7 кастрычніка дэпутаты Еўрапарламента ўхвалілі рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі. За прагаласавалі 506 дэпутатаў, супраць — 29. Устрымаліся 139 чалавек.
Еўрапарламент нагадвае, што ЕС не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, асуджае рэпрэсіі, у тым ліку супраць СМІ і праваабаронцаў, заклікае да інклюзіўнага дыялогу.
Еўрапарламент называе вымушаную пасадку самалёта Ryanair актам дзяржаўнага тэрарызму, асуджае дамоўленасці паміж Лукашэнкам і Пуціным аб падрыхтоўцы дарожных карт па інтэграцыі.
Дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць Раду ЕС прыняць пяты пакет санкцый і пачаць распрацоўку наступнага пакета, а таксама ўзмацніць санкцыі, што ўжо дзейнічаюць, у прыватнасці, у дачыненні да калійнай і нафтавай сектараў, дзяржаўных і прыватных кампаній, якія падтрымліваюць і фінансуюць рэжым.
Таксама Еўрапарламент заклікае краіны-члены ЕС адклікаць сваіх паслоў з Мінску для кансультацый, заклікае міжнародныя арганізацыі, у тым ліку МВФ, абмежаваць супрацоўніцтва і выдачу сродкаў.
У дакуменце гаворыцца, што:
— Краіны ЕС не прызналі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі з-за масавых фальсіфікацый;
— Інцыдэнт з выкраданнем самалёта Ryanair называецца актам дзяржаўнага тэрарызму;
— Еўрапарламент звяртаецца да Еўрапейскай рады ўзгадніць у кастрычніку стратэгію больш рашучых санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
— Прапануецца ўвядзенне дадатковых санкцый на такія сектары, як сталь, драўніна і хімічная прамысловасць.
— Пашырэнне санкцый на ўсе астатнія дзяржаўныя банкі і ключавыя кампаніі, як «Беларуськалій» і «Белтэлекам».
— Асобна Еўрапарламент заклікае аб'явіць службовыя асобы КДБ Беларусі на тэрыторыі ЕС персонамі нон-грата.
— Ініцыятары рэзалюцыі прапануюць краінам ЕС адклікаць на кансультацыі сваіх паслоў з Мінска ў якасці палітычнага сігналу Мінску і прыпыніць акрэдытацыю беларускіх дыпламатаў у ЕС. Цалкам спыніць запрашэнне службовых асоб на міжнародныя двухбаковыя мерапрыемствы, у тым ліку і парламентарыяў.
— Калі Расія будзе працягваць сваю цяперашнюю палітыку ў дачыненні да Беларусі, заяўляецца пра гатоўнасць увядзення дапаўняльных мер стрымання ў дачыненні да Расіі.
— Рэзалюцыя падтрымлівае дзейнасць дэмакратычных сіл Беларусі Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
— Еўрапарламент прапануе выкарыстоўваць прынцып універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі для асуджэння Аляксандра Лукашэнкі і членаў яго рэжыму асабіста за здзейсненыя злачынствы супраць народа Беларусі і прапануе перадаць пытанне па Беларусі для разгляду ў Міжнародным крымінальным Судзе.
— Еўрапарламент заклікае ўсе прадпрыемствы ЕС у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі ўстрымацца ад любых новых інвестыцый у Беларусі.
Каментары