэты эпізод міліцыянты запісалі на відэа і пазьней вылічылі мужчыну. Юзафа затрымалі праз два тыдні, 22 верасьня. Ён ехаў на ровары па малалюдным месцы, насустрач яму ішлі два хлопцы ў цывільным, схапілі за стырно ровар, даставілі мужчыну ў міліцыю. Супраць яго распачалі дзьве крымінальныя справы паводле артыкулаў 342 («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і 364 («Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). З-пад варты яго выпусьцілі ўжо толькі пасьля прысуду.

Большасьць часу Нямера сядзеў у турме ў цэнтры Горадні. Расказвае, што ўмовы былі прымальныя. Праўда, у адным з турэмных карпусоў было вільготна, яшчэ не было ацяпленьня. Большасьць сукамэрнікаў курылі. Вэнтыляцыя слаба працавала, таму сьвежага паветра не хапала.

«Нармальны сьняданак, абед увогуле добры, вячэра таксама. Калі якая дапамога з волі, сала, то ўвогуле добра, жыць можна», — кажа Юзаф.

Штодня іх выводзілі на прагулку. Юзаф спартовец, займаецца лёгкай атлетыкай. У невялікім дворыку здолеў бегаць, скакаць, разьмінацца. За два месяцы Нямера прачытаў каля 10 кніг. Гулялі з сукамэрнікамі ў шахматы, шашкі. Першы ліст жонцы адтуль ён напісаў на туалетнай паперы і перадаў з сумакэрнікам, якога вызвалілі раней.

«Я адчуваў вялікую падтрымку. Мне прыходзіла найбольш лістоў у камэры з Варшавы, Нью-Ёрку, Лёндану, усёй Беларусі — ад знаёмых і незнаёмых», — прыгадвае суразмоўца, і яго вочы вільгатнеюць на гэтых словах.

Многія лісты, асабліва з навінамі ў краіне, ён зачытваў для ўсіх сукамэрнікаў, бо гэта падтрымка не для аднаго чалавека, а для ўсіх.

З васьмі чалавек чатыры былі «палітычныя», два «эканамічныя», але жылі ў камэры, «як адна сям’я».

«Турма выхоўвае найлепшыя адносіны адзін да аднаго. У турме найперш трэба заставацца чалавекам. Высьвятляць нейкія адносіны? Не. Усе яднаюцца, разумеюць, што трэба перажыць усім разам. Толькі салідарнасьць», — мяркуе мужчына.

«Увесь сьвет захапляецца беларускімі жанчынамі, а мы іх цягаем па асфальце»

12 лістапада суд прызнаў Нямеру вінаватым паводле абодвух артыкулаў і прысудзіў яму 2,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову закрытага тыпу. Да таго ж суд абавязаў яго выплаціць 500 рублёў кампэнсацыі пацярпеламу амапаўцу за «пачуцьцё дыскамфорту і прыніжэньня», якія той зьведаў. А яшчэ ж байцу давялося пасьля таго эпізоду памыць форму. Нямера папрасіў прабачэньня ў пацярпелага ў судзе. Той даваў паказаньні, закрыты шырмай і пад зьмененым імем.

Сваё апошняе слова ў судзе Нямера прысьвяціў беларускім жанчынам.

«Увесь сьвет захапляецца імі, а мы іх цягаем па асфальце», — са сьлязамі ўспомніў сваю прамову пэнсіянэр.

«Хоць яму трыста прысудаў вынесуць, я разумею, што мой муж ні ў чым не вінаваты. Гэта вельмі трымае. Людзкая салідарнасьць мае вельмі вялікае значэньне», — кажа жонка Юзафа Маргарыта Нямера.

Пасьля суду Юзаф сказаў, што першым чынам нацепліць сваю лазьню. «Адна хвіліна была лазьня, а потым ён увесь час быў на тэлефоне, адказваў людзям», — успамінае жонка.

Незнаёмы хлопец, які прачытаў, што пэнсіянэр любіць лазьню, адшукаў Нямераў і прывёз ім дубовыя венікі.

Юзаф кажа, што за час зьняволеньня памянялася ягонае стаўленьне да сям’і, стала больш адказным. Але стаўленьне да падзей у краіне не зьмянілася.

«Усе бачаць, што адбываецца», — падсумоўвае мужчына.

Каментары

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго13

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Усе навіны →
Усе навіны

Дзе купілі самую дарагую кватэру ў Мінску ў верасні?2

У Беларусі некалькі дзён могуць быць праблемы з інтэрнэтам3

У Ждановічах затапляе выезд на кальцавую2

Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на «Беларусьфільм»16

Даляр абнавіў гадавы максімум1

У Беларусі пачалі збіраць кітайскія мікрааўтобусы раней невядомага нам брэнду. Што за яны і колькі каштуюць4

Пяцёра расіян загінулі пры ўзыходжанні на гару-людажэрку ў Гімалаях13

У пункце пропуску «Беняконі» могуць вырасці чэргі

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго13

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Галоўнае
Усе навіны →