Грамадства

«Пенсіянеркай ні кроплі сябе не адчуваю». Гісторыя гарадзенкі, якая ў 75 год вядзе ёгу і адпачывае на Шры-Ланцы

«Мяне знаёмыя як сустрэнуць, уздыхаюць: вось, таксама ў маладосці была худая і з даўгімі валасамі. Я гляджу і думаю: а хто табе цяпер замінае?» Нінэль Блахіной 75 год. Яна жыве ў Гродне, вядзе ёгу і можа дазволіць сабе адкрыты купальнік, бо выглядае шыкоўна. За сваё жыццё Нінэль была і балерынай, і дыктарам на тэлебачанні, і выхавацелькай у дзіцячым пакоі міліцыі. Жартуе, што яе праз гэта пазнаюць гарадскія крымінальнікі. «Наша Ніва» запісала яе пакручастую гісторыю.

«Мяне ледзь не выгналі з балетнай школы, бо я паправілася»

Бацькі Нінэль былі франтавікамі. Бацька — камандзір танкавага батальёну, маці — сувязістка і снайпер. Нінэль нарадзілася ў Івана-Франкоўскай вобласці Украіны, а ў пяць год разам з сям’ёй патрапіла ў Калінінград.

«Памятаю, як гуляла на развалінах. І ў гэтых пагорках знаходзіла прыгожыя аскепкі ад веймарскіх, валендорфскіх сервізаў, ручкі і ножкі ад фігурак балерын. Збірала маленькія кавалачкі нямецкага фарфору, прыносіла дадому і па вечарах любавалася.

Пасля вайны тата захварэў на сухоты ў адкрытай форме — тады гэта была нярэдкасць — і памёр. Мама, якую ён заразіў, год ляжала ў бальніцы. Гэты час я жыла ў цёткі ў Вільні, брат — у іншых людзей», — згадвае Нінэль.

Па вяртанні ў Калінінград мама аддала яе ў балетную школу — каб не бегала па зямлянках, дзе часам падрываліся дзеці.

«Па дарозе я плакала. Але калі ўвайшла ў балетную студыі і ўбачыла дзяўчат ля станка, для мяне адкрылася новае жыццё. Я настолькі заразілася гэтым! Калі ў школе былі нейкія хібы, мама пужала: «Не пойдзеш на балет», — я адразу сядала і выконвала ўсё, што трэба. 

На балет я прыйшла ў 8 год, а ў 12 мяне ледзь не выгналі, бо я паправілася. «У цябе задніца да пят вісіць, табе гарчыцай на рагу гандляваць», — адчыталі ў студыі. Я прыйшла дадому заплаканая, сказала, што не буду хадзіць. «Не, дзетачка, ты будзеш, — настаяла мама. — Мы зробім усё, што сказала выкладчыца».

«На месца дыктара тэлебачання было больш за 900 заявак»

Пасля была харэаграфічная вучэльня, гастролі з ансамблем чырвоназнамённага балтыйскага флоту. А потым — філфак універсітэта. Падчас вучобы Нінэль выйшла замуж за лётчыка і нарадзіла сына.

«Я недасядзела дэкрэт. У мяне ўнутры нейкі рухавік — пачынаю пакутаваць, калі не працую. І пайшла ў харэаграфічную студыю выкладчыцай. 

Тады быў аб’яўлены конкурс на дыктара тэлебачання. Я таксама падалася. Было больш за 900 заявак — і мяне ўзялі адну.

Прыдаўся вопыт у балетнай студыі, разняволенасць унутраная і знешняя, якую дала сцэна. У пасляваеннага дзіця, якога жорстка выхоўвалі, была высокая планка», — заўважае гераіня.

Яе на паўгода адпраўлялі на стажыроўку ў тэлецэнтр Астанкіна. Сярод выкладчыкаў Нінэль быў славуты дыктар Юрый Левітан.

«Канечне, у мяне былі прыхільнікі. Вечаровая тэлевізійная праграма заканчвалася аб 11-й (пасля была перадача для тых, хто не спіць — мы за кадрам называлі яе «для тых, каму няма з кім спаць»). Прыязджалі на машынах, сустракалі мяне.

У мужа тады не было аўтамабіля, яму як лётчыку ён непатрэбны быў. Але калі мужчыны пачыналі са мной гаварыць, разумелі, што я не пайду на блізкасць проста так. Да мяне з дзяцінства прыліпла мянушка «фіфа». Дый цяпер мужчыны глядзяць на мяне з вялікай цікаўнасцю і бояззю.

На кантакт я не ішла, бо не адчувала свайго чалавека. Не хацела апашляць свой свет. Таму, напэўна, у канцы мне Бог даў тое, што я заслужыла — прыгожую старасць. Бо калі б я разменьвалася, выглядала б непрыглядна».

«Калі кажуць, што кахання няма, няпраўда»

З першым мужам Нінэль рассталася. Не змагла дараваць яму здраду.

«Пасля адных гастроляў вярнулася крыху раней — і застала яго з іншай. Мяне прыбіла да падлогі, я ў шоку была. Чаго я баялася ў мужчынах, тое і здарылася. Я не разумела: як ён мог? І цяпер шмат шлюбаў праз гэта распадаецца — мне ў дырэкт пішуць жанчыны: муж кінуў мяне з дзіцем, дапамажыце, мне балюча».

З цяперашнім мужам яна разам 46 год. Ён вучыўся ў адным класе з братам Нінэль і часта бываў у іх дома.

«Брат мне казаў: цябе любіць Міша. Я парыравала: мяне ўся вобласць любіць. А ён аказаўся такім настойлівым! У мяне непрыемнасці нават былі на працы. Ён у сваёй форме курсанта вышэйшай ваенна-інжынернай вучэльні ездзіў са мной на мора. Адразу ж патэлефанавалі на тэлебачанне: як так, дыктар з курсантам гуляе? Дыктару многае забаранялася — гэта ж Савецкі саюз. 

А пасля я так закахалася! Не перадаць — такое адчуванне, што я знікла проста з зямлі і ўва мне было толькі гэта каханне. Калі кажуць, што кахання няма, няпраўда — ёсць яно, такое моцнае, што ўсю цябе захоплівае.

Яго бацькі кэдэбісты сказалі: «Колькі людзей будзеце смяшыць? Распісвайцеся». Мы ажаніліся і паехалі ў Германію. Мы так прыгожа жылі там…

У нас гэта тады лічылася купецтвам, прапаганда не ўхваляла. Але мне ўсё адно было — мой эстэтычны густ патрабаваў інакш. Мяне там узялі на радыёстанцыю «Волга» — яна вяшчала для савецкіх салдат у Чэхіі, Венгрыі, Польшчы, Германіі». 

У Беларусі сям’я апынулася, калі мужа перавялі ў Печы. Нінэль хацела ўладкавацца на тэлебачанне ў Мінску, але ж не ведала беларускай мовы. Дый сямейныя справы не адпускалі ездзіць штодзень у сталіцу — трэба было, каб дома быў парадак, рэчы ляжалі адпрасаваныя, стаяла смачная ежа.

«Я пайшла працаваць, не паверыце, у Дом малюткі. Розныя дзеці там былі. Аднаго хлопчыка ў маці забралі, бо яна з нараджэння яго гарэлкай паіла — каб не капрызіў і кампаніі не перашкаджаў. Я калі даведалася яго гісторыю, захацела прылашчыць і прывязалася больш, чым да астатніх. Навучыла яго танчыць «Калінку».

У 1980-х Нінэль з мужам пераехала ў Гродна. Цяпер гэта яе любімы горад.

«У мяне займаецца толькі эліта — астатнія сыходзяць»

Падарожжы — вялікае захапленне Нінэль. Яна аб’ездзіла 32 краіны. Дамінікана, Мальдзівы, Шры-Ланка, Тайланд, ААЭ…

«Усіх цікавіць: адкуль у пенсіянера грошы? — смяецца. — Ну я ж не пытаюся, адкуль у людзей па дзве машыны ў сям’і, катэджы.

Але калі хочаце, то раскажу. Мая бабуля мела бухгалтарскую кнігу і запісвала кожны дзень расходы. Я таксама так рабіла. І цяпер жыву стрымана.

Купляю толькі тыя прадукты, якія мне патрэбны на тры дні. У мяне просты сучасны рамонт, нічога лішняга. Толькі 82 фігуркі балерыны, якіх я калекцыяную.

Некаторыя казалі: а навошта так жыць, я вось кілбасы хачу добрай! А навошта — гэта ж смецце для арганізма. Я ганаруся, што не плачу, што ў мяне няма грошай на штосьці. І адкрыю сакрэт — брат-палкоўнік мне дапамагае».

Падчас аднаго з падарожжаў, у Туніс, Нінэль захапілася ёгай. Стала вывучаць яе, распрацавала аўтарскую методыку і выкладае ў адной з гродзенскіх студый.

«У мяне займаецца толькі эліта — астатнія сыходзяць. Жанчын адразу папярэджваю: калі вы хочаце за два тыдні прыбраць тое, што адкладалася на баках 40 год, ніколі гэтага не будзе. Гэта вельмі жорстка і нязвыкла для іх: бо людзі не хочуць чуць праўду, якую і самі ведаюць.

У мяне была кліентка новая — плакала пасля трэніроўкі. Але ж калі я навічкоў буду хваліць, яны супакояцца, не пяройдуць болевы парог і не дасягнуць вынікаў. 

На маёй трэніроўцы забаронена казаць «не магу», «не атрымоўваецца». Трэба вучыцца са сваім целам дамаўляцца».

А вось прывучыць мужа да актыўнага ладу жыцця ў гераіні так і не атрымалася.

«Вы не ведаеце, што такое вайсковец, — смяецца яна. — Я яго называю асістэнтам — ён усё робіць, каб падтрымаць мой рэжым. Год пяць таму, каб адно аднаго рознасцю стаўлення да жыцця не раздражняць, мы абралі свабодны шлюб — у яго свая кватэра, і ў мяне».

«Раней два разы на год лятала за мяжу, а цяпер пакутую без падарожжаў»

З зайздрасцю, прызнаецца Нінэль, яна часта сутыкаецца.

«Мяне знаёмыя як сустрэнуць, уздыхаюць: вось, таксама ў маладосці была худая і з даўгімі валасамі. Я гляджу і думаю: а хто табе цяпер замінае?

Пенсіянеркай я ні кроплі сябе не адчуваю. Мне шкада тых людзей, хто мысліць стэрэатыпамі і не ўяўляе, што жыццё можа быць такім».

На дыетах жанчына не сядзіць, але харчуецца правільна. У яе рацыёне шмат свежай гародніны і фруктаў, рыба, перапяліныя яйкі. У доглядзе за скурай дапамагае касметолаг і дарагі крэм.

Нінэль расказвае свой рэцэпт прыгожых валасоў: «Змешваю па сталовай лыжцы льнянога, аліўкавага, падсонечнага і касторавага алею, уціраю ў галаву і пакідаю на 40 хвілін у цяпле. Пасля змываю, падфарбоўваю. А ў канцы, калі высушыла валасы, на кончыкі пальцаў наношу каньяк і ўціраю ў карані. Гэта ўмацоўвае валасы, яны менш выпадаюць. І так раз на тыдзень.

Уплывае таксама тое, што я ёгай займаюся. Там ёсць асаны, калі галавы ўнізе, ногі ўверсе — ідзе моцны крываток да скуры галавы».

Апроч ёгі жанчына любіць плаванне. Апошні раз у Нёман яна акуналася на мінулыя выходныя.

«Купалася я і два мужчыны ў целе. Вельмі халодная вада была, я крыху праплыла, 20 метраў толькі. Выходзіш — і не перадаць адчуванні. Цела нібы дробнымі іголачкамі скалолі. І лёгкасць такая!»

Мара, усміхаецца Нінэль, у яе празаічная — заставацца ў добрай форме і працаваць так доўга, як атрымаецца.

«А яшчэ вельмі хачу пабачыць Ніягарскі вадаспад. Я раней два разы на год лятала за мяжу, а цяпер у пандэмію пабойваюся, берагу сябе. Але пакутую без падарожжаў. Таму мару, каб у свеце больш не было эпідэмій».

Каментары

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»2

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Усе навіны →
Усе навіны

Легенду Веткаўскага музея, вядомага краязнаўцу асудзілі ў Гомелі — вырак выносіў былы следчы2

Расія ўпершыню выкарыстала супраць Украіны балістычную ракету новага тыпу. Што гэта можа змяніць14

Пад Мінскам на дарогу выскачыла казуля — перакуліўся МАЗ ФОТАФАКТ

У сеціве з'явілася відэа, магчыма, першага ў гісторыі прымянення новых расійскіх балістычных міжкантынентальных ракет2

Жыхар Віцебска патэлефанаваў у банк і «падарваў асабістыя якасці Лукашэнкі». Яго адправілі ў калонію2

Вазняк падтрымаў Канапацкую і запэўніў, што яна будзе дабівацца вызвалення палітвязняў21

Вось што Меркель напісала пра Трампа ў сваіх мемуарах10

Урсула фон дэр Ляен аказала першую дапамогу пасажыру на борце самалёта3

Расія ўдарыла па Дняпры балістычнай ракетай новага тыпу7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»2

Памёр дзед Колі Лукашэнкі — былы вязень ГУЛАГа, асуджаны за дапамогу «бандэраўцам»

Галоўнае
Усе навіны →