Гісторыя

Шарамет, Сіўчык, Чыгір… Як склаліся лёсы палітзняволеных 1990-х

Цяпер у Беларусі налічваецца больш за 520 палітзняволеных. Згадалі іх папярэднікаў, якія знаходзіся за кратамі ў дзевяностыя.

Памерлі ці зніклі

Дзмітрый Завадскі (злева) і Павел Шарамет

Першым адышоў у іншы свет аператар Дзмітрый Завадскі. У 1997-м яго і журналіста Паўла Шарамета арыштавалі за сюжэт, зняты для расійскага тэлебачання:

маўляў, беларуска-літоўская мяжа ахоўваецца ненадзейна (здымачная група трапіла ў памежную зону), праз яе лёгка могуць прайсці парушальнікі.

Спатрэбіўся ўльтыматум расійскага прэзідэнта Ельцына, каб абодвух выпусцілі.

У 2000-м Завадскі адправіўся ў аэрапорт «Мінск-2» сустракаць Шарамета — і знік. Пазней у аэрапорце знайшлі толькі яго машыну.

Праз тры гады два былыя афіцэры МУС атрымалі 10 гадоў за выкраданне Завадскага, хоць і не прызналі сваю віну.

Сам Павел Шарамет пазней працаваў у Расіі, а пасля ва Украіне. Ён загінуў праз 16 гадоў:

аўто, у якім ехаў журналіст, узарвалі на вуліцы Кіева. Вінаватых дагэтуль не знайшлі.

Яшчэ пяцёра палітвязняў памерлі ўласнай смерцю.

У 2006-м сышоў у іншы свет Уладзімір Плешчанка. У канцы 1990-х ён сем месяцаў сядзеў у турме — яго абвінавачвалі ў крадзяжы бюста Суворава, што стаяў ля абласнога ваенкамата. На судзе абвінавачванне знялі.

Магіла Уладзіміра Плешчанкі. Фота: скрыншот відеа

Да зняволення Плешчанка працаваў інжынерам-канструктарам на віцебскім вытворчым аб’яднанні «Маналіт», пасля вызвалення узначальваў абласную раду Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.

Быў адным з тых, што вывешваў бел-чырвона-белыя сцягі ў самых розных месцах і пакідаў цыдулкі, што тое зрабіў няўлоўны Мірон.

У 1997-м арыштавалі двух вядомых чалавек. Васіля Старавойтава — двойчы Героя Сацпрацы, кіраўніка легендарнага калгаса «Рассвет», які застаўся прыбытковым нават пасля распаду СССР.

А таксама Васіля Лявонава — былога першага сакратара магілёўскага абкама партыі, тагачаснага міністра сельскай гаспадаркі. Іх абвінавачвалі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, а Лявонава яшчэ і ў забойстве старшыні Магілёўскага дзяржкантролю Яўгена Мікалуцкага. У выніку экс-міністра асудзілі за раскраданне дзяржаўнай маёмасці ў буйных памерах і атрыманне хабару ў суме, эквівалентнай $115, Старавойтава — за крадзеж маёмасці. Апошні

перажыў у турме два сардэчныя прыступы, мікраінсульт, амаль страціў зрок.

Падчас пахавання Васіля Лявонава. Фота Сяргея Гудзіліна

Пасля турмы абодва знаходзіліся ў апазіцыі, Лявонаў напісаў мемуары «Праца над памылкамі». Ён памёр у 2015-м, Старавойтаў — за два гады да яго.

У 2014-м памёр ад анкалогіі мастак-кераміст Рыгор Кійко. Ён быў вядомы як удзельнік суполкі «Пагоня» і актывіст БНФ (спачатку агульнага, потым — пазнякоўскага).

У 1997-м яго абвінавацілі ў хуліганстве падчас святкавання Дня Волі — сярод іншага, адбіваў бел-чырвона-белы сцяг у міліцыі — і прысудзілі два гады хіміі.

Пасля вызвалення Кійко выкладаў і ствараў карціны, а таксама працягваў займацца палітыкай — быў сярод абаронцаў Курапатаў.

У 2016-м памёр фізік, доктар навук Юрый Хадыка, які з'яўляўся адным з заснавальнікаў БНФ. За дваццаць гадоў да гэтага ён — разам з Вячаславам Сіўчыкам, пра якога гаворка далей — быў арыштаваны за ўдзел у «Чарнобыльскім шляху» і амаль месяц трымаў галадоўку ў знак пратэсту.

Апошнія месяцы жыў у свайго сына ў ЗША.

У грамадскім жыцці ці ў эміграцыі

Нязломны Вячаслаў Сіўчык — ці не адзіны палітвязень 1990-х, які застаўся ў палітыцы. Ён неаднаразова затрымліваўся цягам 2010-х, цяпер эміграваў ва Украіну.

Вячаслаў Сіўчык, фота Сяргея Гудзіліна

Яшчэ адзін колішні палітвязень нагадвае пра сябе зрэдчас. Гаворка пра экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра, які даўно знаходзіцца на пенсіі і займаецца ўласнай пасекай. У 1999-м яго арыштавалі падчас альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах.

Міхаіл Чыгір (злева). Фота: фэйсбук Ганны Канапацкай

Абвінавацілі ў тым, што на пасадзе прэм’ера ён даў адной з фірмаў адтэрміноўку па мытных плацяжах. На апошніх прэзідэнцкіх выбарах Чыгір узначальваў выбарчы штаб Ганны Канапацкай.

Андрэй Клімаў, фота Сяргея Гудзіліна

Доўгі час заставаўся ў палітыцы і Андрэй Клімаў. Колішні паспяховы прадпрымальнік, 30-гадовы Клімаў быў адным з тых, хто выступаў у парламенце за імпічмент. У 1998-м яго арыштавалі і абвінавацілі ў крадзяжы ў асабліва буйных памерах, прысудзілі шэсць гадоў пазбаўлення волі. Клімаў выйшаў раней, але трапляў за краты яшчэ двойчы, калі спрабаваў арганізаваць у Беларусі рэвалюцыю.

У чэрвені 2021-га экс-апазіцыянер заявіў у інтэрв’ю, што

шкадуе пра свой подпіс ў падтрымку імпічменту (бо з-за гэтага, маўляў быў знішчаны парламент). Таксама прадпрымальнік шкадаваў, што Лукашэнка прапанаваў яму сяброўства, ды ён адмовіўся.

Клімаў адмоўна ставіцца да санкцый і удзельнічае ў Круглым стале, які арганізаваў Юрый Васкрасенскі.

Славамір Адамовіч стаў скандальна вядомы, калі напісаў верш з заклікам да забойства кіраўніка дзяржавы. За гэта і быў арыштаваны. Ён з'язджаў у ЗША, эміграваў у Нарвегію, на нейкі час вярнуўся ў Беларусь і ўрэшце зноў з'ехаў у Нарвегію. Адамовіч зноў трапіў у цэнтр увагі два гады таму.

Праўда нагода была так сабе: ён

вынес з лецішча, што было па суседстве з ім, 30 розных прадметаў, у тым ліку мэблю, адзенне, посуд, інструменты і прылады. Кошт скрадзенага следства ацаніла ў 300 рублёў. Адамовіч папрасіў прабачэнне і патлумачыў свае дзеянні патрэбай «атрымаць псіхалагічную разрадку».

На судзе паэт атрымаў два гады «хатняй хіміі».

Уладзіміра Кудзінава арыштавалі ў 1997-м. За год да гэтага тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савета паставіў свой подпіс пад патрабаваннем абвесціць імпічмент Лукашэнку. На судзе Кудзінава абвінавацілі ў тым, што ён даваў хабар.

Пасля выхаду на волю ён з’ехаў у Крым, дзе заняўся бізнэсам: адкрыў у Еўпаторыі дзве птушкафабрыкі. Пазней стаў дырэктарам кампаніі «МясТоргКрым», якая пастаўляе мясныя субпрадукты з Расіі і Беларусі.

Кудзінаў захоўвае беларускае грамадзянства, каб пры змене сітуацыі вярнуцца дадому.

З’ехаў за мяжу і Аляксей Шыдлоўскі. У 1997-м яго і актывіста Вадзіма Лабковіча асудзілі за графіці: на будынку райвыканкама ў Стоўбцах яны напісалі «Жыве Беларусь!» і «Пазняк — наш прэзідэнт».

Шыдлоўскі атрымаў паўтара года пазбаўлення волі па абвінавачванні ў злосным хуліганстве.

У сярэдзіне нулявых на яго — пасля сваркі з прадаўцом з-за партрэта Аляксандра Лукашэнкі — завялі яшчэ адну крымінальную справу.

Шыдлоўскі з’ехаў у Чэхію. Прадаваў сувеніры, быў загадчыкам крамы. Цяпер працуе начным менеджарам у пражскім гатэлі.

Сын Аляксея займаецца хакеем. Фота: facebook.com

Лабковіч атрымаў паўтара года зняволення з адтэрміноўкай на два гады. Ён адышоў ад палітыкі. Працуе ў Беларусі індывідуальным прадпрымальнікам, мае дзве невялікія крамы па продажы кандытарскіх вырабаў

За мяжой зараз жыве і Вадзім Кабанчук, якога ў 1997-м абвінавацілі ў парушэнні грамадскага парадку і супраціўленні міліцыянеру падчас апазіцыйнай акцыі.

Яго тэрмін быў з адтэрміноўкай прысуду, таму Кабанчука вызвалілі ў зале суда. Ён разам з іншымі шукаў зніклых палітыкаў, а потым з’ехаў за мяжу. Наогул

актывіст эміграваў двойчы. Першы раз — у Бельгію ў пачатку нулявых. Пасля вярнуўся ў Беларусь працаваў у камандзе Віталя Рымашэўскага. Другі раз з’ехаў ва Украіну, дзе як добраахвотнік змагаўся на Данбасе ў складзе украінскіх фарміраванняў.

Цяпер жыве ў гэтай краіне.

Доктар медыцынскіх навук Юрый Бандажэўскі узначальваў Гомельскі медыцынскі інстытут, вывучаў уздзеянне на арганізм чалавека малых доз радыяцыі. У 1999-м яго арыштавалі, абвінавачваючы ў хабарніцтве.

Атрымаў восем гадоў, быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова ў 2005-м.

Пакуль ён быў у турме, 15 французскіх гарадоў ушанавалі яго званнем ганаровага грамадзяніна. У нейкі момант напісаў прашэнне аб памілаванні, але адмовіўся прызнаць сваю віну.

На наступны год пасля вызвалення Бандажэўскі з’ехаў за мяжу. Ужо шмат гадоў жыве і працуе ва Украіне.

Адзіны пра каго няма пэўных звестак — геадэзіст Уладзімір Лыско. Ён быў асуджаны ў 1997-м да двух гадоў «хіміі» за ўдзел у акцыі на Дзень Волі. Праз год трапіў пад амністыю. Чым ён займаецца апошнім часам, невядома.

Каментары

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч25

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч

Усе навіны →
Усе навіны

Гайдукевіч заклікаў не дапускаць да выбараў «здраднікаў» і «пятую калону»6

«Чорны» археолаг заявіў, што гэта ён знайшоў скарб вялікіх князёў у Кафедральным саборы — скандал у Вільні5

Меркаваны біёграф Ілана Маска лічыць, што мільярдэр уяўляе небяспеку для ўсяго свету8

МЗС Польшчы збіраецца ўзмацніць правілы выдачы віз

Трамп апублікаваў карту з Канадай, далучанай да ЗША23

У Энгельсе Саратаўскай вобласці пасля атакі беспілотнікаў адбыўся моцны пажар

Беларусь нарасціла вайсковую прысутнасць на ўкраінскай мяжы

Былы адказны за ахову ўсіх пасольстваў на тэрыторыі Беларусі атрымаў крымінальны тэрмін — але з нюансам4

Прэм'ер Даніі адказала наконт прапановы Трампа пра Грэнландыю2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч25

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч

Галоўнае
Усе навіны →