Праз кавід страціў працу і ад няма чаго рабіць пачаў здымаць ролікі. Гісторыя Хабі Ламэ, самага папулярнага тыктокера свету
У тыктоку змяніўся лідар па колькасці падпісчыкаў. 18-гадовую амерыканскую танцорку Чарлі Д'Амеліа абагнаў малады італьянец Хабі Ламэ, які праславіўся ролікамі з выкрыццём бязглуздых лайфхакаў. Яны настолькі смешныя і папулярныя, што вы дакладна іх бачылі, нават калі ніколі не карысталіся тыктокам.
Хабанэ (Хабі — скарочаны варыянт імені блогера) Ламэ нарадзіўся ў 2000 годзе ў Сенегале, але праз год яго сям'я пераехала на поўнач Італіі. Хаця хлопец вырас у Турыне і заўзее за мясцовы «Ювентус», у яго дагэтуль няма італьянскага пашпарта — яго можна атрымаць толькі пры ўмове нараджэння ў Італіі.
«Мне не патрэбны кавалак паперы, каб лічыць сябе італьянцам», — кажа Ламэ і дадае, што ніколі адсутнасць грамадзянства не была для яго праблемай.
Пасля школы будучы кароль тыктоку пайшоў працаваць на завод недалёка ад Турына, але ў 2020-м поўнач Італіі пачаў палыхаць з-за каранавіруса. З-за аб'яўленнага лакдаўну Хабі застаўся без працы і быў вымушаны сядзець у бацькоўскай кватэры.
Замест пошуку працы, Ламэ завёў тыкток і пачаў здымаць ролікі. Спачатку гэта былі стандартныя жарты, лэцплэі і мініяцюры на італьянскай мове, якія прыносілі падпісчыкаў, але не прыносілі папулярнасць.
Самы першы тыкток Ламэ
Так працягвалася да канца лістапада 2020 года, калі Ламэ зняў рэакцыю на вірусны пранк: дзяўчына не магла вызваліць нагу з веласіпеднага замка, якім яе прыкулі да клумбы.
Відэа набрала мільёны праглядаў, а каментатары дзівіліся глупству пранка і не верылі ў яго рэальнасць. Так Хабі Ламэ зразумеў, які кантэнт патрэбны гледачам, і стаў разбуральнікам бязглуздых лайфхакаў і пранкаў.
Ён адшукваў бескарысныя парады для простых задач (часам іранічныя) і запісваў да іх адказ, у якім дасягаў патрэбнага выніку без асаблівых высілкаў. У канцы роліка хлопец закатваў вочы і расстаўляў рукі, нібыта пытаючыся: «У чым праблема зрабіць вось так?» Гэты жэст стаў фішкай Хабі Ламэ.
Такія ролікі былі простыя ў вытворчасці і амаль не ўтрымлівалі тэксту, што рабіла іх зразумелымі па ўсім свеце. За лічаныя тыдні тыкток Ламэ набраў 10 мільёнаў падпісчыкаў, і іх колькасць пачала расці ў геаметрычнай прагрэсіі. На момант, калі ён стаў лідарам сацсеткі, у яго было 142,5 мільёна фаловераў і больш за 3 мільярды лайкаў.
Італьянскага тыктокера сёння ведаюць ва ўсім свеце, асабліва ён папулярны на радзімах, у ЗША і Бразіліі (ён часта здымаецца ў цішотках зборных па футболе гэтых краін). Часта разбураць лайфхакі Ламэ дапамагаюць сусветна вядомыя зоркі: футбалісты, гоншчыкі «Формулы-1» і спевакі.
Ламэ не прайшоў міма падзей ва Украіне. Пасля ўварвання Расіі ён зняў антываенны ролік, у якім сыграў вайскоўца са сцягам РФ на форме.
А нядаўна на цырымоніі ўручэння блогерскай прэміі ў Канах італьянец сфатаграфаваўся з вядомым украінскім катом-блогерам Сцяпанам, які з гаспадыняй уцёк з Харкава.
Папулярнасць Ламэ тлумачаць тым, што ён адрозніваецца ад іншых селебрыці, якія падыходзяць да стварэння кантэнту з усёй сур'ёзнасцю і спрабуюць уплываць на аўдыторыю, расказваючы ім, што трэба рабіць і як выглядаць. А Хабі выглядае, як звычайны хлопец, з якім у карыстальніка нашмат больш агульнага, чым з нейкімі іншымі недасяжнымі зоркамі.
Каментары