Тэлевізары LG «гніюць» з краёў: працяглы тэст паказаў праблему OLED-экранаў
У некаторых OLED-тэлевізараў з часам пачынаюць адміраць пікселі па краях экрана. Што адбываецца з экранамі і наколькі распаўсюджаная праблема, піша нямецкае выданне CHIP.

У OLED-тэлевізараў даўно вядомая праблема выгарання экрана. Калі на ім працяглы час паказваецца нерухомая выява, напрыклад, лагатып тэлеканала, яе контуры могуць застацца бачнымі нават пасля змены карцінкі.
Аднак цяпер выявілася яшчэ адна праблема, якая не звязаная з працяглым паказам нерухомых выяў. У некаторых OLED-тэлевізарах паступова выходзяць са строю пікселі па краях экрана, прычым гэта адбываецца і пры звычайным выкарыстанні.
Дэфект атрымаў назву Edge Rot, што літаральна азначае «гніенне краёў». Спачатку ўздоўж рамкі з'яўляюцца асобныя няспраўныя пікселі, але з часам пашкоджаныя ўчасткі могуць павялічвацца.
З такой праблемай сутыкнуўся і супрацоўнік нямецкага тэхналагічнага выдання CHIP. У 2020 годзе ён купіў тэлевізар LG OLED CX, а прыкладна праз пяць гадоў заўважыў першыя няспраўныя пікселі ўздоўж верхняга краю. Гарантыя да таго часу ўжо скончылася.
На працягу наступных месяцаў пашкоджанні распаўсюджваліся далей і сталі добра заўважнымі. Пры гэтым, паводле ўладальніка, тэлевізар выкарыстоўваўся ў звычайных хатніх умовах.
Што паказалі 18 тысяч гадзін выпрабаванняў
Спецыялізаваны партал RTINGS правёў маштабны тэст даўгавечнасці тэлевізараў. У межах даследавання 16 мадэляў з OLED-панэлямі вытворчасці LG Display адпрацавалі ў лабараторыі па 18 тысяч гадзін. Гэта прыкладна адпавядае дзесяці гадам звычайнага хатняга выкарыстання.
Вынікі аказаліся нечаканымі: у 14 з 16 тэлевізараў выявілі пашкоджанні ўздоўж краёў экрана. У шасці выпадках яны былі сур'ёзнымі, яшчэ ў пяці — значнымі, а ў трох — нязначнымі.
Асабліва часта праблема ўзнікала ў старэйшых OLED-панэлях тыпу WBC, якія выкарыстоўваліся ў мадэлях 2020‑2022 гадоў. Сярод выпрабаваных былі не толькі тэлевізары LG, але і прылады Sony з экранамі той жа кампаніі.
Для параўнання даследчыкі праверылі тры тэлевізары з панэлямі QD-OLED вытворчасці Samsung Display. У іх падобных пашкоджанняў не выявілі.
Аднак гэта не азначае, што экраны Samsung цалкам абароненыя ад такой праблемы. Трох прылад недастаткова для канчатковых высноў. Ды і самі даследчыкі падкрэсліваюць: вынікі паскоранага лабараторнага тэсту не азначаюць, што такая ж няспраўнасць абавязкова з'явіцца ва ўсіх уладальнікаў адпаведных мадэляў.
Чаму экраны псуюцца
Дакладную прычыну дэфекту пакуль не вызначылі. Спецыялісты RTINGS мяркуюць, што праблема можа быць звязаная з асаблівасцямі вытворчасці OLED-панэляў.
Адна з магчымых прычын — недасканаласць ахоўнага пакрыцця, якое павінна ізаляваць святловыпрамяняльныя элементы ад вонкавага асяроддзя. Калі яго герметычнасць парушаецца, унутр можа пранікаць вільгаць, якая паступова пашкоджвае пікселі. Не выключаюць даследчыкі і забруджванняў, што трапляюць у панэль яшчэ падчас вытворчасці.
Кампанія LG прызнае існаванне такой з'явы, але сцвярджае, што яна можа ўзнікаць у вельмі невялікай колькасці тэлевізараў пры працяглым уздзеянні высокай тэмпературы, вільготнасці або іншых неспрыяльных умоў. Пры звычайным хатнім выкарыстанні падобных праблем, паводле вытворцы, быць не павінна.
Аднак гісторыі ўладальнікаў і назіранні RTINGS паказваюць, што пашкоджанні сустракаюцца і ў тэлевізарах, якія не падвяргаліся экстрэмальным умовам.
Што рабіць уладальнікам OLED-тэлевізараў
Найбольш непрыемная асаблівасць дэфекту ў тым, што вядомага спосабу прадухіліць яго няма. У адрозненне ад выгарання экрана, рызыку якога можна змяншаць правільнымі наладамі і разнастайным кантэнтам, краявое пашкоджанне пікселяў, відаць, залежыць пераважна ад канструкцыі і якасці вытворчасці панэлі.
Ёсць і добрыя навіны. Паводле галіновых спецыялістаў, на якіх спасылаецца RTINGS, у вытворчасці OLED-панэляў LG з 2024 года адбыліся істотныя змены, якія павінны зменшыць рызыку такіх няспраўнасцяў.
Але пацвердзіць гэта працяглымі выпрабаваннямі пакуль немагчыма: новыя мадэлі яшчэ не паспелі дастаткова састарэць. Таму даследчыкі працягваюць назіраць за сучаснымі OLED-тэлевізарамі.
Каментары