Шпакоўскі, Богдан, Марзалюк. Хто ўвайшоў у склад камісіі, якая будзе распрацоўваць змены ў Канстытуцыю
У Беларусі пачынае працу Канстытуцыйная камісія, якая будзе збіраць прапановы і распрацоўваць змены ў асноўны закон краіны. Тэлеграм-канал «Пул першага» апублікаваў яе склад.
Сёння камісія сабралася на першую нараду.

Як вынікае са спісу, у камісію ўвайшлі 34 чалавекі. Там прэм'ер Раман Галоўчанка, кіраўнік Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергеенка, старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, дэпутаты Ігар Марзалюк, Святлана Любецкая.
Таксама ў спісе паралімпіец Аляксей Талай, палітолаг Аляксандр Шпакоўскі, Юрый Васкрасенскі, першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан, кіраўнік МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі і сенатар Алег Румо, былы генеральны пракурор Рыгор Васілевіч ды інш.

Лукашэнка на гэтым пасяджэнні сказаў, што дзейнасць Канстытуцыйнай камісіі павінна насіць галосны і адкрыты характар, і нагадаў, што многія прапановы па змене Канстытуцыі ўжо паступілі падчас грамадскага абмеркавання на дыялогавых пляцоўках, а таксама па парламенцкай лініі і пры падрыхтоўцы «Усебеларускага народнага сходу».
— Таму галоўная задача Канстытуцыйнай камісіі — арганізаваць шырокае абмеркаванне прапанаваных карэкціровак Асноўнага закона, — сказаў ён. — Публічнасць і празрыстасць працэсу забяспечаць СМІ, а таксама электронная камунікацыя.
Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што, па даных маштабнага сацапытання, больш за 65% яго ўдзельнікаў не лічаць патрэбным мяняць Канстытуцыю.
Каментары