Грамадства

«Агент Жанна». Валанцёрка расказала, як пагадзілася супрацоўнічаць з сілавікамі, каб выйсці на свабоду

Яўгенію Бабаеву затрымалі 14 ліпеня. Пакуль была за кратамі, атрымала прапанову супрацоўніцтва з сілавікамі. Яўгенія падпісала ўсе паперы, пасля чаго з’ехала з Беларусі. Цяпер яна шчыра расказвае пра затрыманне, умовы на Акрэсціна і сваё пагадненне з аператыўнікамі ДФР.

Яўгенія з мужам Вячаславам

Як трапіла ў Беларусь і ў валанцёры

«Мы з мужам расіяне, жылі ў Маскве. Муж айцішнік, у 2015 годзе яму прапанавалі працу ў Беларусі. Я раней была ў Мінску, мне вельмі падабаўся горад і краіна. Уражанні былі толькі станоўчыя. Таму мы пераехалі. Улетку 2020 года я была ў працэсе змены працы. Хацела пайсці ў школу — я прафесійна займалася спортам, лёгкай атлетыкай, думала, што магу штосьці даць дзецям. Але на жаль, тая школа на выбарах не вывесіла праўдзівы пратакол, на ўчастку было шмат парушэнняў. Я зразумела, што там працаваць не змагу. 

 Мяне ці мужа не затрымлівалі ні разу. Я разумела, што калі мяне затрымаюць, то проста дэпартуюць, таму трэба быць вельмі асцярожнай. Але ў канцы жніўня зніклі мае сябры. Я ўпершыню з такім сутыкнулася, доўга іх шукала, выпадкова трапіла на нейкага нармальнага чалавека на Акрэсціна, які адказаў пра іх лёс. У выніку я зразумела, які гэта жах — вось так шукаць блізкіх. Гэта ж проста катаванне! Вырашыла, што хачу дапамагаць тым, хто шукае сваіх. Так і трапіла ў валанцёры: хадзіла па судах, калі магла пасля паведамляла сваякам людзей, што з іх блізкімі. Займалася гэтым амаль год». 

Пра затрыманне і «размовы»

«Мяне сустрэлі ў пад’ездзе каля кватэры 14 ліпеня. Чацвёра ў цывільным: «Вітаем, у нас пастанова на ператрус!» Паказалі дакументы, пастанову, сказалі, што з ДФР. Я хацела пазваніць адвакату, але адзін з іх вырваў тэлефон са словамі: «Не трэба нікому званіць». Цяпер я разумею, што трэба было ціснуць і патрбаваць адваката, але я была на стрэсе, і ў галаве круцілася адна думка: «Гэта нейкая памылка!» 

Муж спаў дома. Яны ўвайшлі і фактычна мужа разбудзілі: «Добрай раніцы, у вас ператрус!» Не пагражалі, але часам ціснулі. Ужывалі фразачкі тыпу: Вы што, адмаўляецеся супрацоўнічаць? Мне так і запісваць? Фізічнага гвалту не было. 

Ператрус правялі далікатна. Вялі свецкія размовы: колькі каштуе кватэру здымаць, у якія гульні муж гуляецца на «Плэйстэйшн». Я пыталася пра свой статус, мне казалі: нічога не ведаем, нам проста сказалі да вас прыйсці.

Забралі маю тэхніку: камп’ютар, мабільны, а таксама блакноты. Незразумела, навошта забралі дакументы на кацячы гатэль, куды мы адпраўлялі коцікаў, калі нядаўня з’язджалі. 

Яны не ведалі, што мы з мужам расіяне. Вельмі здзівілся гэтаму. Спачатку думалі, ці забіраць камп’ютар мужа, калі ўбачылі яго расійскі пашпарт, вырашылі яго тэхніку не чапаць. Пасля сказалі мне адзець зручную вопратку, паесці: «Бо гэта ўсё надоўга». Ну, думаю, пагаворым і выпусцяць.Муж спытаў, куды мяне павязуць, яму адказалі: у Следчы камітэт, на вуліцу Фрунзе. Але гэта была хлусня, бо мяне адвезлі ў будынак ДФР. Там адбылася дзіўная размова з двума супрацоўнікамі.

Я сказала, што патрэбен адвакат, адказ быў: дык проста пагаворым, гэта не допыт.

Спачатку гаварылі ні пра што, паціху яны пачалі пытацца пра валанцёрства: ці бачыла я грошы? Я тлумачыла, што гэта бясплатна. Гэтая размова нідзе і ніяк не фіксавалася. І пасля на падставе гэтай размовы мяне вырашылі затрымаць.

Дарэчы, падчас «размовы» я чула, як ім званіў мой муж — пазнала яго голас. Яму адказвалі штосьці няўцямнае, пасля проста кідалі слухаўку. Пасля ўсё ж адзін супрацоўнік адказаў яму, што я ў іх.

Мяне вывелі, забралі завушніцы, заручальны пярсцёнак. Я даведалася, што я ўжо падазраваная. Склалі паперы і мяне павезлі ў Следчы камітэт. Завялі ў кабінет, дзе чакаў следчы. Спачатку пачаў ціснуць. Я патрабавала свайго адваката, ён казаў: толькі дзяжурнага. У выніку, усё ж мой адвакат прыехаў, мы пагаварылі з ім, я вырашыла даваць паказанні, бо хаваць мне няма чаго. І пасля допыту мяне павезлі на Акрэсціна. Толькі тады я зразумела — усё, затрымліваюць. Хацелася заплакаць, але я трымалася. Адзін з аператыўнікаў ДФР нават купіў мне снікерс і даў ваду». 

Умовы на Акрэсціна

«На Акрэсціна правялі дагляд. Паставілі мяне ў «стакан», гэта быў жах. Памяшканне паўметра на паўметра, цалкам закрытыя дзверы і бетонныя сцены. І ў гэты момант ты адчуваеш сябе бездапаможным і задаешся пытаннем: чаму такія ўмовы? Гэта бесчалавечна і гэта недапушчальна.

Праз паўгадзіны мяне і жанчыну з суседняга «стакана» адвялі ў камеру. Камера вялікая на 6 чалавек, нас аказалася там пяцёра. Смярдзела прыбіральняй, але ў камеры былі матрасы, коўдры, падушкі, былі кнігі, газеты.

Але толькі я лягла на матрас, мяне вывелі і адправілі ў іншую камеру. Там не было ўжо матрасаў, не было нічога. Я паспела з першай камеры ўзяць газеты — выкарыстоўвала іх замест падушкі. Новая камера была на 4 месцы, але большасць часу мы былі там удваіх. Часам яшчэ кагосьці прыводзілі, пасля забіралі. Але перанаселенасці не было. Уначы гарэла святло. 

Туалетную паперу і мыла давалі. У адной жанчыны пачаліся месячныя, ёй было сорамна, і мы прасілі за яе: дайце пракладкі! Адказ быў, што пракладкі нельга і жанчыне далі звычайную вату (па нормах жанчынам абавязаныя даваць гігіенічныя пракладкі з разлікам 2 штукі на адзін дзень — НН). 

Мы цікавіліся, чаму няма матрасаў. Нам казалі: такі ў вас рэжым, што не паложана (гэта таксама з’яўляецца грубым парушэнне закона і ўнутраных правілаў ІЧУ — НН). 

Мяне забралі ў сераду, на наступны дзень муж перадаў мне перадачу, якую ў яго ўзялі, але мне ніхто не аддаў. Я даведалася ад адваката, што мусіць быць перадача, спытала ў супрацоўніка Акрэсціна: дзе яна? Адказ быў: «Няма настрою яе аддаваць і невядома, калі настрой з’явіцца». Я спытала: што зрабіць, каб настрой быў? Адказ: а нічога.

Перадачу я забрала толькі на выхадзе — прычым, туды муж паклаў медыкаменты, іх узялі, але ў выніку яны некуды зніклі».

«Агент Жанна» 

«У пятніцу да мяне прыйшлі супрацоўнікі ДФР, прадставіліся, адвялі ў такі пакойчык: там стаіць маленькая клетка, у ёй табурэт. Мяне туды пасадзілі. Вакол трое з ДФР. 

Я кажу: давайце адваката. Мяне пачынаюць адгаворваць: маўляў, ай, адвакату ж патрэбныя толькі грошы, ён прыедзе і за кожны рух будзе патрабаваць грошы. 

— Не, патрабую адваката.

— Дык ён тады пачне па законе, па КПК…

— А мы што, не па законе зараз вамі? 

— Ну разумееце, тут у нас іншая сітуацыя..

І я разумею, што ім патрэбная нейкая інфармацыя. У мяне нічога для іх не было, але я пайшла ва-банк і сама кажу ім: «Так, рабяты, я ведаю, што трэба вам, вы ведаеце, што трэба мне».

Яны кажуць: хочаце заўтра выйсці на волю ў статусе сведкі? Кажу: хачу.

— Нам патрэбная інфармацыя, зараз пагаворым, заўтра адпусцім.

Я ўпёрлася — а якія гарантыі? Адзін з іх кажа: Магу даць слова афіцэра! Нас трое, тры словы афіцэра!

Гляджу на яго і думаю — сур’ёзна? Адказваю: «Не, так не пойдзе, давайце падпісваць паперы».

Я думаю, што яны гэтага самі і хацелі, проста я першая прапанавала. Бо першую — для ДФР — паперу аб супрацоўніцтве я пісала сама ад рукі, сваімі словамі. А другая — для ГУБАЗа — была раздрукаваная загадзя.

Псеўданім я выбрала «Жанна», бо мяне так хацеў назваць бацька. Падпісала ўсё. Адзін з іх напісаў свой нумар мне, сказаў: выйдзеце заўтра і з нейкай бяспечнай прылады мне напішыце. Пра гэтую размову ведаць нельга нікому, ані мужу, ані адвакату. Тады я ўжо зразумела, што выпусцяць.

Але раніцай я вельмі хвалявалася — а калі не адпусцяць? Аднак мяне ўсё ж выпусцілі, калі скончыліся роўна 72 гадзіны. Мяне сустрэў нейкі супрацоўнік, сказаў: «Вырашылі, што вы не прадстаўляеце небяспекі», аддаў мае пашпарты. Я забрала перадачу, але рэчы, якія ў мяне забралі ў ДФР, прапалі, заручальны пярсцёнак у тым ліку. 

Мяне сустрэў муж і сябры, адвакат. Мы з мужам пагаварылі, паехалі дадому, хутка сабралі рэчы ў машыну і паехалі з Беларусі. 

Пасля ўсіх падзей стаўленне да краіны ў мяне не змянілася. Ёсць людзі, а ёсць супрацоўнікі рэпрэсіўных ворганаў. Людзі мяне падтрымлівалі, я ім удзячная. І маё стаўленне да іх не змянілася. Не змянілася і стаўленне да сілавікоў — як было не вельмі станоўчае, так і засталося. Цяпер я ў бяспецы і не ў Беларусі».

Каментары

Таццяна Зарэцкая больш не эстонская стартаперка. Цяпер яна спрабуе стаць пасярэдніцай інвестараў у Саудаўскай Аравіі13

Таццяна Зарэцкая больш не эстонская стартаперка. Цяпер яна спрабуе стаць пасярэдніцай інвестараў у Саудаўскай Аравіі

Усе навіны →
Усе навіны

«Вусы, лапы, пашпарт Новай Беларусі — вось мае дакументы». Найлепшыя твіты тыдня3

Урад вызначыўся, якой мае быць формула «справядлівага цэнаўтварэння»6

Ад хваробы Альцгеймера можа абараніць ксенон3

Для МНС стварылі новую машыну ФОТЫ5

Працадаўцы больш не хочуць выпускнікоў з эканамічнай адукацыяй2

Шрайбман: Адлігі не будзе, Лукашэнка — галоўны неперагортвальнік старонкі ў беларускім грамадстве13

Назвалі раёны Беларусі, неспрыяльныя для сельскай гаспадаркі. Іх 65 са 11811

Амерыканскі стартап плануе да 2028 года адрадзіць мамантаў2

Дональд Трамп запусціў уласную крыптавалюту8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Таццяна Зарэцкая больш не эстонская стартаперка. Цяпер яна спрабуе стаць пасярэдніцай інвестараў у Саудаўскай Аравіі13

Таццяна Зарэцкая больш не эстонская стартаперка. Цяпер яна спрабуе стаць пасярэдніцай інвестараў у Саудаўскай Аравіі

Галоўнае
Усе навіны →