Здароўе22

Helicobacter pylori — небяспечная бактэрыя. Якія сімптомы хвароб, якія яна выклікае

Хелікабактар пілары — гэта патагенная бактэрыя, якая можа выклікаць цяжкія страўнікавыя захворванні. Яна сустракаецца ў 70—80% людзей, у некаторых гэта ніяк не праяўляецца, іншым руйнуе жыццё.

Bacterias
Фота: Freepik

Бактэрыя Helicobacter pylori і яе асаблівасці

Унікальнасць Helicobacter pylori заключаецца ў яе здольнасці жыць у адным з самых агрэсіўных месцаў арганізма — у кіслым асяроддзі страўніка, дзе іншыя мікробы не выжываюць. Гэта атрымліваецца з-за здольнасці хелікабактара выдзяляць фермент урэазу, які змяняе рН асяроддзя з кіслай на шчолачную — і такім чынам нейтралізуе страўнікавы сок, утвараючы асаблівую абалонку.

Жгуцікі і спіралепадобная форма (ад якой хелікабактар і атрымаў сваю назву: helico з лац. — спіральны, вінтавы, таму і верталёт у многіх мовах называюць гелікоптарам) дазваляюць гэтай бактэрыі беспраблемна рухацца ў гелепадобнай тэкстуры слізістай абалонкі страўніка.

Але для чалавека наяўнасць гэтага арганізма не вельмі добрая: таксіны, якія выдзяляе бактэрыя, разбураюць сценкі страўніка і могуць выклікаць запаленчыя працэсы.

Helicobacter pylori адкрылі яшчэ ў канцы XIX стагоддзя. Але яе значэнне ў развіцці паталогій страўнікава-кішачнага тракту стала відавочным толькі ў канцы ХХ стагоддзя. Важную ролю тут адыгралі два аўстралійскія даследчыкі — Бары Маршал і Робін Уорэн.

Каб даказаць, што Helicobacter pylori выклікае гастрыт, Бары Маршал паставіў эксперымент на самім сабе. Ён выпіў раствор з Helicobacter pylori, і праз некалькі дзён у яго пачалося запаленне слізістай страўніка. Потым ён прымаў антыбактэрыяльныя прэпараты і вылечыўся. Даследаванні Маршала і Уорэна ў 2005 годзе былі адзначаныя Нобелеўскай прэміяй па фізіялогіі і медыцыне.

Шляхі заражэння

Асноўная крыніца бактэрый — чалавек, у якога Helicobacter pylori жыве ў слізістай абалонцы страўніка, але таксама мікроб захоўваецца ў зубным налёце і ў фекаліях.

Вынікі даследаванняў паказваюць, што сацыяльна-эканамічны статус стаў асноўным фактарам рызыкі інфікавання Helicobacter pylori, бо ён абумоўлівае, якую чалавек п’е ваду, у якіх умовах жыве, ці ёсць побач каналізацыя і вываз смецця. Рызыка вышэйшая, калі чалавек жыве ў беднай краіне, не мае доступу да чыстай вады, жыве ў цеснаце (бо лёгка заразіцца, калі бактэрыя ёсць у кагосьці з сямейнікаў).

Таксама заразіцца могуць дзеці, бо часта неналежным чынам выконваюць правілы гігіены.

Вось прыклады, як можа адбыцца заражэнне:

  • пры пацалунках;
  • калі вы не належным чынам памылі рукі пасля туалета;
  • калі вы ясце з чужога посуду ці карыстаецеся чужымі прадметамі гігіены, такімі як ручнік, зубная шчотка;
  • праз заражаную ваду;
  • праз неналежным чынам апрацаваныя медыцынскія інструменты.

Захворванні, якія можа выклікаць Helicobacter pylori

Паколькі ў многіх людзей бактэрыя жыве бессімптомна, навукоўцы лічаць, што для развіцця захворвання мала адной толькі наяўнасці Helicobacter pylori, патрэбны яшчэ і правакацыйны фактар. Гэтым фактарам можа стаць залішняя вага цела, курэнне, ужыванне алкаголю, празмернае захапленне газаванымі напоямі і кавай, парушэнне рацыёну і рэжыму харчавання, вострыя і хранічныя псіхаэмацыйныя стрэсы, цукроўка, маларухомы лад жыцця і іншае.

Калі імунная сістэма не дае рады, у чалавека пачынаецца хелібактэрыёз — інфекцыйнае захворванне, якое паражае піларычны аддзел страўніка (верхні) і дванаццаціперсную кішку. Асноўныя сімптомы — гэта болі ў страўніку. Акрамя гэтага, могуць назірацца пачуцце цяжару ў жываце пасля ежы, парушэнне апетыту, звязанае з раптоўнымі прыступамі млоснасці, беспадстаўныя ваніты, пякотка і адрыжка з непрыемным кіслым ці горкім прысмакам, хранічныя запоры, кішэчныя спазмы і ўздуцце жывата.

Бактэрыя таксама звязаная вось з якімі хваробамі:

  • хранічны гастрыт — захворванне, пры якім слізістая абалонка страўніка запаляецца або раздражняецца;
  • язва страўніка ці дванаццаціперснай кішкі — наяўнасць глыбокіх язваў на слізістай абалонцы, часцей за ўсё ў выніку інфекавання або працяглага прыёму супрацьзапаленчых сродкаў (класічныя абязбольвальныя, такія як дыклафенак, ібупрафен, кетапрафен);
  • рак страўніка — вынік хранічнай інфекцыі і трансфармацыі клетак, якія ўтвараюць слізістую абалонку страўніка. Сам Helicobacter не выклікае рак, ён можа стаць адным з фактараў, да якіх таксама адносяцца генетычная схільнасць, харчаванне з нізкім утрыманнем вітамінаў С і Е, злоўжыванне соллю, група крыві А (2-я), вельмі ранняе заражэнне H. pylori. Раннія сімптомы раку могуць уключаць: дыскамфорт у верхняй частцы жывата, пачуццё сытасці або перапоўненасці пасля таго як паеў, боль у верхняй частцы жывата, млоснасць, адрыжку; а такія сімптомы, як пахудзенне, страта апетыту, ваніты, пастаянны боль у верхняй частцы жывата, могуць сведчыць пра запушчаную форму раку;
  • MALT-лімфома — запаленне лімфоіднай тканкі ў страўніку са злаякаснай трансфармацыяй;
  • хвароба Менетрые — паталогія страўніка, якая выяўляецца ў патаўшчэнні слізістай абалонкі і змяненні залоз.
Helicobacter pylori
Электронная мікрафатаграфія H. pylori. Фота: Ютака Цуцумі, доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры паталогіі медыцынскага факультэта Універсітэта здароўя Фудзіта / Wikimedia.org

Дыягностыка Helicobacter pylori

  • гісталагічны метад і экспрэс-траўматалагічны тэст — узяцце зрэзу слізістай абалонкі страўніка падчас гастраскапіі з наступнай ацэнкай матэрыялу на наяўнасць змен (запаленне, ракавыя клеткі). Гэты метад інвазіўны, аднак лічыцца «залатым стандартам» у дыягностыцы страўнікавых захворванняў, вельмі надзейным як для дыягностыкі інфекцый, так і для пацвярджэння лячэння;
  • урэазны дыхальны тэст;
  • аналізы на антыген H. pylori ў кале;
  • сералагічныя аналізы крыві — падыходзяць для дыягностыкі інфекцыі, але не для ацэнкі выздараўлення, бо антыцелы супраць бактэрый захоўваюцца ў крыві пасля лячэння вельмі доўга.

Пры ацэнцы эфектыўнасці лячэння важна, каб аналізы праводзіліся толькі праз чатыры тыдні пасля заканчэння лячэння. 

Лячэнне хелібактэрыёзу

Звычайна інфекцыю лечаць з дапамогай камбінаванай тэрапіі, якая ўяўляе сабой прыняцце двух супрацьмікробных прэпаратаў (антыбіётыкаў) і аднаго прэпарата, які зніжае сакрэцыю страўнікавай кіслаты (інгібітар пратоннай помпы). Звычайна такое лячэнне доўжыцца 14 дзён.

З антыбіётыкаў часта выпісваюць амаксіцылін, метранідазол, з інгібітараў пратоннай помпы — амепразол, пантапразол, лансапразол.

Лячэнне можа вар'іравацца ў залежнасці ад вашай гісторыі хваробы і наяўнасці алергіі на пэўныя лекі.

Прафілактыка заражэння Helicobacter pylori

Да асноўных метадаў зніжэння рызыкі адносяцца:

  • захаванне элементарных правілаў гігіены, асабліва ў яслях і дзіцячых садках;
  • піццё чыстай вады;
  • правільнае харчаванне. Пазбягайце ежы, якая не была як трэба ачышчаная ці не была прыгатаваная бяспечна;
  • мыццё рук, асабліва перад гатаваннем ежы ці ежай або пасля наведвання туалета.

У будучыні можа з’явіцца магчымасць выкарыстання вакцыны — цяпер вядуцца даследаванні па яе стварэнні.

Чытайце яшчэ:

Са смакам і водарам. Як харчавацца пры язве страўніка

«Ціхі забойца». Як абараніць сябе ад трамбозу

Сухая скура можа быць сімптомам сур'ёзных захворванняў. Так цела просіць дапамогі

Каментары2

  • Ваш хелікобактэр пілорі
    25.05.2023
    Галоўнае не забываць хадзіць да папа прычашчацца і цалаваць іконы….
  • Вред одинаков
    26.05.2023
    Прочитал артикул и понял, что описали лукашенко и его компанию, для организма Беларуси.

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне1

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Усе навіны →
Усе навіны

Эксперыментальная разметка з'явілася на дарогах Гомельскай вобласці1

МУС Германіі: Няма прыкмет таго, што крушэнне самалёта DHL у Вільні звязана з самаўзгараннем пасылак

38 шахедаў зайшлі ў Беларусь за суткі — гэта абсалютны рэкорд1

Украінцы ўдарылі ракетамі ATACMS па C-400 у Курскай вобласці — загінулі пяць расійскіх афіцэраў7

Дзе знаходзіцца дом, які прадалі даражэй за ўсё ў кастрычніку1

Прагноз Шрайбмана: пасля выбараў рэпрэсіі зменшацца23

«А сэнс арандаваць кватэру?» Гісторыя беларускай пары, якая жыве ў аўтадоме і падарожнічае па Еўропе3

Каля берагоў Егіпта затанула судна з 31 турыстам. Ці былі там беларусы, невядома

«Мокры» фасад і перапланіроўка: як цяпер выглядае кінатэатр «Масква» ў цэнтры Мінска ФОТЫ

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне1

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Галоўнае
Усе навіны →