«Прапіску аформіў за 5 хвілін. А алкаголь дарагі». Як жывецца беларусам, якія рэлакуюцца ў Турцыю?
Турцыя традыцыйна была і застаецца адным з любімых месцаў для адпачынку беларусаў. Але ў сувязі з бязвізавым рэжымам паміж нашымі краінамі некаторыя пачалі разглядаць яе і як месца для рэлакацыі — асабліва пасля пачатку вайны ва Украіне, калі «шэнген» адкрыць стала яшчэ складаней.
Пагутарылі з некалькімі беларусамі, якія пераехалі ў Турцыю, пра цэны, тонкасці арэнды і атрымання віда на жыхарства і стаўленне да палітыкі Эрдагана.
«Толькі ў маім доме жыве некалькі беларускіх сем’яў»
Не так даўно пра Яўгена Гуцалава з Віцебска актыўна пісалі дзяржаўныя СМІ. Яшчэ б! Ëн — той самы беларус, які за 10 дзён перасёк родную краіну з поўначы на поўдзень, прабегшы 650 кіламетраў. Усё змянілася пасля выбараў 2020 года.
«Я зняў сцёбнае відэа ў вёсцы: быццам сяджу зранку ў прыбіральні з «Советской Белоруссией», на фоне гучыць гімн. Выклаў яго ў свой Інстаграм. І супраць мяне распачалі крымінальную справу па 370-м артыкуле (здзек з дзяржаўных знакаў. — НН). Так восенню 2021 года я з’ехаў», — згадвае малады чалавек.
Турцыю Яўген стабільна наведваў з 2013 года, а з 2015-га ўвогуле пачаў арганізоўваць там паходы — вадзіў людзей па Лікійскай сцежцы, Карыйскай, у Качкар.
«Для жыцця выбраў Махмутлар, невялікі горад побач з Аланіяй. Тут жыве багата рускамоўных. А цяпер і беларусаў. Я сам пазнаёміўся недзе з дваццаццю-трыццаццю нашымі. У асноўным гэта айцішнікі. Некаторыя з’язджалі сюды з Украіны 25-26 лютага, многія нават без пашпартоў.
Толькі ў маім доме жыве некалькі беларускіх сем’яў. Ëсць тут і ўкраінцы. З адной сям’ёй я неяк сутыкнуўся ў ліфце, і старая кабета запытала, адкуль я. Як на беларуса, на мой адрас паляцелі агрэсіўныя выказванні. Але калі я патлумачыў, што ў нас адбываецца ў плане рэпрэсій, яна супакоілася. Украінцы далёка не ўсе ведаюць пра нашу сітуацыю. Цяпер мы з імі вітаемся нармальна, абменьваемся навінамі. Што тычыцца туркаў, то да ўсіх замежнікаў яны ставяцца аднолькава добра, здаецца», — расказвае Яўген.
«За паход на рынак аддаю менш за дзесяць даляраў і вяртаюся з заплечнікам на кілаграмаў восем»
Сярэдняе па памерах жытло ў Махмутлары можна зняць за 500-600 еўра, зусім маленькую кватэру рэальна знайсці ў раёне 400. Каб забяспечваць сябе, Яўген працягвае ладзіць турыстычныя туры па краіне для рускамоўных на 1-2 дні.
«У Турцыі вельмі здорава з ежай. На базарах усё каштуе капейкі: суніцы, чарэшні, садавіна, гародніна. За адзін паход я аддаю 150 лір (менш за 10 даляраў), і гэтага мне хапае на тыдзень.
З базара заўсёды вяртаюся з заплечнікам на кілаграмаў 8-10. Туркі, яны яшчэ такія: ты бярэш кілаграм, а яны зверху дарма могуць насыпаць. У крамах хіба што не хапае сыркоў глазураваных. Тут багата расійскіх крам ці з уладальнікамі-ўкраінцамі, і там часам можна нават натыкнуцца на «Лідскі квас», — адзначае наш суразмоўца.
«Бюракратыі ў Турцыі менш»
Рахунак для сябе Яўген адкрываў у мясцовым İŞ bank, карыстаючыся гугл-перакладчыкам, — агулам усе працэдуры занялі 40 хвілін. На афармленне прапіскі ў яго сышло пяць хвілін — на думку мужчыны, бюракратыі ў Турцыі менш.
Яшчэ больш цікавостак пра Турцыю Яўген расказвае ў сябе ў Інстаграме
З мінусаў ён адзначае толькі адсутнасць перад вачыма беларускіх краявідаў:
«Мне вельмі падабалася вандраваць па Беларусі — то на ровары, то пешшу куды, па Ельні той жа. Блізкіх маіх тут не хапае. У вялікіх гарадах Турцыі ў наступным годзе магчымыя пратэсты праз выбары. Хаця тут напоўніцу ў СМІ ўжо пішуць, што Эрдагана падтрымлівае больш за 50% насельніцтва. Мясцовых з дзяцінства прывучаюць не размаўляць пра палітыку, не скардзіцца, займацца сваімі справамі. Але працы туркам не хапае відавочна.
У любым выпадку, у горадзе, дзе я цяпер, больш замежнікаў, і я адчуваю сябе тут у бяспецы. Няма больш параноі, як у Беларусі: нібыта за мной пастанна нехта сочыць і падаецца, што незнаёмая машына ў двары — абавязкова па мяне».
Яўгену пашанцавала прыехаць раней — у 2021 годзе ў Турцыі была меншая плынь уцекачоў і ён атрымаў ВНЖ адразу на год.
«Увосені від на жыхарства скончыцца, планую яго працягваць. Мабыць, пераеду ў іншы рэгіён: трэба павандраваць па краіне, Турцыя ж вялікая. У наш неспакойны час будаваць далёкія планы няма ніякага сэнсу. На гэты момант мне камфортна ў гэтай краіне», — падсумоўвае Яўген.
«Са старту для пераезду сюды трэба мець на руках мінімум дзве штукі»
Яўгенія прыняла рашэнне з’язджаць з Беларусі на другі дзень вайны з Украінай, для яе гэта стала апошняй кропляй і той падзеяй, якая перакрэсліла надзеі на лепшае.
Дзяўчына працуе анлайн у сферы інфармацыйных тэхналогій, таму пытанне аб працы не стаяла — яна проста перамясцілася разам з ёй. Падаткі беларуска працягвае плаціць на радзіме. З сабой Жэня забрала і маці.
Турцыя выбіралася па прынцыпе адсутнасці неабходнасці рабіць візу. Плюс у краіне камфортны клімат і ёсць сябры.
«Мы жывём у Антальі, бо з прыбярэжных гарадоў ён самы вялікі і не супертурыстычны. У Антальі ёсць плюс-мінус усе даброты цывілізацыі, у адрозненне ад пасёлкаў, якіх тут багата вакол», — расказвае гераіня.
Сям’я пераехала ў красавіку, бо рабіла хатнім жывёлам прышчэпкі ад шаленства і пасля іх трэба было трымаць 30-дзённы каранцін. За квіткі Мінск-Стамбул на той момант яны аддалі 1100 еўра. Са Стамбула ў Анталью дабіраліся ўжо на машыне, заплаціўшы за пераезд і бензін 200 даляраў.
За кватэру Жэня з маці плацяць 550 даляраў за месяц: гэта кухня плюс гасціная і дзве маленькія спальні метраў па 9. Камуналка ў тых, хто пастаянна карыстаецца кандыцыянерам і бойлерам, тут выходзіць каля 100 даляраў. Яшчэ 25 зверху — інтэрнэт і тэлефон.
«У Турцыі арэнднае жытло амаль ніколі не прадугледжвае наяўнасці усёй мэблі, нам прыйшлося шмат чаго дакупіць: паліцы пад абутак і для ваннага пакою, люстэрка, посуд. Так што са старту на квіткі і жытло для пераезду сюды трэба мець на руках мінімум дзве штукі», — уводзіць у курс спраў Жэня.
Падстава для турыстычнага дазволу на жыхарства — дамова арэнды
Дзяўчына ўжо атрымала турыстычны дазвол на жыхарства на паўгода. Падставай для гэтага стала адна дамова на арэнду жытла. З заверанай копіяй гэтай дамовы, фотаздымкамі, копіяй пашпарта, заявай і падатковым нумарам (афармляецца анлайн) прыходзіш у мясцовую міграцыйную службу, запаўняеш анкету і чакаеш рашэння. Часам могуць дадаткова запытаць выпіску з рахунку: пажадана мець мінімум 500 даляраў у месяц на чалавека.
Без ВНЖ беларусам можна знаходзіцца ў Турцыі толькі 90 дзён у годзе, кожныя 30 дзён абнуляючы сваё гасцяванне выездам за межы краіны.
Дзяўчына жыве ў турэцкім раёне, дзе амаль адсутнічаюць замежнікі. І прадукты там вельмі танныя.
Пры курсе 17 лір за даляр памідоры яна набывае па 5—6 лір, кабачкі, кавуны і перцы па тры. Самая дарагая пакуль чарэшня — каля 15—20 лір за кілаграм. У крамах кшталту Migros прадукты ўжо будуць даражэйшыя — цэны параўнальныя з мінскімі.
«Тут няма малочкі ў звыклым нам сэнсе. Масла звычайна салёнае. Няма сыркоў і разнастайнасці ў ёгуртах. Каўбас таксама няшмат: свініну тут амаль не ядуць, усё ж мусульманская краіна. Затое фрукты і гародніна лепшыя і танныя.
У мяне ў Беларусі была вялікая праблема есці гародніну: я яе не люблю, а трэба ж ужываць. А тут без прымусу пачала, бо яна мае смак. У кавярнях усё таксама смачна і танна. Сярэдні рахунак — 20-25 рублёў, але пры гэтым я бяру ўсё, што хачу, і наўпрост на беразе мора», — каментуе суразмоўца.
«Буду праз дзесяць хвілін у туркаў — гэта часам праз 1,5 гадзіны»
З мінусаў жыцця ў Турцыі Жэня адзначае спецыфічнае жытло, адсутнасць цэнтральнага ацяплення і гарачай вады (у іх кватэры стаіць праточны награвальнік, і часам ён прыносіць нязручнасці), немалую колькасць бедных раёнаў з нізкім узроўнем жыцця.
«Тут таксама кульгае мясцовая сфера б’юці-паслуг — не ўмеюць рабіць якасна тыя ж пазногці. Таму тыя, хто прыехаў з СНД, ходзяць да рускіх майстроў — там ужо усё на найвышэйшым узроўні. Я была ў іх на педзікюры, манікюры, і нуль пытанняў.
Але тут вельмі камфортны для мяне клімат (я добра пераношу спёку). У Турцыі 300 сонечных дзён у годзе! Мяцовыя ўсе вельмі расслабленыя, пасміхаюцца, любяць жывёл і дзяцей. Праўда, і спазняюцца вечна. «Буду праз 10 хвілін» — гэта часам праз 1,5 гадзіны, і я не перабольшваю».
«І разумець, што па мяне не прыедуць»
Яшчэ адзін з мінусаў — палітыка, дадае гераіня.
«З палітыкай тут дупа, у наступным годзе пройдуць выбары, і цалкам магчымая сітуацыя, якая была ў Беларусі ў 2020-м. З эканомікай у іх лепш, чым у нас, канечне. Лепшыя заробкі, меншыя цэны. Але Эрдаган — такі ж дыктатар, шмат паліцыі. Але тут я ўсё адно магу накінуць на сябе любы сцяг і разумець, што па мяне не прыедуць адразу ж».
У Турцыі працуе «Амазон», ёсць і свае дастаўкі, аналагічныя «Анлайнеру». Сервіс у платных клініках — параўнальны з узроўнем «Ладэ» ці «Умкабелмеда» па цэнах і якасці. Каб жыць з большым камфортам, Жэня цяпер вучыць турэцкую: толькі з ангельскай і рускай за межамі турыстычнай зоны вас тут не зразумеюць.
«Я планую жыць у Антальі мінімум да сярэдзіны кастрычніка, працягнуць яшчэ на паўгода ВНЖ. А потым паглядзім. Праз год, як я і казала, тут выбары і, на мой погляд, чакаецца нешта падобнае з Беларуссю. У такім выпадку я не хацела б заставацца ў Турцыі. Пакуль жа можна пакайфаваць у добрым клімаце, пахадзіць на мора і паесці смачных фруктаў», — дзеліцца планамі Жэня.
«Кватэру здалі не гаспадары, а махлярка»
Капірайтар, рэпетытар па англійскай мове і бубнач Ягор Блахін, як і Яўгенія, пераехаў з сябрамі ў Турцыю пасля пачатку вайны: туды не патрэбная віза, і краіна менш перанаселеная эмігрантамі ў параўнанні з Грузіяй. У якасці пункту для новага месца жыхарства быў абраны Стамбул.
«Мы думалі пра эміграцыю даўно. Куча маіх сяброў у турме, нехта пад следствам, нехта збег з краіны. Трымала шмат, але пасля пачатку вайны я ўсё ж сказаў усім сваякам, што-такі з’язджаю, і калі хочаце — едзьце са мной.
У сакавіку ўжо пачаўся рост цэн на квіткі. У выніку мы даляцелі да Масквы, адтуль быў прамы самалёт у Стамбул, але рэйс «Аэрафлота» адмянілі. Я адчыніў спіс краін, якія, як мне падавалася, сябруюць з Расіяй і не ўвядуць санкцыі — Узбекістан, ААЭ. І мы з сябрамі ў выніку купілі квіткі праз Эміраты і Узбекістан. Каштавала 700—800 даляраў на чалавека», — згадвае хлопец.
Непрыемны сюрпрыз чакаў маладзёнаў на самым першым этапе — пры пошуку жытла. Шукалі на на спецыялізаваным сайце і ў сацсетках. У выніку знялі добрую кватэру пры дапамозе рыэлтара, але аказалася, што яе ім здалі не гаспадары, а махлярка — у субарэнду і даражэй, чым тая каштуе ў рэальнасці. Плюс яна забрала дэпазіт — каля 700 даляраў.
«Мясцовыя, будзь іх воля, дазволілі б нам знаходзіцца ў краіне 365 дзён без аніякіх дакументаў»
«Праз гэтую няўвязку мы не змаглі атрымаць наш турыстычны ВНЖ, звярнуліся ў мясцовую паліцыю і патлумачылі праблему. Нам выдалі часовы дакумент для знаходжання ў Турцыі да рашэння суда, які прызначаны на лістапад. Сапраўдныя гаспадары кватэры ў любым выпадку на нашым баку, мы працягваем жыць там жа. Як сказалі паліцэйскія, наша сітуацыя суперунікальная: такое ў іх — рэдкасць. І дзякуючы ёй, мы цяпер сябруем з шэфам мясцовай паліцыі. Увогуле, мясцовыя прызналіся, што беларусам, айцішнікам, хто працуе анлайн, будзь іх воля, яны б дазволілі знаходзіцца ў краіне 365 дзён без аніякіх дакументаў, бо мы не забіраем працоўныя месцы, цывілізаваныя людзі, а грошы ў краіне пакідаем», — расказвае Ягор.
«Дрэнна развітае ўсё, што звязана з тэхналогіямі»
Ягор пералічвае рэчы, да якіх беларусу ў Турцыі, прыйдзецца прызвычайвацца:
«Тут дрэнна развітае ўсё, што звязана з тэхналогіямі: сайты і мабільныя праграмы працуюць так, нібыта зробленыя наспех. З іншага боку, ёсць зручная сістэма аплаты для ўсяго грамадскага транспарту: набываеш картку і проста яе папаўняеш.
Для кагосьці можа стаць праблемай намаз пяць разоў на дзень, які адбываецца гучна.
Вялікі мінус — немагчымасць знайсці працу без ведання турэцкай мовы. Максімум — фрукты перабіраць ці нешта ў турыстычнай сферы. Мясцовыя і самі церпяць ад недахопу працы. Сам я заняты як фрылансер анлайн, але і тут ёсць праблема. Грошы мне прыходзяць з розных краін свету, а, улічваючы санкцыі, паступленні з Расіі вельмі складана забіраць. Адкрыць жа рахунак у банку з добрымі ўмовамі замежніку без ВНЖ складана.
Пакуль я карыстаюся сервісамі MoneyGram і Western Union. Шкада яшчэ, што ў Турцыі не працуе PayPal — гэта таксама крытычна важна для фрылансера».
Кватэру каля аэрапорта імя Атацюрка (Ягор параўноўвае раён з мінскім Зёлёным Лугам) разам з сябрамі ён здымае за 380 даляраў, але апошнім часам жытло ў Стамбуле моцна падаражэла і трэба арыентавацца на старт ад 450—500 даляраў. Камуналка і інтэрнэт — яшчэ 50 даляраў зверху.
«З іншага боку, тут усе дамовы заключаюцца мінімум на паўгода і ў лірах, а курс моцна скача. Калі здымеце кватэру за 500 даляраў, ёсць вялікая верагоднасць, што праз месяцы тры яна будзе каштаваць 450.
Канечне, гэта нядобра: пакуль эканоміка трымаецца, але ж гэта справа часу. Мыльная бурбалка рана ці позна лопне — па прагнозах, ёсць верагоднасць эканамічнага крызісу і досыць вялікая», — дадае наш суразмоўца.
«Паабедаў некалі за 1,5 даляра»
Расказваючы пра ежу, Ягор згадвае свой рэкорд.
«Я паабедаў некалі на 22 ліры, гэта 1,5 даляра. І пры гэтым я ўзяў бургер, бульбу і колу. Агулам тут суперразвітая дастаўка, але, калі не ведаеш добра турэцкую, гэта гісторыя закрытая. Прасцей купіць піцу самому, чым паўгадзіны тлумачыць дастаўшчыку, як патрапіць на тваю вуліцу.
Для спраў з афармленнем дакументаў мы наймалі перакладчыка, але паціху вучым турэцкую пры дапамозе праграм у тэлефоне. Галоўнае тут, як з любой мовай — здужаць хаця б з лічбамі і мадальнымі дзеясловамі».
Ягор таксама згадвае высокія цэны на алкаголь і цыгарэты ў сувязі з акцызамі. Але Турцыя агулам — краіна, дзе паляць вельмі шмат, таму і альтэрнатыва ёсць.
«Цыгарэты, тыпу мясцовыя самакруткі, тут прадаюцца на кожным куце. І гэта вельмі танна ў параўнанні з тым, што ў крамах: каля 10 лір за ўпакоўку».
«Для мужчын, якія носяць бараду, у Турцыі — казка»
Ягор звяртае ўвагу, што для мужчын, якія носяць бараду ці вусы, у Турцыі — проста казка.
«Пад домам у цырульні мяне не толькі пастрыгуць, але і зробяць маску для твару, масаж, і ўсё задавальненне каштуе 80 лір (каля 10 даляраў). Для дзяўчат такіх месцаў у Турцыі менш у працэнтных суадносінах, па маіх ацэнках».
Хлопец зрабіў сабе танную медстрахоўку: 60 даляраў на год, але пакуль ёй не карыстаўся.
«Мой сябар хадзіў лячыць зуб у прыватную стаматалогію — ставіў там пломбу і аддаў даляраў 40, яму ўсё выдатна зрабілі», — адзначае Ягор.
У планах хлопца — паглядзець свет далей, павандраваць:
«Я не прывязаны да месца працы, да дзяцей, мне лёгка выбіраць месца жыхарства. У мяне няма натуры аселасці: мне не трэба набываць нейкі свой участак, мець маёмасць (у Турцыі, напрыклад, можна набыць новую кватэру за сто тысяч даляраў).
Але калі мы і не зможам кудысьці паехаць далей, то і ў Турцыі вельмі камфортна, нам тут падабаецца: Турцыя куды больш свабодная за Беларусь на гэтым этапе. Я ўдзячны гэтай краіне, што яна мяне прытуліла, і грэх скардзіцца на нешта. Глабальна, канечне, хацелася б, каб скончылася вайна, змянілася кіраўніцтва нашай краіны. І мне хочацца аднойчы вярнуцца ў Беларусь, як і многім».
Каментары