17 ліпеня спаўняецца 50 гадоў намесніку старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, празаіку, галоўнаму рэдактару незалежнага часопіса «Дзеяслоў» Барысу Пятровiчу.
Напрыканцы ўжо даволі далёкага 1997 года адбылася сустрэча прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі з прэзідэнтам Беларусі. Праходзіла яна, як пасля паведамілі дзяржаўныя СМІ, «у духу ўзаемаразумення». Але дух гэты нібы ветрам вымела, калі Лукашэнка зазірнуў у падрыхтаваныя ягонымі ідэолагамі дакументы і загаварыў пра штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» — газету той самай творчай інтэлігенцыі:
«Я асабліва не ціснуў гэтыя гады. Але сёння хачу сказаць: дзяржава будзе падтрымліваць тыя сродкі масавай інфармацыі, якія будуць праводзіць дзяржаўную палітыку. Я не хачу прывязваць гэтую праблему да асобаў, але калі «ЛіМ» да гэтага часу не можа вызначыцца, што пісаць, як рэагаваць на сітуацыю ў нашай дзяржаве, заносіць яго некуды не ў той бок, дык няхай заносіць… Вы ўжо дамоўцеся там дзе‑небудзь з «Народнай воляй», ці яшчэ там якой газетай — і супрацоўнічайце. А мы будзем падтрымліваць тых, хто падтрымлівае дзяржаву».
Сённяшні «ЛіМ» дзяржава падтрымлівае, бо ён «вызначыўся, што пісаць, як рэагаваць на сітуацыю ў дзяржаве»: лізаць усё і ўсім, хто і што ні падставіць. А тады над газетай навісла пагроза закрыцця…
Што з таго, што ў той час друкавалася ў «ЛіМе», раззлавала Лукашэнку?.. Канешне ж, не літаратурная крытыка і не тэатральныя рэцэнзіі. На першай паласе кожнага нумара газеты з’яўляўся палітычны каментарый падзей тыдня пад назвай «Кола дзён». І каментарый гэты быў зусім не падобны на каментарыі ў астатніх дзяржаўных выданнях…
«Здымі ты «Кола дзён» — і здымеш усе праблемы, — раілі мне пасля сустрэчы ідэолагі прэзідэнцкай Адміністрацыі.
— Прэзідэнт лічыць, што ты круціш сваё кола праз сваю амбіцыйнасць. Дык што для цябе важней: газета ці амбіцыі?»
Для мяне, як для галоўнага рэдактара, важней была газета, і я вырашыў «Кола дзён» спыніць. І зрабіў бы гэта, калі б пісаў тыя палітычныя каментарыі не Барыс Пятровіч, мой тагачасны намеснік. Хто заўгодна іншы, але не ён. Бо каму заўгодна іншаму я б мог сказаць: «Усё! Адпісаўся!» — і не тлумачыць: чаму?.. А зазірнуўшы ў пранізліва‑самотныя, нібы за ўсіх на свеце вінаватыя (у тым ліку і за мяне), вочы Барыса, я ўбачыў, што ён яшчэ да нашай размовы, наперад усё разумее — і мне стала ніякавата і перад ім, і перад самім сабой. Было відавочна, што яму шкада мяне, але ён не збіраўся ні ў чым мне дапамагаць, глядзеў і чакаў, калі я выяўлю сваю слабасць, выдаючы яе за клопат пра газету. Раздражнёна падумаўшы: «Хрэн дачакаешся!..» — я не стаў нічога Барысу Пятровічу казаць, і ён пайшоў «круціць кола» далей.
Не толькі таму, канешне, адчуў я сябе перад ім ніякавата, што ён быў маім намеснікам і ў яго былі нібы за ўсіх на свеце вінаватыя вочы. Тады яшчэ не была ім напісана аповесць «Пуціна», не выйшлі ягоныя кнігі «Шчасце быць» і «Жыць не страшна», але ўжо 10 гадоў прамінула з часу першай публікацыі ў часопісе «Крыніца», выйшла першая кніга «Ловы» — і я ведаў, што маю справу не проста з журналістам і пісьменнікам, якіх дзесяткі і сотні, а з літаратарам. З літаратарам сапраўдным, непадробным, з талентам своеасаблівым, адметным, як і ягоны характар. З празаікам, манера пісьма якога відавочна паўплывала на стылістыку маладзейшага пакалення (Бахарэвіча, Гапеева ды іншых). З чалавекам, выявы таленту і характару якога часцяком зусім нечаканыя.
Даволі дакладна пра Барыса Пятровіча напісала Наталля Бабіна, якая сама — зусім някепская беларуская літаратарка.
«Сваімі манерамі і выглядам Барыс Пятровіч нагадвае персанаж рамана Грэма Грына, за якім гоніцца Скотланд Ярд: худы, разумны, стрыманы да закрытасці, заўсёды гатовы да ўсяго, заўсёды ведае, што ды навошта робіць… Мусіць, у наш час, калі аўтара і чытачоў з прэзэнтацыі кнігі могуць напрасткі даставіць у каталажку (згадайма выпадак з Паўлам Севярынцам), такі выгляд і мусіць быць характэрным для рэдактара незалежнага і мастацкага часопісу».
На журфаку Беларускага дзяржаўнага універсітэта Пятровіч вучыўся разам з Герменчуком, Дубаўцом, Навумчыкам… У гэтай выбітнай кампаніі звыклі лічыць яго якраз не схільным да нечаканак. Сціплым, спакойным, ураўнаважаным — і вонкава яно гэтак і выглядае. Але вось ён піша пра сябе: «Барыс Пятровіч (cапраўднае імя Барыс Сачанка) прыйшоў у гэты свет 17 ліпеня 1959 года. Памёр увечары 1 верасня 1970‑га, каб ранкам наступнага дня зноў нарадзіцца і жыць. У кастрычніку 2002 года сышоў з часопіса «Полымя», каб налета ў верасні заснаваць часопіс «Дзеяслоў».
І нехта будзе мне казаць, што гэта напісаў чалавек, не схільны да нечаканак? Да таго, без чаго не бывае сапраўднага мастацтва і сапраўднага лёсу?..
Ці вось гуляем мы ў Вільні ў карты, бо болей нам у колішняй сталіцы нашай старажытнай дзяржавы няма чаго рабіць… Мне ўсё адно, прайграю я, ці выйграю, бо гуляем так — ні на што. А яму не ўсё адно, ён гуляе на ўсё! І ажно бялее і губы кусае, калі я раблю ход лепшы за ягоны… А калі раптам прайграе, дык кідае карты ўроссып і гатовы мяне кончыць, знішчыць, забіць.
І будзе нехта мне казаць, што гуляў я ў карты з чалавек ураўнаважаным і спакойным? Не азартным?..
Не азартны чалавек не распачаў бы выданне часопіса. Без сродкаў, без памяшкання, без рэдакцыі — сам‑адзін. Гэта як ісці ў чыстым полі, дзе нават кустоў няма, а не тое што лесу, і вырашаць збудаваць драўляны дом. Ці хоць бы паставіць зруб. Нацягаць камянёў на падмурак, стаць на іх — і толькі тады раптам убачыць на даляглядзе лес: увесь у прагалах.
Сам ён вось што пра гэта кажа:
«Не думаў, што давядзецца так надоўга затрымацца на гэтым полі. Думаў: ну сапраўды, вось ёсць цудоўная ідэя, незалежны часопіс — чаму б нам не паспрабаваць зрабіць пару‑тройку нумароў, не засведчыць тое, што і мы нешта можам, што мы не скарыліся… Але, сказаўшы А, трэба казаць Б, В — і так да канца алфавіта. Карацей, гэтая справа нас зацягнула ў сябе, і мы вось так, не агледзеўшыся нават, і прайшлі гэтыя гады на адным дыханні».
Тут Барыс Пятровіч сапраўды сціплы: нам, мы, нас… Хоць цягнуў усё ад пачатку сам‑адзін.
Я мала ведаю людзей гэткіх цягавітых, як ён. Настолькі мала, што нікога больш, бадай, і не ведаю.Ёсць — і дай ім Бог здароўя — спраўныя, круцелістыя, увішныя, хуткія, але цягавітымі іх не назавеш. Ды яны і цягнуць — бо няма дурных — не надта хочуць.
Барыс Пятровіч стварыў часопіс «Дзеяслоў» якраз тады, калі ён быў неабходны, і заслуга часопіса і ягонага стваральніка перад нацыянальнай літаратурай яшчэ будзе належным чынам ацэнена. І ўсё ж найважкае і найістотнае, што ёсць у асобе з іменем Барыс Пятровіч, гэта творца, літаратар. Ва ўсякім разе для мяне, хоць амаль усё, што напісана мной у апошняе дзесяцігоддзе, друкавалася менавіта ў «Дзеяслове». Там жа, дзе друкавалася тое, што напісана ў апошнія гады ягоным галоўным рэдактарам. І напісана бліскуча, так, што чытаецца неадрыўна і вольна, як дыхаецца. Калі ласка, да прыкладу, пачатак ягонай аповесці «Пуціна», прачытаць якую раю ўсім, хто ўмее чытаць.
«На Шыкатане, на беразе Ціхага акіяна, на краі свету не думаецца пра прыгажосць і бясконцасць прасторы, якая называецца планетаю Зямля, не робіцца зразумелай твая нікчэмнасць (быў такі сахалінскі кампазітар з беларускім прозвішчам Нікчэмны, які напісаў знакамітую некалі песню са словамі «На востраве нармальная пагода…») ды дробнасць перад магутнымі сіламі прыроды і самою прыродаю ўвогуле, а прыходзіць момант, калі пачынае здавацца, што перад табою проста дэкарацыя акіяна ці шырокі экран кінатэатра і, калі пратканіненую паперу прабіць — за ёю будзе проста цемра, якая ёсць нішто, пачатак пачаткаў ці канец канцоў, альбо пачатак канца ці канец пачатку; якая знішчае ўвогуле ўяўленне пра час і прастору і ўсялякі пачатак адначасова робіцца канцом, а канец — пачаткам, і ўсё сціскаецца ў кропку і гэтая кропка — ты, адзінокі, забыты ўсімі, пакінуты…»
Мяркую, знакаміты беларускі празаік, аўтар рамана «Вялікі лес» Барыс Сачанка, родны дзядзька Барыса Пятровіча, які і ўвёў яго ў літаратуру, моцна ўзрадаваўся б, прачытаўшы гэтакую прозу.
А можа быць (бо пляменнік у дзядзькі выйграў), кінуўся б яго канчаць, знішчаць і забіваць, калі б не быў чалавекам спакойным і ўраўнаважаным. І яшчэ, як і ўсе мужыкі з іхняга роду, цягавітым: цягнуў да апошніх дзён выданне «Беларускай Савецкай энцыклапедыі» — і за пісьмовым сталом спынілася ягонае сэрца.
— Ты сапраўды ў сваім часе такі адзінокі, сапраўды пачуваешся такім самотным?.. — пытае Барыса Пятровіча адна з гераінь ягонай кнігі «Жыць не страшна», і ён, аўтар, які прыдумаў і гэтую кнігу, і гэтую гераіню, адказвае ёй, што так, ён бязмежна адзінотны, адзінокі нават сярод сяброў на сваім дні народзінаў.
Сёння Барыс Пятровіч якраз сярод сваіх сяброў на сваім дні народзінаў. У тым ліку, так бы мовіць, і сярод мяне. І хоць не маю я ніякай падставы не давяраць ягоным адчуванням, рэфлексіям, словам, тым не менш мушу сказаць тое, чаго не сказала яму ягоная гераіня: «Ты ўсё ж — пры ўсіх сваіх фантазіях — не выдумляй лішняга, Барыс…»
З юбілеем!
Цяпер чытаюць
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары