«Прайграюць усе, і санкцыі гэта не спыніць». Эксперты выказаліся пра пагром грамадзянскай супольнасці
Сёння ад раніцы сілавыя органы прыйшлі ва няўрадавыя арганізацыі па ўсёй краіне — ад праваабарончага цэнтра « Вясна» да рэгіянальных ініцыятыў, якія займаліся адукацыйнымі праграмамі. Пакуль яшчэ вынікі дня не падсумаваныя: кагосьці з затрыманых забіраюць на допыты, хтосьці пакуль на свабодзе, забралі толькі тэхніку. Але зразумела адно — такога пагрома трэцяга сектара ў Беларусі яшчэ не было. Да чаго прывядзе аблава, «Наша Ніва» распытала ў экспертаў.
«Улада хоча дэманстраваць Захаду, што яго санкцыі не толькі не працуюць, але і маюць адваротны эфект. Нешта кшталту, калі вы ідзеце на штурм, мы растрэльваем па 10 закладнікаў, — кажа палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. — Гэта падвышэнне кошта ціску на афіцыйны Мінск. Прыблізна па гэтай жа логіцы створаны міграцыйны крызіс Літве.
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2021_07/dc0d580d98ea1ceeff193-pwol0.jpg.webp)
Увогуле даволі даўно стала зразумела, што ўлады будуць вынішчаць усю жывую грамадзянскую супольнасць, бо бачаць у ёй інструмент знешніх ворагаў па зрынанні рэжыму.
Каму ад гэтага кепска? Кепска людзям, якія карысталіся паслугамі праваабаронцаў, гуманітарнымі і культурнымі праграмамі астатніх НДА.
Калі у праваабаронцаў менш магчымасцяў працаваць у краіне, будзе менш маныторынга судовых працэсаў, менш прававой дапамогі. Менш грамадзянскай супольнасці — менш зваротнай сувязі з грамадствам, значыць, праблемы не вырашаюцца, а толькі акумулюцца».
У ацэнцы наступстваў з ім салідарна дырэктар BEROC, эканаміст Кацярына Барнукова. Сёння з ператрусам прыйшлі і да іх.
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2021_07/e8a5801420a7bec675089-2f6sz.jpg.webp)
«У гэтую зачыстку трапілі не толькі тыя арганізацыі, якія хаця б тэарэтычна дзяржава магла б разглядаць як пагрозу. BEROC, напрыклад, праводзіў унікальныя эканамічныя канферэнцыі, быў суарганізатарам «Кастрычніцкага эканамічнага форума» (удзел у ім прымалі не толькі незалежныя эксперты, але і прадстаўнікі ўраду — заўв. НН), прывозіў эканамістаў сусветнай велічыні, нашы аспіранты працуюць як у прыватным, так і ў дзяржаўным сектары. Многія арганізацыі з сённяшняга спіса актыўна супрацоўнічалі з дзяржавай. Думаю, усе яны працавалі на карысць Беларусі, і ад пагрому прайграюць усе: і грамадзяне Беларусі, якія застануцца без праваабаронцаў, без адукацыйных магчымасцяў і гэтак далей, і дзяржава, якая губляе апошнія ніці зваротнай сувязі. Калі зачышчалі незалежныя СМІ, можна было падумаць, што гэта выгадна Расіі, але сёння і гэтага не скажаш: ні ў СМІ, ні ў грамадзянскай супольнасці Расія не прапаноўвае сваіх альтэрнатыў. Таму тлумачэнне застаецца адно — гэтая тыя самыя «контрсанкцыі». Але такі размах рэпрэсій палохае: ён выйшаў з-пад кантролю і спыніць яго цяжка», — лічыць Барнукова.
Валерый Кавалеўскі, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах, лічыць пагром ірацыянальным, бо гэта не дапаможа рэжыму адмяніць ці спыніць санкцыі:
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2021_07/2e3d2361e4c7fd544dd67-vsjza.jpg.webp)
«У падзеях дня я бачу два палітычных сігналы.
Улады паказваюць Захаду — у адказ на ваш ціск мы заб’ем самае дарагое для вас — грамадзянскую супольнасць, і адначасова дэманструюць Пуціну сваю лаяльнасць, маўляў, мы можа Крым і не будзем прызнаваць, але вось так, на практыцы, дакажам сваю вернасць, знішчым «еўрапейска» і тое, што вы таксама не любіце.
Канцавы бенефіцыяр гэтага пагрому — Расія.
Безумоўна, усё гэта аслабляе грамадства, для якога важная гарызантальная камунікацыя.
Але гэта аслабляе і ўлады, у якіх не застаецца надзеі на стабілізацыю адносін з Захадам, не кажу ўжо пра паляпшэнне.
Такія дзеянні ў вачах Еўропы даплюсоўваюцца ў скарбонку аргументаў на карысць узмацнення і нарошчвання санкцый. Думаю, будзе прааналізавана, як іх зрабіць больш эфектыўнымі, разумнейшымі, улічваючы ролю расійскага ўплыва на падзеі».
Каментары