Улада22

МВФ супраць павышэння заробкаў і за гнуткі курс рубля

Міжнародны валютны фонд (МВФ) лічыць мэтазгодным адкласці павышэнне заработнай платы ў дзяржаўным сектары Беларусі.

Пра гэта гаворыцца ў абнародаванай фондам 28 жніўня заключнай запісцы місіі МВФ, якая ў канцы жніўня праводзіла ў Мінску кансультацыі па артыкуле IV статута фонду.

Зазначаецца, у прыватнасці, што «забавязанне ўладаў па дасягненні збалансаванага бюджэту ў 2009 годзе з’явілася крыніцай сілы эканамічнай праграмы». Для дасягнення дадзенай мэты, лічаць у МВФ, уладам Беларусі трэба пільна кантраляваць паступленне даходаў у сітуацыі скарачэння даходаў, прыбытку, а таксама спажывання і гандлёвай дзейнасці. «Было б мэтазгодна адкласці павышэнне заработнай платы ў дзяржаўным сектары пры адначасовым аказанні адраснай сацыяльнай дапамогі для абароны найбольш бедных слаёў насельніцтва ад наступстваў крызісу. Таксама важна, каб дэфіцыт бюджэтаў мясцовых органаў кіравання знаходзіўся пад кантролем», — зазначаюць эксперты фонду.

У дакуменце таксама падкрэсліваецца, што для ўмацавання макраэканамічнай стабільнасці ў Беларусі неабходная асцярожная падаткова‑бюджэтная палітыка ў 2010 годзе. «Запланаваныя на 2009 год падатковыя рэформы, якія садзейнічалі б змяншэнню перакосаў у сістэме, трэба ўкараніць у жыццё. Разам з тым тарыфы на жыллёва‑камунальныя паслугі варта набліжаць да ўзроўню кампенсацыі затрат, а рэформу сістэмы сацыяльнай абароны неабходна завяршыць», — зазначаюць эксперты.

У МВФ лічаць, што забеспячэнне сацыяльнай абароны можа садзейнічаць скарачэнню негатыўных наступстваў і захаванню падтрымкі структурных рэформ з боку грамадскасці.

Місія лічыць, што ў Беларусі можна стварыць сістэму сацыяльнай абароны, якая забяспечыць падтрыманне пражытачнага мінімуму і дапамогу ў прафесійнай падрыхтоўцы часова вызваляемай рабочай сілы да таго часу, пакуль яна не будзе паглынена рынкам працы. Даходы ад прыватызацыі і бюджэтныя сродкі, зэканомленыя за кошт скарачэння субсідавання неэфектыўнай вытворчасці, могуць дапамагчы прафінансаваць сістэму сацыяльнай абароны.

Місія МВФ таксама зазначае, што стымуляванне ўнутранага попыту ў Беларусі пагражае дасягненню мэтаў скарачэння знешняй уразлівасці.

«Стымуляванне ўнутранага попыту ў той час, калі плацежны баланс краіны па‑ранейшаму застаецца слабым, ставіць пад пагрозу дасягненне мэты скарачэння знешняй уразлівасці за кошт назапашвання міжнародных рэзерваў», — гаворыцца ў выніковым дакуменце.

На працягу першых сямі месяцаў 2009 года ў Беларусі, канстатуюць эксперты, працягваўся высокі рост крэдытаў у эканоміцы, чаму садзейнічала крэдытаванне ў межах дзяржаўных праграм, часта пад субсідуемыя працэнтныя стаўкі. «Апрача выцяснення стандартнага камерцыйнага крэдыту і стварэння выдаткаў для бюджэту, гэтыя праграмы крэдытавання стымулявалі ўнутраны попыт, што прывяло да павелічэння дэфіцыту знешняга гандлю і страты рэзерваў на працягу апошніх тыдняў. Дадзеныя праграмы крэдытавання неабходна скараціць і адлюстраваць гэтыя змены ў дзяржаўных праграмах, у межах якіх ажыццяўляецца крэдытаванне, каб змякчыць страты рэзерваў», — гаворыцца ў дакуменце.

***

А таксама лічыць неабходным перайсці ў Беларусі на больш гібкую сістэму курсаўтварэння

Міжнародны валютны фонд заяўляе пра неабходнасць пераходу ў Беларусі на больш гібкую сістэму курсаўтварэння. Пра гэта гаворыцца ў абнародаванай 28 жніўня фондам заключнай запісцы місіі МВФ, якая ў канцы жніўня праводзіла ў Беларусі кансультацыі па артыкуле IV статута фонду.

«Узровень абменнага курсу і рэжым курсаўтварэння ўяўляюцца адэкватнымі, аднак пасля спатрэбіцца перайсці да больш гібкай сістэмы. Цяпер дзеючая прывязка курсу да кошыка валют пры гібкім яго ваганні вакол цэнтральнага парытэту забяспечвае найлепшыя перспектывы захавання знешняй стабільнасці. З цягам часу, калі будуць створаны неабходныя інстытуцыйныя ўмовы, Беларусь можа рухацца далей у кірунку гібкасці абменнага курсу», — гаворыцца ў дакуменце.

Эксперты МВФ тлумачаць, што гібкі рэжым курсаўтварэння дапаможа Беларусі «спраўляцца з шокамі», з якімі сутыкаецца яе рэальны сектар. Для гэтага спатрэбіцца «альтэрнатыўны намінальны якар» (напрыклад, сістэма інфляцыйнага таргетавання) і незалежнасць цэнтральнага банка, які «зможа праводзіць грашова‑крэдытную палітыку, што будзе заслугоўваць даверу».

«20‑працэнтная дэвальвацыя беларускага рубля ў дачыненні да даляра ЗША і ўстанаўленне прывязкі да кошыка валют у пачатку 2009 года садзейнічалі паляпшэнню знешняй канкурэнтаздольнасці Беларусі.

Гатоўнасць уладаў пашырыць калідор у чэрвені і дапускаць гібкасць абменнага курсу ў межах валютнага калідора зрабілі сістэму лепш прыстасаванай абсарбіраваць наступныя знешнія шокі», — гаворыцца ў дакуменце.

Дырэктар Еўрапейскага дэпартамента МВФ Марэк Бэлька 26 жніўня па выніках перамоў ва ўрадзе Беларусі заявіў, што Міжнародны валютны фонд не бачыць неабходнасці для правядзення чарговай дэвальвацыі беларускага рубля «ў агляднай будучыні».

Як паведамлялася раней, 22 чэрвеня Нацбанк Беларусі пашырыў межы дапушчальных ваганняў курсу беларускага рубля ў дачыненні да кошыка валют (даляр ЗША, еўра, расійскі рубель) з плюс/мінус 5 да плюс/мінус 10%. З часу праведзенай 2 студзеня аднамомантнай 20‑працэнтнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты курс беларускага рубля да даляра ўпаў на 6,60%, да еўра — на 9,32%, да расійскага рубля умацаваўся на 0,74%.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Усе навіны →
Усе навіны

Замест металадахоўкі — дубовая драніца. У цэнтры Віцебска на месцы міліцыі адкрылася кавярня ў бездакорна адноўленым 200‑гадовым будынку10

«Людзі дамовіліся ў адзін час выйсці ў лакальныя ўчасткі і біць усіх актывістаў». Ігар Лосік расказаў пра бунт у Наваполацкай калоніі8

Турэцкага губернатара звольнілі за веласіпедныя легінсы ў абліпку13

Галкіпер Каба-Вэрдэ Вазінья, што стаў легендай чэмпіянату свету, знайшоў сабе новы клуб

Ратавальнікі патушылі пажар на «Інтэграле»

Галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан адхілены ад пасады праз абвінавачанні ў сэксуальных дамаганнях3

З букіністычных крам па ўсёй Германіі масава скупляюць кнігі. У чым прычына?11

У Польшчы праз адчыненае акно ў дом залез спалоханы лось ФОТА6

Пажары каля Мадрыда выйшлі з-пад кантролю

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць