У Францыі амаль кожная пятая дзяўчына спрабавала негетэрасэксуальныя адносіны
Новае даследаванне сацыёлагаў паказала, што моладзь 18—29 гадоў адрозніваецца ў сэксуальным плане ад ранейшых пакаленняў.

Французскія сацыёлагі правялі апытанне 10 тысяч маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў. Гэта першы выпадак, калі даследаванне было звернута да гэтай узроставай катэгорыі. З некаторымі вывадамі знаёміць выданне Le Monde.
Каб атрымаць найбольш поўнае ўяўленне пра сэксуальнае жыццё маладых людзей, даследчыкі адышлі ад традыцыйнай метадалогіі. Раней такія апытанні ў асноўным засяроджваліся на медыцынскіх аспектах і пытаннях грамадскага здароўя (напрыклад, засцярога і венерычныя захворванні). Аднак такі падыход ігнараваў сацыяльны кантэкст сэксуальнасці.
У сваім даследаванні французскія вучоныя прымянілі «рэляцыйны падыход», разглядаючы сэксуальнасць не асобна, а ў рамках сацыяльных і эмацыйных сувязяў. Каб улавіць гэтыя змены, каманда распрацавала спецыяльную анкету.
Па словах аўтараў, сучасная моладзь больш не абмяжоўваецца толькі дзвюма крайнасцямі — традыцыйнымі рамантычнымі адносінамі і выпадковымі сэксуальнымі сувязямі. Паміж гэтымі крайнасцямі ўзнікла мноства прамежкавых фарматаў, якія маюць пэўную працягласць, але не абавязкова ўключаюць у сябе рамантычныя пачуцці.
Моладзь вынайшла новыя тэрміны для абазначэння гэтых прамежкавых сувязяў, якія размываюць межы паміж сяброўствам і каханнем і збіваюць з панталыку старэйшае пакаленне: «сяброўства з бонусамі», «рэгулярны сэкс-партнёр», «сяброўства з прывілеямі», «сэкс-фрэнд», «муцім». Аб сваім удзеле ў такіх «стабільных, але не рамантычных» адносінах на працягу апошняга года паведаміла 15% апытаных.
Гэтыя сувязі ўзнікаюць у кантэксце павелічэння колькасці сэксуальных партнёраў: у 2023 годзе больш за траціну (35%) людзей ва ўзросце 25—29 гадоў заявілі, што мелі прынамсі дзесяць партнёраў за сваё жыццё.
Найбольшыя змены заўважны сярод жанчын, якія значна больш, чым раней, уцягнутыя ў сэксуальнае жыццё па-за адносінамі.
Уражваюць і змены ў сэксуальнай арыентацыі: 19% маладых жанчын ідэнтыфікуюць сябе не як гетэрасексуалкі, тады як у 2006 годзе такіх было менш за 3%.
Аднак, нават пры тым, што моладзь спрабуе разбурыць традыцыйную мадэль пары, яна не адмаўляецца ад яе цалкам: двое з трох (66%) удзельнікаў апытання заявілі, што мелі такі досвед цягам апошніх дванаццаці месяцаў.
Вынікі свайго даследавання вучоныя прадставілі ў кнізе «Сэксуальнасць будучага» («La sexualité qui vient»), якая выйшла ў гэтым месяцы.
У далейшым аўтары хочуць даследаваць, як новыя фарматы сувязей, папулярныя сярод 18—29-гадовых, будуць развівацца з часам. Ці будуць «сябры з бонусамі» і «стабільныя, але не рамантычныя» адносіны суправаджаць гэтых людзей у дарослым жыцці? Ці стануць такія мадэлі нормай і для іншых узроставых груп? Ці, наадварот, з часам маладыя людзі вернуцца да больш традыцыйных уяўленняў аб пары?
Актыўнае сэксуальнае жыццё вельмі часта пачынаюць дастаткова рана, у 11-12 гадоў. Праўда, тут ёсць адно вялікае «але»
«У нас фобія жывой камунікацыі. А сэкс менш важны, чым для мінулых пакаленняў». Зумеры адказваюць на прэтэнзіі да свайго ладу жыцця
Маладое пакаленне верыць у шлюб і пазбягае выпадковых сэксуальных сувязяў. Іх бацькі ў шоку
Каментары