18 гадоў таму, 25 жніўня 1991 г., наша краіна стала незалежнай.
25 жніўня 1991 г. 5‑я нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закону Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» і пастанову «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР».
Тым самым фактычна была абвешчана незалежнасць Беларусі.
Як падкрэслівае ў сваёй кнізе «Сем гадоў адраджэньня…» Сяргей Навумчык, супраць надання Дэкларацыі ад дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага акту выступіў дэпутат Лукашэнка.
Тая сесія адбывалася на трэці пасля правалу путчу ГКЧП дзень і праходзіла досыць бурна. 24 жніўня БНФ вывеў на плошчу Леніна дзясяткі тысяч людзей, а ў залу, дзе адбываліся паседжанні, Валянцінам Голубевым, Зянонам Пазняком і Галінай Сямдзянавай быў унесены бел‑чырвона‑белы сцяг, а потым дэпутаты ад фракцыі БНФ не дапусцілі на трыбуну галоўнага камуніста Беларусі Анатоля Малафеева. 24 жніўня старшыня Вярхоўнага Савету БССР Мікалай Дземянцей падаў у адстаўку, першым кіраўніком незалежнай Беларусі стаў Станіслаў Шушкевіч, што датуль займаў пасаду намесніка старшыні.
19 верасня 1991 г. сесія Вярхоўнага Савету прыняла рашэнне называць БССР надалей Рэспубліка Беларусь, у скарочаных назвах — Беларусь.
Тады ж была прынята пастанова Вярхоўнага Савета аб дзяржаўных сімвалах. Дзяржаўным сцягам абвяшчаўся бел‑чырвона‑белы сцяг, гербам — «Пагоня».
Каментары