Грамадства22

Сын заснавальніка БелаПАН стварыў з сябрамі стэндап-клуб. Пагутарылі з Янам Ліпаем пра яго жыццё і бацьку

У верасні 2024 года ў Варшаве адкрыўся беларускі стэндап-клуб Stand up lokal. Гэта справа рук трох комікаў — Ідрака Мірзалізадэ, Лёшы Суворава і Яна Ліпая. Фінансава справу падтрымаў Слава Камісаранка. А адзін са стваральнікаў стэндап-клуба — сын заснавальніка БелаПАН.

Ян Ліпай. Фота: Наша Ніва

Ян Ліпай у клубе адказны за арганізацыю мерапрыемстваў, што забірае шмат часу і абмяжоўвае магчымасць часцей выступаць самому, але комік ні пра што не шкадуе. Ён сын вядомага беларускага журналіста і паэта, заснавальніка першага незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая, які заўчасна пайшоў з жыцця ў 2018 годзе.

Пагутарылі з Янам пра галоўныя ўрокі ад бацькі, журфак, з якім не склалася, любімую тэму для жартаў і планы стэндап-клуба.

«Наша Ніва»: Ваш стэндап-клуб адкрыўся ў верасні. Якія падсумаванні дзейнасці ўжо можна зрабіць — чым сапраўды ганарыцеся, а дзе, можа, адчуваецца крыху правал?

Ян Ліпай: Мне здаецца, што ўсё ідзе як і павінна. Шчыра кажучы, ганаруся ўсім, што звязана з гэтым клубам. Кожным комікам і гледачом. Мне вельмі падабаецца, як усё адбываецца, і мы з нашай камандай атрымліваем сапраўдную асалоду ад гэтага. Вось шчыра: правалаў не было і нават правальчыкаў таксама!

Былі моманты, якімі мы не вельмі задаволеныя (зрабіць вентыляцыю аказалася занадта дорага, працэс атрымання ліцэнзіі на продаж алкаголю вельмі доўгі), але агулам усё крута.

«НН»: Якія івэнты і фарматы самыя запатрабаваныя ў гледачоў на гэты момант?

ЯЛ: Людзі ў Варшаве вельмі любяць стэндап на беларускай мове. Стараемся рэгулярна рабіць яго, каб ва ўсіх была магчымасць прыйсці паслухаць жарты на роднай мове. Гэта азначае, што на беларускую мову ёсць запыт у публікі, і гэта супер!

«НН»: Ты неяк казаў, што вы разлічваеце адбіць укладзеныя грошы недзе за два гады. Як па адчуваннях зараз?

ЯЛ: Ну, можа за тры гады ўсё ж. Пакуль складана штосьці дакладна казаць наконт гэтага, таму што мы робім кантэнт яшчэ ў ютубе і спадзяемся, што лепшае наперадзе.

«НН»: У вашых планах было ў тым ліку паступова падцягваць польскіх комікаў, адпаведна, і польскую аўдыторыю — як з гэтым справы? Ці адрозніваецца гумар палякаў і іх тэмы жартаў ад таго, што транслююць беларусы?

ЯЛ: Пакуль мы не робім польскія стэндапы, але кожны тыдзень у нас праходзяць шоу на англійскай мове. Спадзяюся, што хутка і палякаў запросім да нас.

Але я хадзіў на польскі стэндап і магу сказаць, што ў іх жартах менш палітыкі і гумару пра апошнія навіны, часцей — спакойныя жарты пра смешныя сітуацыі з жыцця.

«НН»: Сам думаў пра тое, каб аднойчы выступаць на польскай?

ЯЛ: Буду я выступаць на польскай ці не, залежыць ад таго, як доўга мы ўсе тут будзем. Але мне падабаецца польская мова, я вывучаў яе паўтара года і хацеў бы гэта выкарыстаць аднойчы ў творчасці.

«НН»: Колькі сёння агулам комікаў-беларусаў «належыць» да вашай пляцоўкі? Тое, што робіць Дзіма Нарышкін у Варшаве, Panstandup, вы больш асобна ці разам?

ЯЛ: Менавіта беларусаў каля 15 чалавек выступае ў Stand up lokal. Дзіма Нарышкін часта робіць розныя шоу ў нас, і ўсе комікі з «Панстэндапа» таксама. Дарэчы, я таксама быў комікам «Панстэндапа» раней, так што мы ўсе сябруем і разам выступаем.

«НН»: Некалькі гадоў таму ты абмовіўся, што твая мара — зарабляць на жыццё стэндапам. Ці атрымліваецца жыць з вашай справы цяпер? Колькі комікаў падпрацоўваюць недзе яшчэ? І дзе яны ў асноўным занятыя?

ЯЛ: Будзе не вельмі карэктна казаць, што я зарабляю на жыццё стэндапам, таму што справы клуба — гэта часам вельмі далёка ад творчасці. Але цяпер я займаюся толькі гэтым — выступамі і сцэнарнай працай.

Асноўная частка комікаў зарабляе на жыццё не стэндапам. Мне здаецца, што большасць з іх у Варшаве — айцішнікі.

«Стараюся жартаваць пра ўсё. Але часцей атрымліваецца пра сэкс»

«НН»: У адным відэа на пытанне, як ты прыйшоў у гумар, ты адказаў «я такім нарадзіўся». А калі развіваць тэму, то калі ты адчуў, што жартаваць са сцэны, на публіку — гэта тваё?

ЯЛ: Пра «я такім нарадзіўся» я, канечне, жартаваў. Але мне заўсёды падабалася бачыць, чуць і трансляваць гумар.

Пачаў я займацца стэндапам у Мінску, і спачатку было вельмі цяжка для мяне. Першы год складана было знайсці канэкт паміж маім пачуццём гумару і пачуццём гумару гледачоў. Але гэта не спрынт, а марафон, таму дрэнныя выступы і самааналіз дапамаглі палепшыць свае навыкі — цяпер ужо трохі лепей атрымліваецца.

«НН»: Ты казаў, што імкнешся не жартаваць на тэму палітыкі — можаш распавесці, чаму так?

ЯЛ: Я яшчэ малады, мне 25 гадоў. І мне здаецца, што ніхто з гледачоў не ўспрымае мяне сур’ёзна, калі я абмяркоўваю з імі такія тэмы. Таму пакуль гэта не маё, але спадзяюся, што ў будучыні пра палітыку таксама буду жартаваць.

А так я стараюся жартаваць пра ўсё. Але часцей за ўсё атрымліваецца пра сэкс.

«НН»: Пры гэтым ты паступіў на журфак БДУ — гэта прыклад бацькі паўплываў?

ЯЛ: Так, я бачыў, які круты быў мой тата, таму хацелася таксама стаць журналістам. Тым больш, што я жыў за пяць хвілін ад журфака. Але штосьці мне не спадабалася хадзіць на пары. Мяне адтуль адлічылі за прагулы. Потым я паспрабаваў вучыцца на завочным — з гэтым атрымалася лепей.

Але на другім курсе я ўсё ж вырашыў забраць дакументы: не бачыў сэнсу вучыцца на таго, кім не збіраюся працаваць.

«НН»: Ці не адгаворваў цябе бацька ад паступлення на журфак у беларускіх рэаліях, асабліва датычна незалежных СМІ з рызыкай працы там?

ЯЛ: Тата не адгаворваў, таму што ва ўсіх была надзея, што ўсё зменіцца і не будзе такой сітуацыі, як цяпер. Я пра свой лёс у 18 гадоў дакладна не думаў, хацеў быць спартыўным журналістам.

«НН»: У свой час цябе прызнавалі найлепшым бамбардзірам журфака — ці прысутнічае футбол ці нейкі іншы спорт у тваім жыцці сёння?

ЯЛ: Футбола ўжо менш у маім жыцці, але часам мы гуляем з сябрамі. Нават удзельнічалі ў Кубку Івуліна — 2024 з камандай нашага клуба Stand up lokal. Занялі апошняе месца, але нам спадабалася.

Яшчэ часам гуляю ў сквош са сваімі сябрамі Ідракам і Лёшам Суворавым.

«Тата быў вельмі спакойным чалавекам»

«НН»: Для многіх Алесь Ліпай — вялікая фігура ў беларускай журналістыцы, паэт, а якім ён быў татам?

ЯЛ: Ён заўсёды быў вельмі спакойным чалавекам, мне гэта падабаецца ў людзях. З ім і маёй сястрой Алесяй мы вельмі шмат вандравалі па Беларусі, і гэта было сапраўды крута!

Пра гэта мала хто казаў, асабліва 10 гадоў таму, але Беларусь — вельмі прыгожая краіна, у якой рэальна ёсць шмат чаго паглядзець. Але вандравалі мы не толькі па Беларусі, па ўсім свеце таксама.

Я вельмі ўдзячны бацьку за час разам, за тое, як шмат я даведаўся ад яго.

«НН»: У вашым доме, відаць, пастаяннымі гасцямі была творчая інтэлігенцыя?

ЯЛ: Мы некалькі разоў, акурат, вандравалі з Уладзімірам Някляевым. Да нас прыходзілі ў госці Зміцер Вайцюшкевіч, Уладзімір Арлоў. Мне падабалася заўсёды чуць іх гутаркі на беларускай мове — адчуваў сябе як на іншай планеце падчас гэтага, таму што ў Мінску нулявых усё радзей можна было пачуць такое.

Але агулам я сябе адчуваў як звычайны сын. Мой тата — вельмі круты журналіст і пісьменнік, але для мяне, канечне, ён у першую чаргу — мой тата.

«НН»: Калі спадара Алеся на стала, казалі, што на яго заўчасную смерць паўплываў у тым ліку стрэс вакол падзей з БелаПАН — ператрус, крымінальная справа. Ці памятаеш ты яго ў той перыяд?

ЯЛ: Канечне, такія справы — гэта заўсёды вялікі стрэс, але на той момант мне так не падавалася. Як я ўжо казаў, мой тата быў вельмі спакойным чалавекам, таму я нават не думаў пра тое, што будзе далей. Быў упэўнены, што ўсё будзе добра.

«НН»: Частка тваёй сям’і цяпер жыве ў ЗША — як часта вы бачыцеся, ці складана табе даецца адлегласць паміж вамі?

ЯЛ: З сям’ёй мы бачымся не вельмі часта, толькі раз на год з маці. Адлегласць паміж блізкімі даецца вельмі складана, тым больш, што ў мяне з’явілася пляменніца, а я яе ніколі яшчэ ў жыцці не бачыў. Але мы ўсе марым, што аднойчы сустрэнемся ў Мінску за вячэрай, як часта было раней.

У Варшаве ж мы жывём разам з дзяўчынай і мопсам.

«Складана было ўявіць жыццё побач з тым, што адбывацца цяпер ва Украіне, яшчэ і з удзелам Беларусі»

«НН»: У 2020-м ты яшчэ выступаў у Мінску, як і многія комікі, з якімі вы сёння дзеліце сцэну ў Варшаве. Калі і чаму ты з’ехаў з Беларусі канчаткова?

ЯЛ: Я з’ехаў у пачатку падзей 2022 года, таму што складана было ўявіць сабе жыццё побач з тым, што адбывацца цяпер ва Украіне, яшчэ і з удзелам Беларусі.

Для мяне ў гэты момант стала зразумела, што далей будзе толькі горш. І чым раней адтуль з’еду, тым лепей будзе для мяне. Так і выйшла.

«НН»: Ці падтрымліваеш ты нейкія кантакты з комікамі, якія застаюцца ў Беларусі. Што яны расказваюць пра ўмовы існавання там?

ЯЛ: Не вельмі шмат, таму што складана падтрымліваць кантакты, калі вы так далёка адзін да аднаго, але часам бывае. Палітыку шмат не абмяркоўваем, таму што ўсе ўсё разумеюць, а стэндапам, канечне, цяжка там займацца, таму што на вельмі шмат тэм ты не можаш жартаваць, а таму і паўнавартасна займацца гумарам немагчыма. Але гэта мае думкі, можа, у іх іншае бачанне.

«У 2025 годзе я б хацеў зрабіць свой першы сольны канцэрт»

«НН»: Пакуль усё яшчэ пачатак новага года, ці ставіў ты планы на 2025 — і з клубам, з партнёрамі, і свае ўласныя мэты?

ЯЛ: У 2025 годзе я б хацеў зрабіць свой першы сольны канцэрт. Так што сачыце за сацсеткамі Stand up lokal! А яшчэ мы з камандай рoбім і будзем рабіць шмат кантэнту на ютубе, абавязкова падпісвайцеся!

«НН»: Як беларусам захоўваць пачуццё гумару ў сённяшняй сітуацыі і не апусціць рукі? Дзе чэрпаць пазітыў? Можа, у цябе ёсць правераны кантэнт, які можаш параіць?

ЯЛ: Мне здаецца, што ўсе ўжо звыкліся з тым, што ёсць сёння. Але калі ёсць тыя, хто не ведае, які стэндап паглядзець, тут я магу параіць. Шмат у ютубе можна паглядзець стэндапа ад Ідрака і Пашы Крыўца — вельмі крутыя комікі. Ну, і яшчэ, канечне, Слава Камісаранка (не ведаю, ці чулі вы штосьці пра яго, але паглядзіце, ён перспектыўны).

Каментары2

  • Ганьба
    19.01.2025
    Рэвалюцыя? Якая рэвалюцыя? У нас стэндап.
  • .
    19.01.2025
    Рэдакцыя, паглядзіце на падзагалоўкі, там адзіная каша з тэкстам.
    І зараз у форме "паведаміць пра памылку" нельга напісаць сваімі словамі, тых 4-х варыянтаў не хапае, напрыклад, як у гэтым выпадку.

Цяпер чытаюць

Арыштавалі былога памочніка Міхаіла Мясніковіча8

Арыштавалі былога памочніка Міхаіла Мясніковіча

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску курыца знесла яйка-«матрошку» ВІДЭА1

Бабарыка запосціў змагарскую гарэлку з «Пагоняй» і бел-чырвона-белай стужкай16

Іранскія катары хацелі ўзяць на абардаж амерыканскі танкер

На беларускай гімназіі ў Вільні напісалі «Рукі прэч ад Скарынаўкі». Кірыліца далася цяжка11

Усе найбуйнейшыя беларускія бізнэсы ў Літве скарацілі падатковыя адлічэнні ў бюджэт1

Мінулай ноччу адна з ракет, запушчаных Расіяй на Украіну, праляцела над Беларуссю4

Дарадца Ціханоўскай правёў дзве сустрэчы ў Белым доме9

У Генпракуратуры расказалі, якія скаргі іх цікавяць у тыктоку

«Ціск на Пуціна не працуе». Сенатар Грэм заклікаў Трампа ўзброіць Украіну «Тамагаўкамі»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштавалі былога памочніка Міхаіла Мясніковіча8

Арыштавалі былога памочніка Міхаіла Мясніковіча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць