Уладзімір Пастухоў кажа, што вайна, відавочна, першапачаткова пайшла не так, як планаваў Крэмль. І калі ў першы месяц вайны крамлёўскае кіраўніцтва знаходзілася ў стане, што быў у Сталіна ў першыя 10-15 дзён вайны, то далей усё перабудавалася на рускі лад, які палягае ў тым, што «жыццё — пятак, масай задушым», «бабы яшчэ нараджаюць», рэсурсаў хопіць, мы іх перажывём.

На ПМФ Пуцін ужо выйшаў з канцэпцыяй вечнай вайны, мяркуе Пастухоў.

У чым канчатковыя мэты Расіі?

— Цяжар гэтай вайны складаецца ў тым, што гэта вайна без мэты, у Расіі ў гэтай вайне няма мэтаў, і таму вайна не можа скончыцца нармальным чынам, таму што мэта гэтай вайны — вайна, — кажа Пастухоў.

Палітолаг мяркуе, што ў той часткі кіраўніцтва Расіі, якая цалкам рацыянальная, і якую называюць тэхнакратычнай, склалася канцэпцыя выжывання Расіі, сэнс якой заключаецца ў тым, што вайна зʼяўляецца нармальным здаровым і карысным станам для Расіі. І гэтую вайну трэба пастаянна падтрымліваць, як павольны агонь.

— Можна гатаваць на моцным агні, а ёсць такія булёны, якія трэба кіпяціць гадзінамі на маленькім агні.

Дык вось цяпер для іх вайна — гэта такі маленькі агонь, на які яны хочуць паставіць Расію і перакіпяціць яе, каб атрымаць у выніку праз 25 гадоў абсалютна іншы, патрэбны ім булён. На што яны разлічваюць? Яны разлічваюць на тое, што пакуль яны будуць гарэць на маленькім агні, вось тая самая Еўропа згарыць у агні і «патрапіць у пекла».

Якая стратэгія Захаду?

Ніякай адзінай стратэгіі ў Захаду няма, лічыць палітолаг.

— Еўропа пакуль знаходзіцца ў працэсе ўсведамлення таго, у якое непрыемнае месіва яна ўляпалася. Пасля 1991 года, калі адбыўся «адліў Расіі з Еўропы», усе вырашылі, што Расія перастала існаваць як еўрапейскі гулец. А цяпер яна раптам выскачыла як чорт з табакеркі, прычым у самым непрыемным выглядзе. Такое ўражанне, што двухсот апошніх гадоў не было, і вось ён Аракчэеў разам з Аляксандрам і сваім «Священным союзом» прэ на ўсю моц, прапісвае гэтай Еўропе свой «Священный союз» у якасці лекаў, — кажа ён.

Па словах Пастухова, у Еўропе ёсць розныя канцэпцыі, якія прадыктаваныя рознымі ўнутрыпалітычнымі сітуацыямі.

— Ёсць Борыс Джонсан (і не трэба яго запіхваць у адзін кошык з Джо Байдэнам, таму што ён не залезе ў адзін кошык з Байдэнам), у якога такая ўнутрыпалітычная сітуацыя, што любая вайна ў Еўропе для яго радасць і выратаванне. Бо ў яго ёсць такі тэарэтычны канструкт, што цяпер добра, каб там іскрыла вечная Курская дуга даўжынёй у некалькі тысяч кіламетраў.

Па-першае, дзвіжуха, усе занятыя.

Па-другое, добрая нагода Брытаніі, нягледзячы на «брэкзіт», вярнуцца ў Еўропу і гуляць там сваю ролю.

Па-трэцяе, цалкам разумны погляд на тое, што стратэгічна гэта вайна на спальванне апошніх расійскіх рэсурсаў, калі не дойдзе да абмену ядзернымі ўдарамі.

На думку Пастухова, апошняя стратэгія — лагічна больш закончаная, чым стратэгія міратворцаў, таму што ў гэтай стратэгіі не трэба ўлічваць думкі другога боку.

— Расія сваё слова сказала, яна ўжо ўляпалася ў гэтую вайну. Далей трэба разумна трымаць яе ўвесь час на адлегласці выцягнутай рукі, каб яна не саскочыла з гэтага кручка вайны, але ў галаву ёй не стукнула сапраўды бамбануць па Лондане ядзернымі ракетамі. Для гэтага яна павінна разумець, што як толькі нейкая ядзерная ракета вылеціць з Расіі, то насамрэч, без усялякіх жартаў, дзесяць паляцяць у бок Крамля. Калі Крэмль не будзе гэтага ведаць, ён будзе рабіць усё што заўгодна, колькі можа.

На думку Пастухова, цвёрдасць пазіцыі заходніх краін — адзінае, што можа стрымліваць Расію.

— Калі яны адчуваюць, што там блеф, гуляюць у покер, дык цяпер у Крамлі самая лепшая ў свеце каманда па гульні ў покер. Гуляць з імі ў покер бессэнсоўна, яны перайграюць. Можна толькі цвёрда прыняць для сябе пастанову даць ім сігнал, што далей гэтага пункту — ракеты ўзлятаюць і ляцяць у бок Расіі.

Пастухоў упэўнены, што Расія не будзе гатовая ні да якіх перамоваў, пакуль не ўпрэцца менавіта ў гэтую акалічнасць.

Які далейшы найбольш верагодны сцэнарый вайны?

Уладзімір Пастухоў чакае абвастрэння сітуацыі ў ліпені-жніўні, на пачатку восені. Расія ўпрэцца ў створаны эшалон абароны Украіны на Данбасе.

— Далей на гэтай кропцы пачнецца часовае баданне, і трэба будзе нейкім чынам стымуляваць сітуацыю. Я чакаю, што яе будуць стымуляваць спробай арганізаваць ціск ужо ў нейкай іншай кропцы [Украіны], зафіксаваўшы фронт на Данбасе і перакінуўшы рэсурсы ў іншае месца.

Пастухоў мяркуе, што да гэтага іншага месца «падключаць» Беларусь («у якасці новай крыніцы мяса»).

Клас
22
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
5
Сумна
23
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру