Свет

«Людзі былі гатовыя даваць хабары, каб іх узялі ў тэрытарыяльную абарону». Баец тэрабароны — пра агульнанацыянальны ўздым

Журналіст Павел Казарын уступіў у тэрытарыяльную абарону Кіева пасля таго, як правёў эфір аб нападзе Расіі на Украіну. Ён расказаў «Настоящему времени» пра людзей, якія служаць разам з ім, пра міфы, якія зруйнавала вайна, і пр тое, як змяніліся ўкраінцы.

— 25 лютага, на наступны дзень пасля пачатку вайны, мы з маім калегам Юрыем Мацарскім пайшлі ў ваенкамат і напісалі заявы.

Я вам шчыра хачу сказаць: гэта была гісторыя пра гіганцкія чэргі жадаючых уступіць.

У маёй роце служаць людзі, якія гадзяцца мне ў дзеці, 18-19 гадоў, і людзі, якія падыходзяць мне ў бацькі, каму 60-65 гадоў. У маёй роце ёсць дзве дзяўчыны, узроўню матывацыі якіх можа любы дарослы мужык пазайздросціць: ім 23 і 22 гады, і пры гэтым яны вельмі матываваныя. 

Прадстаўнікі тэрабароны трэніруюцца кідаць кактэйлі Молатава ў Жытоміры, 1 сакавіка 2022 г. Фота: Ратынскі Вячаслаў / УНІАН

Гэтая вайна і ўвогуле гісторыя пра абарону Украіны — гэта гісторыя, якая сцірае абсалютна любыя межы, саслоўныя, маёмасныя, гендарныя. Побач служаць мужчыны і жанчыны, людзі ўмоўнага старэйшага ўзросту і людзі малодшага ўзросту. У мяне ў роце ёсць дырэктар юрыдычнай фірмы і ёсць аўтамеханік. Ёсць айцішнік, ёсць слесар, і ніхто не задае нікому пытанне, кім ты быў да вайны, колькі ты зарабляў і гэтак далей.

У суседнім падраздзяленні, у суседняй роце ўвогуле служаць двое маіх знаёмых геяў: яны пайшлі разам, запісаліся ў тэрытарыяльную абарону і нясуць службу нароўні з усімі. Гэта значыць, гэта гісторыя пра тое, што задача па абароне Украіны сцірае межы, у тым ліку і гендарныя. Пытанне тваёй сэксуальнай ідэнтыфікацыі не мае ніякага значэння, таму важна іншае: цябе альбо лічаць пабрацімам, на якога можна разлічваць і які прыкрые цябе ў цяжкай сітуацыі, альбо, адпаведна, цябе такім не лічаць.

— Гэта значыць, маюць рацыю тыя, хто кажа, што яшчэ ніхто не аб'ядноўваў так Украіну, як Пуцін? На жаль, такой высокай цаной.

— Скажам так: ніхто не аб'ядноўваў Украіну так, як пагроза знішчэння краіны. Сапраўды, расійскае ўварванне абнуліла адразу некалькі такіх устойлівых міфаў, якія існавалі як у Расіі адносна Украіны, так і ў самой Украіне адносна самой сябе. 

І калі хтосьці думаў, што, умоўна кажучы, поўдзень ці ўсход краіны — гэта такія апалітычныя рэгіёны, якія ў першую чаргу сканцэнтраваныя на парадку дня бытавога выжывання і якім усё роўна, якога колеру сцяг лунае на флагштоку, то мы бачым, што адбываецца ў Херсоне. 

Фота: AP

У акупаваным Херсоне людзі выходзяць і гавораць расійскім акупантам у твар, што яны іх лічаць менавіта акупацыйным войскам, а не вызваленчым.

Мы выявілі, што ўсе гэтыя рэгіянальныя адрозненні, пра якія мы прызвычаіліся разважаць на працягу трох дзесяцігоддзяў, насамрэч з'яўляюцца яшчэ адным міфам. 

Дакладна такім жа міфам, як непераможнасць расійскай зброі і расійскай арміі. Гэты міф культывавала расійская прапаганда, расійскі кінематограф, расійскія мас-медыя, а ён аказаўся калосам на гліняных нагах. Бо аказалася, што расійскія часці зусім не настолькі баяздольныя, як пра гэта распавядала расійская прапаганда.

Аказалася, што расійская карупцыя пранізвае ў тым ліку расійскую ваенную машыну ўздоўж і ўпоперак. І таму расійскія ваенныя часці забяспечваюцца сухпайкамі, тэрмін прыдатнасці якіх скончыўся 7-8 гадоў таму, і гэтак далей. 

І ў гэтым сэнсе расійскае ўварванне сапраўды пазбавіла Украіну ад тых міфаў, якія існавалі ва Украіне. І пазбавіла нас у тым ліку усіх ад тых міфаў, якія існавалі ў дачыненні да Расійскай Федэрацыі.

Вы казалі, што жадаючых прыняць удзел у тэрытарыяльнай абароне, запісацца ў яе атрады, аказалася нашмат больш, чым аўтаматаў, чым магчымасцяў увогуле ўсіх забяспечыць і ўсіх прыняць? Гэта значыць, набор абмежаваны?

— Вы маеце рацыю. Часам даходзіць да смешнага: служба ў шэрагах тэраабароны сапраўды перастала быць абавязкам, яна стала прывілеем. І я ведаю шмат выпадкаў, калі людзі былі гатовыя даваць хабары, каб іх узялі ў шэрагі тэрытарыяльнай абароны. Яны гатовыя былі даваць хабары і прасілі: запішыце нас у Нацгвардыю, запішыце нас у кадравыя часткі Узброеных сіл Украіны, у тэрытарыяльную абарону.

Верагодна, тое, што цяпер адбываецца ва Украіне — гэта, быць можа, самыя важныя дні, тыдні і месяцы за ўсю найноўшую гісторыю існавання краіны. І, безумоўна, адчуваць датычнасць да гэтага працэсу, адчуваць уцягнутасць, саўдзел, спалучанасць, адзінства лёсу — гэта, напэўна, тая спакуса, якая аб'ядноўвае ўсіх украінцаў, ад малога да вялікага. 

Менавіта таму людзі гатовыя сапраўды даваць хабары за тое, каб проста мець магчымасць рызыкаваць сваім жыццём і абараняць са зброяй у руках сваю радзіму.

Мужчына нясе баявы рыштунак, пакідаючы Польшчу, каб ваяваць ва Украіне, на памежным пераходзе з Польшчай, 2 сакавіка 2022 г. Фота: AP

Мы проста павінны разумець: той момант, усярэдзіне якога мы жывем, — гэта момант, пра які будуць пісаць кнігі, навуковыя даследаванні, падручнікі гісторыі, па якіх будуць вучыцца нашы дзеці і ўнукі у школе. І яны будуць прыходзіць дадому і пытаць сваіх мам, тат, бабуль, дзядуляў: «А як гэта было?» 

І нам сапраўды выпала дзіўная магчымасць быць саўдзельнікамі гістарычнага працэсу, самага што ні ёсць галоўнага і маштабнага.

 І ён у гэты момант тычыцца не толькі лёсу Украіны, ён з'яўляецца такім пунктам фазавага пераходу, пунктам змены агрэгатнага стану для Еўропы, таго, што мы прывыклі называць заходняй цывілізацыяй. І ў тым ліку, абавязкова для Расійскай Федэрацыі. 

І гэтыя працэсы, магчыма, перапішуць ці перазагрузяць велізарную колькасць сацыяльных дамоваў у самых розных асяроддзях грамадства і краінах.

«Мы дакладна разумелі, што не выжывем». Беларускі добраахвотнік Дзяніс «Кіт» расказаў пра пекла пад Бучай

«Мы вызвалім усё, настрой баявы». Беларускі добраахвотнік ваюе за Украіну

Каментары

Цяпер чытаюць

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі5

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Іранскія шахеды прыляцелі ў Азербайджан — адзін упаў каля школы, другі выбухнуў на тэрыторыі аэрапорта11

Нявеста адправіла жаніха перад вяселлем на псіхіятрычную экспертызу7

«Пра страту $78 000 я б моцна перажывала». Беларуска своечасова адмовілася ад купляння кватэры3

«Увечары тэлефануе лекар з паліклінікі і распавядае вынікі аналізаў — гэта проста шок!» Беларусы распавялі пра медыцыну ў Літве13

Ананімы — гісторыі беларусаў, якім прыходзіцца шыфравацца, бо рэжым лічыць іх дзейнасць «крыміналам»10

Праезд у мінскай маршрутцы, што меўся падаражэць да пяці рублёў, будзе каштаваць меней

Выйшаў серыял «Малады Шэрлак» ад Гая Рычы

Мінсувязі распавяло, дзе ў Беларусі паскорыўся інтэрнэт, а дзе прыйдзецца пачакаць1

Гродна, Беласток, Коўна — параўноўваем, дзе прасцей купіць кватэру чалавеку з сярэднім заробкам17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі5

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць