Меркаванні1010

Вайна сусветаў

Кожны раз, калі набліжаецца дата 22 чэрвеня, узгадваю эпізод, які здарыўся адносна нядаўна — чвэрць стагоддзя таму. Піша Віталь Тарас.

Кожны раз, калі набліжаецца дата 22 чэрвеня, узгадваю эпізод, які здарыўся адносна нядаўна — чвэрць стагоддзя таму.

Аднойчы мая жонка Алена засталася ўдома з нашым маленькім сынам і маім бацькам Валянцінам. Яна ўключыла радыёпрыёмнік і раптам закрычала: «Вайна! Тата Валя! Вайна!!!» Мой бацька падбег да прёмніка і зрабіў гук грамчэй. Пакуль ён зразумеў, што гэта запіс дыктара Левітана, які чытае зводку за 22 чэрвеня 1941 года, прайшло некалькі жудасных секунд. У тыя секунды, напэўна, ён зноў перажыў пачатак вайны.

У Зводцы галоўнага камандавання, у прыватнасці, гаварылася: «Пасля жорсткіх баёў праціўнік быў адбіты з вялікімі стратамі. Толькі ў Гродзенскім і Крыстынопальскім накірунках праціўніку ўдалося дасягнуць нязначных поспехаў і заняць мястэчкі Кальварыя, Стаянаў і Цэхановец… Авіяцыя праціўніка атакавала шэраг нашых аэрадромаў і населеных пунктаў, але паўсюль сустрэла рашучы адпор нашых знішчальнікаў і зенітнай артылерыі, якія наносілі вялікі ўрон праціўніку…»

Чым не сучасная інтэрпрэтацыя гісторыі ў стылі барацьбы з яе фальшаваннем?

За год да пачатку Другой сусветнай вайны ў ЗША адбылася прэм’ера радыёспектакля «Вайна сусветаў» паводле аднайменнага рамана Герберта Уэлса. Спектакль на CBC паставіў малады рэжысёр Орсан Уэлс, у наступным — аўтар геніяльнага фільму «Грамадзянін Кейн». Паколькі пастаноўка выйшла ў эфір без папярэджання, што гэта спектакль, эфект быў ашаламляльны. Большасць слухачоў прыняла «нашэсце марсіян» за праўду, у гарадах пачалася масавая паніка. Свайго піку яна дасягнула, калі па радыё прагучаў заклік нібыта ад прэзідэнта Рузвельта — захоўваць спакой.

Можна ўявіць, што стала б з любым савецкім рэжысёрам у 1938‑м годзе, які б рызыкнуў паўтарыць падобны эксперымент у радыёэфіры.

Але гаворка не пра тое. Я згадаў гэтыя два яўна нераўнаважныя эпізоды з розных светаў толькі таму, што яны яскрава сведчаць — рэчаіснасць можа быць куды больш драматычнай і жахлівай, чым самая таленавітая фантастыка.

У першы дзень вайны 1941‑га году нямецкая авіяцыя знішчыла амаль усе савецкія аэрадромы і камунікацыі ўздоўж савецкай мяжы. Паводле звестак расійскай Вікіпедыі, у Беластоцкім і Мінскім «катлах» былі знішчаны 11 стралковых, 2 кавалерыйскія, 6 танкавых і 4 матарызаваныя дывізіі РККА. Ужо 28 чэрвеня часці Вермахта ўварваліся ў Мінск. (Савінфармбюро, дарэчы, пра гэта нічога не паведаміла.) Да канца лета захапілі ўсю тэрыторыю БССР, большую частку УССР, Літву, Латвію, амаль усю Эстонію.

Да 1 снежня 1941 страты РККА толькі палоннымі склалі 3,5 мільёны чалавек!

Цяжка пазбавіцца ўражання, што нашчадкі ўдзельнікаў тагачаснай трагедыі дагэтуль не адышлі ад шоку, нягледзячы на тое, што мінула ўжо 68 гадоў. Пры гэтым імперская свядомасць у галовах мільёнаў былых савецкіх людзей дагэтуль шукае апраўдання тае катастрофы.

Нядаўна расійскае тэлебачанне паказала фільм, прысвечаны пачатку вайны. Звышзадача фільму — паказаць, хто насамрэч быў вінаваты ў татальным адступленні савецкай арміі. Тут і савецкія военачальнікі, і выведка, і афіцэры, і салдаты, і ўсялякага роду «панікёры» ды «разгільдзяі».

І толькі адзін чалавек, як выяўляецца, быў ні прычым. Гэта Сталін.

Што з таго, што вярхоўны галоўнакамандуючы баязліва адмоўчваўся ажно дзесяць дзён ад пачатку вайны? (Славуты яго зварот да «братоў і сясцёр» прагучыць толькі 3 ліпеня 1941‑га.) Як быў Сталін «эфектыўным менеджэрам», так і застаецца ім дагэтуль — прынамсі, паводле афіцыйнай крамлёўскай гісторыяграфіі.

Вядомы расійскі журналіст М‑н, які піша на тэмы сучаснай гісторыі, у прыватнасці — гісторыі Другой сусветнай вайны, прызнаўся нядаўна, што з задавальненнем наведвае Лінію Сталіна кожны раз, калі бывае ў Беларусі. З аднаго боку, журналіст у сваіх кнігах выкрывае сталінскія злачынствы. А з другога — у яго слёзы наварочваюцца на вачах, калі ён бачыць вайсковую тэхніку, парады, інсцэніроўку баявых дзеянняў, бо ён, маўляў, чалавек сентыментальны. (Між іншым, «укрепрайоны», пабудаваныя перад вайной на тэрыторыі СССР, у тым ліку, у Беларусі, ніколі не называліся «Лініяй Сталіна» — так іх называла нямецкая прапаганда. А пасля далучэння Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны да СССР будаўніцтва тае «лініі ўмацаванняў» было ўвогуле закансервавана.)

А што да сантыментаў… У фільме Міхаіла Рома «Звычайны фашызм» ёсць дакументальныя кадры, дзе нямецкія афіцэры шпацыруюць на парадах так званым «крокам пеўніка». Можна, канечне, захапляцца майстэрствам страявой падрыхтоўкі, хоць рэжысёр фільма не хаваў свайго сарказму. Але цяжка сабе ўявіць, каб сучасныя немцы захапляліся гітлераўскімі генераламі і мілітарызмам. Прынамсі, адкрыта.

Прапаганда вайны, як і прапаганда сталінізму, выглядаюць асабліва гнюснымі ў краіне, якая першай прыняла на сабе ўдар гітлераўцаў у чэрвені 1941 году.

Віталь Тарас

Каментары10

Цяпер чытаюць

Іх Зарэцкая: дэпутат-ябацька Алег Навіцкі кінуў беларускіх інвестараў на мільёны даляраў. Дэталі схемы

Іх Зарэцкая: дэпутат-ябацька Алег Навіцкі кінуў беларускіх інвестараў на мільёны даляраў. Дэталі схемы

Усе навіны →
Усе навіны

Ізраіль ушчэнт разбамбіў Дом рускай культуры ў Ліване11

Нехта ў Мінску атрымаў на 8 Сакавіка 151 ружу і выставіў букет на «Куфры»3

За тыдзень вайны з Іранам краіны Блізкага Усходу выкарысталі больш ракет Patriot, чым атрымала Украіна за чатыры гады вайны8

«Бывае стан, калі не можаш спаць, бо дрэнна». Чым скончылася перасадка касцявога мозгу ў маладога беларускага музыкі Генры

Ці дайшла зорка «Універа» на вяселле мінчанкі Лізаветы, куды яго клікаў увесь Threads?2

У Беларусі здымуць серыял аб праблемах у сем'ях сілавікоў у 2020 годзе22

У Мінску пенсіянерку заціснула дзвярыма аўтобуса, і яна апынулася пад коламі2

Былая палітзняволеная са Швецыі: Следчы думаў, што бабулю расколе адразу, а бабуля як уперлася!1

У Курскай вобласці загінулі чатыры расійскія афіцэры — на іх напала «Баба-Яга»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Іх Зарэцкая: дэпутат-ябацька Алег Навіцкі кінуў беларускіх інвестараў на мільёны даляраў. Дэталі схемы

Іх Зарэцкая: дэпутат-ябацька Алег Навіцкі кінуў беларускіх інвестараў на мільёны даляраў. Дэталі схемы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць