У Браславе басейн, адкрыты да 7 лістапада, спыніў працу ўжо праз некалькі дзён
Новы фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Драйв» у Браславе, які ўрачыста адкрылі напярэдадні 7 лістапада, спыніў працу басейна ўжо праз некалькі дзён, заўважыла выданне BG.Media.

11 лістапада адміністрацыя паведаміла пра часовае закрыццё басейна ў сувязі з «планавымі кантрольнымі мерапрыемствамі па наладцы сістэмы вентыляцыі». Дату аднаўлення працы пакуль не назвалі.

Комплекс пачаў прымаць наведнікаў 8 лістапада. На яго будаўніцтва выдаткавалі каля 10 мільёнаў рублёў. Траціна гэтай сумы паступіла з раённага бюджэту, астатнія сродкі — з абласнога.
У «Драйве» абсталявалі 25‑метровы басейн з трыма дарожкамі, асобную зону для маленькіх дзяцей, трэнажорную і фітнэс-залы, саўну і хамам. Комплекс разлічаны на адначасовае наведванне 70 чалавек.
Паводле папярэдніх разлікаў, штодня фізкультурна-аздараўленчы комплекс павінны былі наведваць больш за 600 жыхароў і гасцей Браслаўскага раёна. У басейне планавалі праводзіць да 12 сеансаў у дзень.
На ўрачыстым адкрыцці старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка назваў комплекс прыкладам клопату пра жыхароў невялікіх гарадоў і выказаў упэўненасць, што ён стане месцам прыцягнення людзей розных узростаў.
Падобная сітуацыя нядаўна адбылася і ў Пінску. Напярэдадні 3 ліпеня там урачыста адкрылі басейн сярэдняй школы № 14 пасля капітальнага рамонту. У паведамленнях пра адкрыццё расказвалі пра абноўленыя інжынерныя сеткі, вентыляцыю, распранальні і рамонт чашы басейна. Аднак пазней высветлілася, што летам наведваць яго нельга: журналісты мясцовага тэлебачання адказалі жыхарам, што басейн пачне працаваць толькі ў кастрычніку.
Каментары