Грамадства

«Працэс закрылі, бо сорамна глядзець у вочы людзям». Сястра Максіма Вінярскага пра паездку ў Магілёў на суд над братам

Алена Церашкова, сястра актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, была 12 траўня каля Магілёўскага абласнога суду. Там у закрытым рэжыме пачаўся працэс над яе братам і яшчэ 6 актывістамі, у тым ліку над сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам, паведамляе Радыё Свабода.

Алена Церашкова кажа, што, як і сваякі іншых падсудных, ведала, што ў суд іх ня пусьцяць.

«Была ўсё ж нейкая прывідная надзея, што краёчкам вока пабачымся ці хоць здаля будзе магчымасьць, калі іх будуць весьці, крыкнуць словы падтрымкі. Але ўлады такую магчымасьць цалкам выключылі. Яны якраз гэтага — нашай падтрымкі — і баяцца», — мяркуе яна.

Паводле Алены, яе ды іншых сваякоў у суд не прапусьцілі міліцыянты ў форме, якія стаялі за турнікетам. Да таго ж іх адразу папярэдзілі, каб адышлі далей ад будынка — «інакш будуць праблемы». Пазьней Алена даведалася, што ў суседнім двары міліцыянты затрымалі двух журналістаў.

Першую мінімальную інфармацыю пра пачатак працэсу Алена атрымала ад адвакатаў у перапынку на абед.

«Пасьпелі сказаць, што настрой ва ўсіх падабаронных нармальны, баявы. З адвакатаў узятыя падпіскі аб неразгалошваньні матэрыялаў справы, таму пэўнага нічога пра абвінавачаньне ня ведаю, але па ўскосных прыкметах магу меркаваць, што там няма рэальных фактаў, няма доказаў іхнай віны. Максім паведамляў, што віны не прызнае. Мяркую, гэтак і іншыя», — сказала сястра Максіма Вінярскага.

Судзьдзя Ірына Ланчава зрабіла працэс закрытым, спаслаўшыся на тое, што «матэрыялы справы ўтрымліваюць таямніцу, якую ахоўвае закон».

Алена называе «запалохваньнем і фальшыўкай» тое, што яе брату ды іншым фігурантам справы інкрымінавалі менавіта 293 артыкул Крымінальнага кодэксу пра масавыя беспарадкі, падпалы, пагромы і пашкоджаньне маёмасьці.

«Гэта зусім не пра іх, бо такога, як мы ўсе ведаем, не было. Але дыктатура ў нас рыгідная, яна ўвесь час рыхтуецца да мінулай вайны. Кінулі за краты дзясяткі актывістаў, а масавыя пратэсты адбыліся пазьней ды праходзілі мірна. Вось гэтай праўды яны і баяцца. Што пракурорам, судзьдзям будзе сорамна глядзець у вочы людзям. Што сваякам і дзецям давядзецца адказваць на пытаньне: чаму судзяць за пратэст, які ахапіў усю краіну. Баяцца сораму і адказнасьці», — мяркуе Алена Церашкова.

Сядзіць у камэры, дзе 18 вязьняў

Максім Вінярскібыў арыштаваны летась у студзені. Паводле Алены, Максім ведаў пра паляваньне на яго і таму ня жыў дома, хаваўся.

«Раней яго часта затрымлівалі прэвэнтыўна напярэдадні важных падзеяў, такіх, як выбары ці чэмпіянаты сьвету, таму быў асьцярожны», — мяркуе сястра актывіста.

Падлічана, што яшчэ да падзеяў жніўня мінулага году актывіст Максім Вінярскі «на адміністрацыйных сутках» адбыў у вязьніцах агулам больш за год, але ў сьледчым ізалятары цяпер аказаўся ўпершыню. Спачатку Максіма Вінярскага трымалі ў менскім СІЗА на Валадарскага, перад судом перавялі ў магілёўскае СІЗА.

«Ад яго даходзяць лісты, хоць ня ўпэўненая, што ён атрымлівае ўсё, што мы пішам. Сядзіць у камэры, дзе разам зь ім 18 вязьняў, прычым усе па крымінальных артыкулах, за палітыку — нікога. Але кажа, што людзі ўсе адэкватныя, канфліктаў няма. Пра ўмовы піша мінімум: што збольшага ўсё нармальна, але ён ніколі ня скардзіцца, нават калі ёсьць на што. Дакладна ведаю, што ў камэры цёпла, бо столькі чалавек дыхаюць, не замерзьнеш. Прадуктовыя перадачы яму перадаю, тут праблем няма. Вось і ўчора ў мяне прынялі перадачу. Бачыла, што іншыя сваякі таксама перадавалі», — расказала Алена Церашкова пра наведваньне СІЗА.

У справе больш за 30 тамоў

Паводле Алены Церашковай, працэс працягнецца сама меней да 28 траўня.

«Ведаю, што на гэты тэрмін расьпісаны расклад паседжаньняў. У справе больш за 30 тамоў, таму лічаць, што часу зойме шмат», — мяркуе Алена Церашкова. Жанчына сказала, што хоць працэс закрыты, яна зьбіраецца яшчэ ня раз прыяжджаць у Магілёў.

«Каб проста пабыць каля суду, каб адвакат мог сумленна сказаць брату, што цябе прыехалі падтрымаць. Гэтак зьбіраюцца рабіць і іншыя сваякі ды сябры падсудных».

Разам з Максімам Вінярскім судзяць сустаршыню БХД Паўла Севярынца, блогера Зьмітра Казлова, грамадзкую актывістку Ірыну Шчасную, актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча і Андрэя Войніча.

Каментары

Цяпер чытаюць

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек4

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек

Усе навіны →
Усе навіны

Ці хоча беларуская моладзь пераехаць і куды? Вынікі апытання12

КНДР выпрабавала электрамагнітную бомбу, якая здольная выклікаць блэкаўты2

У Літве раскрылі міжнародную групу, што планавала палітычныя забойствы. Сярод злачынцаў ёсць беларусы4

Юнак расказаў, як канспектаваў рускамоўныя лекцыі беларускай лацінкай. Гэта выклікала даміно ўспамінаў з БНТУ, БДТУ і БДУ3

Дэфіцыт расійскага бюджэту за першы квартал аказаўся большы, чым планавалася на год5

Трамп паабяцаў аднавіць масаваныя абстрэлы Ірана ў выпадку невыканання сапраўднага пагаднення1

«Каралева кетаміну» атрымала 15 гадоў турмы па справе аб смерці акцёра Мэцью Пэры

Ілля Протас дэбютаваў у НХЛ

«Згадайце гэты кавалак лёду!» Трамп сустрэўся з генеральным сакратаром НАТА і зноў загаварыў пра Грэнландыю1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек4

Амаль усе чаты і суполкі калоній і СІЗА Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пад пагрозай тысячы чалавек

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць