«50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы». У Беларусь прыехалі мегапапулярныя блогеры з ЗША і Канады — вось навошта
Папулярныя ютуберы з 9 мільёнамі падпісантаў наведалі Беларусь і знялі блог пра жыццё людзей у краіне. Cярод закранутых ў відэа тэмаў — саўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны.
Каманда мегапапулярнага ютуб-канала Yes Theory (канадска-амерыканскі трэвэл-блог з 9 мільёнамі падпісантаў і 11 мільярдамі сумарных праглядаў) правяла ў Беларусі 50 гадзін. Відэа выйшла на канале толькі цяпер, але самі здымкі адбываліся яшчэ ў пачатку ліпеня.
У Беларусь адправіліся вядоўцы канала Стафан Тэйлар (блогер са Швецыі) і Томас Брэг (сузаснавальнік канала Yes Theory і франка-канадская тэлезорка). Іх выпуск атрымаў назву «50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы» і ўжо сабраў больш за 600 тысяч праглядаў.
Вось што адбывался ў самім выпуску.
«Калі ўбачыце чалавека ва ўніформе, трымайце дыстанцыю»
Па словах аўтараў выпуску, яны трапілі ў Беларусь праз Літву і правялі на мяжы некалькі гадзін. Некаторыя людзі ў Літве папярэджвалі блогераў пра небяспеку наведвання Беларусі, а таксама параілі трымаць там дыстанцыю ад «людзей ва ўніформе».
У самой краіне вядоўцы паспрабавалі наняць якога-небудзь гіда ці англа-рускага перакладчыка, але ніхто не пагадзіўся.
Мужчыны прызналіся, што хоць і рэгулярна наведвалі «палітычна адчувальныя краіны», але ў Беларусі ўпершыню сутыкнуліся з негасціннай атмасферай і поўнай адсутнасцю жадання гідаў дапамагаць ім у вывучэнні асяроддзя.
У пачатку відэа аўтары таксама адзначылі, што выдатна ведаюць палітычную сітуацыю ў краіне і таму дзеля сваёй бяспекі і бяспекі выпадковых беларусаў у кадры не будуць заводзіць вострыя тэмы для размоваў.
Тым не менш вядоўцы за кадрам згадалі, што Беларусь дапамагае Расіі ў вайне супраць Украіны.
Адным з мерапрыемстваў, якое наведалі вядоўцы Yes Theory, стаў вайсковы парад 3 ліпеня ў Мінску, які ладзіўся сумесна з расійскімі салдатамі і тэхнікай.
Тэйлар і Брэг за кадрам падкрэслілі, што ўбачанае выклікала ў іх вельмі супярэчлівыя эмоцыі, асабліва на фоне вайны ва Украіне.
«Калі мы падышлі бліжэй да параду, было цяжка апісаць убачанае. З аднаго боку, мінчукі радаваліся, святкуючы незалежнасць сваёй краіны. З іншага боку, бачыць такую дэманстрацыю сучаснай ваеннай машыны, улічваючы цяперашнюю вайну ў рэгіёне, было больш чым трывожна.
Гэта выклікала ў нас супярэчлівыя эмоцыі, а таксама стала напамінам пра тое, дзе мы знаходзімся. Пытаць каго-небудзь з прысутных пра іх думкі мы не сталі», — распавядаюць вядоўцы Yes Theory.
Што было ў відэа яшчэ?
Каманда Yes Theory наведала Курган Славы, мінскую Стэлу, Парк Горкага і пагуляла ноччу па Верхнім горадзе і Нямізе. Блогеры адзначылі, што Мінск па архітэктуры і наяўнасці савецкіх сцягоў нагадвае СССР больш, чым Расія.
На наступны дзень блогеры паехалі з Мінска на міжгароднім цягніку ў выпадковым кірунку і апынуліся ў вёсцы Вязынка (Маладзечанскі раён Мінскай вобласці). Асноўнай мэтай вядоўцаў стаў «пошук беларускіх бабуль» і асвятленне іх побыту.
На здзіўленне блогераў, мясцовыя жыхары сустракалі іх ветліва і шчыра, пускалі ў свае дамы, частавалі іх і распавядалі свае гісторыі.
Вядоўцы Yes Theory пажадалі беларусам жыць свабодна і мірна, а таксама каб у рэгіёне скончылася вайна.
«У Беларусі мы сустрэліся з самымі добрымі людзьмі, якіх я толькі сустракаў. Тых, што любяць людзей, але жывуць у трохі іншых абставінах, чым мы. Жадаю, каб народ жыў свабодна, а таксама каб у суседняй Украіне скончылася вайна. Ды пераможа мір», — заявіў шведскі блогер Стафан Тэйлар.
Усё відэа цалкам пра Беларусь з канала Yes Theory на англійскай мове можна паглядзець унізе.
Нагадаем, што ў час выхаду відэа адбываецца чарговы сур'ёзны міжнародны скандал, звязаны са смяротным прысудам грамадзяніну Германіі Рыка Крыгеру «за тэрарызм».
Падрабязней пра сітуацыю можна прачытаць вось тут.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары