У Гродне заваблівалі на адкрыццё KFC бясплатнымі бутэлькамі для вады і чызбургерамі за 1 капейку. І людзі ламануліся па халяву
Перад уваходам у новы рэстаран хуткага харчавання амерыканскай сеткі прадказальна сабралася велізарная чарга.

Колькі б прапаганда ні распавядала пра Захад, які загнівае, беларусы стабільна бягуць на адкрыццё фастфуда амерыканскай франшызы і будуць фатаграфавацца з паралонавым палкоўнікам Сандэрсам. І нават разгар працоўнага дня не стане перашкодай.
KFC «Філармонія» з’явіўся на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў — гэта ўжо пяты рэстаран міжнароднай сеткі ў Гродне.

Паведамлялася, што гэта першы рэстаран у Беларусі, аформлены ў новым фірмовым стылі KFC, які быў прадстаўлены свету ў рамках глабальнага рэбрэндынгу сеткі сёлета ў чэрвені.
Дзверы для першых наведвальнікаў адкрылі ў пятніцу а 12‑й гадзіне. На відэа, якое апублікаваў блогер Алег Тарасенка, бачна: сярод тых, хто прыйшоў на ўрачыстае адкрыццё, было шмат школьнікаў — імаверна, шмат каму з іх прыйшлося збегчы з урокаў.

На пытанне блогера, навошта яны стаяць у чарзе, дзеці адказвалі, што прыйшлі па бясплатныя бутэлькі для вады — іх абяцалі раздаць першым 500 кліентам. Таксама ў дзень адкрыцця пры замове ад 5 рублёў можна было атрымаць двайны чызбургер за 1 капейку.

Каментары