«Лукашэнка будзе думаць аб тым, што рабіць з новай канфігурацыяй улады, калі пабудуе яе». Highlights з інтэрв’ю Арцёма Шрайбмана
Што чакаць ад рэферэндуму? Ці адбудзецца ён увогуле? Пры якіх умовах можа перамагчы пратэст? На гэтыя і многія іншыя пытанні адказаў палітычны аналітык Арцём Шрайбман падчас інтэрв’ю, якое ён даў украінскаму блогеру Аляксандру Рыкаву, вядучаму YouTube-канала BalaganOFF. Выбралі з размовы найцікавейшыя думкі.
Пра адсутнасць відавочнага плана перад рэферэндумам
Шмат часу на працягу стрыму было прысвечана абмеркаванню рэферэндуму. Вядучы сам задаваў пытанні, прысвечаныя плебісцыту. Яго падпісчыкі таксама цікавіліся, у прыватнасці, ці адбудзецца ён увогуле.
«Перашкод, каб правесці рэферэндум, цяпер няма, — лічыць Арцём Шрайбман. — Ён праводзіцца ва ўмовах пазакручваных гаек. Новая канстытуцыя пачне дзейнічаць, а потым, як і прапісана, можна сумяшчаць дзве пасады — прэзідэнта і старшыні Усебеларускага народнага схода. Відавочна, норма напісаная пад Лукашэнку, і зразумела, што ён хоча скарыстацца ёю».
У той жа час аналітык не лічыць, што ў Лукашэнкі ёсць доўгатэрміновыя планы: «Мне падаецца, што ён многае вырашае па прынцыпе «пра гэта я падумаю потым». Гэта тактычнае, аднакрокавае мысленне. Ён будзе думаць пра тое, што рабіць з новай канфігурацыяй улады, калі пабудуе яе».
Калі б сам Арцём Шрайбман пайшоў на рэферэндум, то паставіў бы два крыжыкі ў бюлетэні: «Але гэта быў бы сімвалічны крок, без асаблівых спадзяванняў на поспех кампаніі».
Што будзе пасля рэферэндуму
Як мяркуе аналітык, пасля рэферэндуму жаданне помсты ва ўлады знізіцца і некаторыя палітзняволеныя змогуць выйсці на свабоду: «Вельмі кропкавая амністыя магчымая. Калі на гарызонце няма электаральных кампаній і нагоды бясконца закручваць гайкі… Сілавікі будуць прапаноўваць гэта рабіць, але акно магчымасцяў для ўмоўных несілавікоў у сістэме з’явіцца».
Згодна з інфармацыяй Арцёма Шрайбмана, па некаторых палітзняволеных цяпер працягваецца працэс закуліснага гандлю.
«У эканоміцы пасля рэферэндуму сітуацыя будзе залежаць ад двух фактараў», — працягвае ён.
Па-першае, ад санкцый. Па-другое, ад таго, ці працягне Расія падтрымліваць крэдытамі.
Трэба ўлічваць яшчэ адну акалічнасць: у выпадку ўвядзення амерыканскіх санкцый супраць РФ гэта таксама моцна ўдарыць па беларускім рублі, акцэнтуе ўвагу аналітык.
А што, калі адновяцца пратэсты?
На думку аналітыка, пратэст можа перамагчы не толькі ў выпадку паўтарэння такой жа масавасці, як у 2020-м годзе, але і пры ўмове настойлівасці людзей: нявыхад на працу, адмова сыходзіць з вуліцы нават пад уздзеяннем пачатковага гвалту з боку сілавікоў.
«Тады эліта пачне крышыцца. Але на практыцы я не ўпэўнены, што цяпер людзі нечакана збяруцца і выйдуць на мірны пратэст», — кажа аналітык.
Магчымы пераемнік і найлепшы сцэнарый для аўтакрата
Арцём Шрайбман не выключае, што праз нейкія абставіны Лукашэнка будзе вымушаны прызначыць паслухмянага пераемніка. Аднак пасля падзеяў у Казахстане «верагоднасць гэтага знізілася, а тэрміны пасунуліся».
Адметнай рысай беларускай сітуацыі ён лічыць безальтэрнатыўнасць Лукашэнку ўнутры краіны:
«У адрозненне ад клана Назарбаева, у Беларусі няма канкуруючых груповак. Адзіны клан — гэта ўжо піраміда. Але калі з’явіцца альтэрнатыўны цэнтр, хай намінальны, у крызісны момант ён можа ўзяць уладу ў свае рукі. Гэта можа здарыцца, калі Лукашэнка зойме пасаду старшыні Усебеларускага народнага сходу. Але ў бліжэйшай будучыні я не бачу такога развіцця падзей».
А вось сцэнарый, які падаецца аналітыку магчымым, — прызначэнне на важныя пасады сыноў Лукашэнкі, што гарантавала б яму захаванне нейкіх пазіцый пасля сыходу з улады.
Пры гэтым госць украінскага блогера не выключае, што Лукашэнку давядзецца стаць аўтакратам, які памрэ на сваёй пасадзе, не дажыўшы да моманту, калі ўсё пойдзе ў разнос: «Гэта быў бы найлепшы сцэнарый для яго».
Калі Лукашэнкі раптам не стане?
Адно з пытанняў тычылася раптоўнага сыходу Лукашэнкі па незалежных ад яго абставінах. Што адбудзецца ў гэтым выпадку?
«Вельмі многае будзе залежаць ад фігуры нумар два ў сістэме — то-бок прэм’ер-міністра, — так адказаў Арцём Шрайбман. — Ці зможа ён утрымаць уладу? Канечне, адразу ж пачнецца барацьба, спробы сфармаваць кааліцыі. Калі гэта адбудзецца сёння, то найлепшы шанец будзе ў сілавікоў».
Ці будзе здадзены суверэнітэт?
Балючая тэма — гата замах на суверэнітэт Беларусі. Гледачы спыталіся, ці вартая рызыка абмеркавання.
«Для Лукашэнкі, лічу, прынцыповае пытанне, як ён увойдзе ў гісторыю, — кажа палітычны аналітык. — Я не ведаю, ці хоча ён рэальны помнік, але дакладна хоча да сябе стаўлення, як да чалавека, якому ставяць помнікі. Ён хоча быць заснавальнікам беларускай дзяржавы. А з гэтым не суадносіцца перадача краіны пад поўнае кіраванне. Можна тактычна гуляцца, можна часова саступаць кавалкі шматвектарнасці. Аднак я не думаю, што ён пойдзе на поўную здачу Пуціну, у тым ліку з-за палітычнага славалюбства».
Поспехі і няўдачы штаба Ціханоўскай
Нямала пытанняў было прысвечана дзейнасці штаба Святланы Ціханоўскай. У нейкі момант Арцём Шрайбман нават нагадаў, што не з’яўляецца яго афіцыйным прадстаўніком.
Па яго меркаванні, у 2021 годзе штабу ўдалося захаваць адзінства дэмакратычных сіл, не даводзячы да разборак.
Важная роля тычылася прадстаўніцтва на міжнародным узроўні, хаця аналітык прызнаў, што дзеянні ўладаў (інцыдэнт з самалётам Ryanair, мігранцкі крызіс) мелі не меншае значэнне.
Аналітык перасцярог, што штаб паступова акукліваецца, арыентуючыся толькі на аўдыторыю, якая дае фідбэк: «Не гучаць новыя тэмы: сацыяльная, эканамічная, антыкарупцыйная павестка, на чым звычайна робяць палітычны капітал.
Калі Святлана Ціханоўская будзе доўга знаходзіцца ў эміграцыйным кокане, то яе легітымнасць будзе слабець, і гэта ўжо адбываецца. У выпадку зацягвання статуса-кво да 2025 года, хутчэй за ўсё, офіс Ціханоўскай не будзе такім жа легітымным, як у канцы 2020-га».
На думку Арцёма Шрайбмана, Ціханоўская не з’яўляецца пажаданым кандыдатам для Крамля. У той жа момант, калі яна апынецца на вяршыні хвалі і кансалідуе ўладу, то Расія прыме яе.
Каментары