Каля нашай Сонечнай сістэмы знайшлі планету Gliese 486 b, якая можа дапамагчы ў пошуках жыцця ў іншых кутках Сусвету. Тэмпература паверхні новай суперзямлі трохі ніжэйшая за тэмпературу Венеры.
Даследчыкі з нямецкага Інстытута астраноміі супольнасці Макса Планка сцвярджаюць, што ўмовы на Gliese 486 b занадта складаныя, каб там магло існаваць жыццё. На планеце высокая тэмпература і нізкая вільготнасць. Магчыма, што па яе паверхні цякуць рэкі лавы.
Аднак суперзямля знаходзіцца недалёка ад нас і мае шмат супольных рысаў з Зямлёй, што робіць яе ідэальнай для даследавання тэлескопамі новага пакалення. Магчыма, атрымаецца здабыць інфармацыю, якая дапаможа лепш разумець склад і структуру атмасферы іншых экзапланет, у тым ліку тых, на якіх можа быць жыццё, паведамляе DW.
Маса Gliese 486 b амаль у 3 разы большая за масу Зямлі, а сама суперзямля знаходзіцца за 26,3 светлавых гадоў ад нас, што робіць яе адной з найбліжэйшых да нас экзапланет.
Суперземлямі называюць экзапланеты, маса якіх большая за масу Зямлі, але значна меншая за масу ледзяных гігантаў нашай Сонечнай сістэмы Урана і Няптуна.
На сёння навукоўцам вядома больш за 4300 экзапланет. Некаторыя з іх уяўляюць сабой вялікія газавыя планеты, падобныя да Юпітэра, а іншыя — больш маленькія, падобныя да Зямлі аб’екты. Менавіта на другіх, як лічаць навукоўцы, можа квітнець жыццё.
Каментары