Гісторык патлумачыў, чаму знішчэнне магіл акоўцаў у Беларусі нельга параўноўваць з пераносам помнікаў у Польшчы
Помнікі ў цэнтрах гарадоў мусілі дэманстраваць усталяванне тут савецкай улады, якую большая частка насельніцтва небеспадстаўна лічыла акупацыйнай. І тым не менш, нават у цэнтрах еўрапейскіх гарадоў гэтыя помнікі і магілы доўга захоўвалі. Калі б цяперашнія расійскія ўлады не ўзнялі гэта ўсё на свае штандары ў прасоўванні новай імперскай ідэалогіі, то пытанне пра іх дэмантаж, магчыма, увогуле не падымалася б. Але сапраўдных пахаванняў савецкіх салдат у Еўропе ніхто не чапае, прынамсі такімі варварскімі метадамі, тлумачыць гісторык Аляксандр Пашкевіч.
Часовы павераны Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі на месцы знішчаных могілак
— Выглядае, што ў Беларусі мэтанакіравана нішчацца і апаганьваюцца могілкі польскіх жаўнераў. Як вы лічыце, чаму падобных выпадкаў стала шмат апошнім часам? Ці бачыце сувязь з дзяржаўным «расследаваннем справы аб генацыдзе беларусаў падчас вайны»?
— Думаю, з дзяржаўным «расследаваннем» гэтыя факты маюць самую непасрэдную сувязь, гэта відавочна звёны аднаго ланцуга. Рэжым Лукашэнкі ў апошнія гады ўступіў у яшчэ больш вострае, чым было раней, ідэалагічнае змаганне з заходнім светам. А паколькі Польшча і палякі — на пярэднім краі заходняга свету, і да таго ж разам з краінамі Балтыі займаюць найбольш непрымірымую ў дачыненні рэжыму пазіцыю, то па іх і намагаюцца ўдарыць — як мага больш балюча. Тым больш што гэта нашыя непасрэдныя суседзі са шматлікімі агульнымі старонкамі гісторыі, таму хапае балючых месцаў, па якіх можна ўдарыць.
Увогуле ж магчымым гэта стала таму, што ў апошнія два гады рэжым Лукашэнкі адкінуў нават нейкае падабенства прыстойнасці і цяпер не проста не прыхоўвае, але і адкрыта дэманструе, што гатовы абсалютна на ўсё. Мараль — не пра гэты рэжым. А паколькі і сам Лукашэнка, і ягонае найбліжэйшае атачэнне пазбаўленыя ўсялякіх маральных тармазоў і цяпер ужо не лічаць патрэбным нават фармальна аглядацца на хімеры сумлення, то і робіцца рэальнасцю тое, што яшчэ нядаўна здавалася малаверагодным. Тое самае, дарэчы, паралельна адбываецца і ў Расіі — час ад часу праходзіць інфармацыя пра спробы ўкалоць палякаў праз розныя здзеклівыя дзеянні ў дачыненні мемарыялаў у памяць расстраляных польскіх ваеннапалонных у Катыні і Медным.
— Распавядзіце, калі ласка, што гэта за польскія пахаванні, ці маюць яны нейкі статус, ці мусяць абараняцца дзяржавай?
— Гаворка ідзе пра мемарыяльныя комплексы, створаныя з ініцыятывы польскай меншасці ў Беларусі на месцах пахаванняў тых людзей, якія ў свой час змагаліся за польскую справу. Нейкага афіцыйнага ахоўнага статусу, наколькі я ведаю, яны не маюць, гэта проста добра дагледжаныя магілы, каля якіх можа быць пастаўлены і нейкі памятны знак: ці зусім сціплы, ці больш грунтоўны, у залежнасці ад магчымасцяў і намераў арганізатараў устаноўкі.
Беларуская дзяржава ва ўстаноўцы гэтых помнікаў, як правіла, непасрэдна не ўдзельнічала, хіба можа толькі нейкія мясцовыя чыноўнікі маглі спрыяць нефармальна. Але да пары да іх ставіліся збольшага нейтральна: не заахвочвалі працэсу, але зусім актыўна з ім і не змагаліся, прынамсі сістэмна.
— Дэпутат Сейма Польшчы Робэрт Тышкевіч назваў зруйнаванне могілак «актам дзяржаўнага варварства». Удзел беларускай дзяржавы тут бачыць і афіцыйная Польшча. Ці сапраўды гэта так? Ацаніце рэакцыю ўладаў Беларусі на падобныя акты вандалізму.
— Я не думаю, што тут магло абысціся без дзяржавы. Улічваючы, наколькі паліцэйская дзяржава сённяшняя Беларусь, зусім неверагодна, што па краіне раптам пракацілася несанкцыянаваная хваля апаганьвання і руйнавання магілаў, а сілавыя структуры не могуць гэтаму даць рады. Мы ведаем, якая звычайна рэакцыя ў гэтай краіне на куды больш бяскрыўдныя рэчы. За надпіс на сцяне, непрыемны ўладам, ці тым больш калі нешта зрабіў з дзяржаўным сцягам, даюць гады зняволення, судзяць за налепкі, каментары, лайкі ў сацсетках ці за стужачкі ў валасах няправільных колераў. Учора было паведамленне, што чалавека судзяць за тое, што пераскочыў цераз Вечны агонь на плошчы Перамогі ў Менску. А тут цэлыя могілкі з зямлёй зраўнялі, і нібыта так і трэба…
— Ацаніце ролю і дзейнасць жаўнераў Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі. Якое мусіць быць стаўленне да іх і памяці пра іх?
— Жаўнеры Арміі Краёвай і іншых падпольных польскіх фармаванняў змагаліся ў гады Другой сусветнай вайны і ў першыя гады пасля яе з нямецкімі нацыстамі і з савецкімі камуністамі за вольную Польшчу. Натуральна, у тых межах, у якіх яна існавала да Другой сусветнай, то бок з уключэннем заходнебеларускіх тэрыторыяў і з захаваннем дзяржаўнай мяжы, праведзенай у Рызе ў 1921 годзе. Той мяжы, якую мы, беларусы, небеспадстаўна лічым несправядлівай і непрымальнай для нашага народу.
Таму, вядома, мы не можам успрымаць удзельнікаў польскага падполля гэтак жа сама, як іх успрымаюць палякі, — як нацыянальных герояў. Але і як злачынцаў мы іх успрымаць не павінны, прынамсі калі не ідзе гаворка пра нейкіх людзей, злачынныя ўчынкі з боку якіх пацвярджаюцца канкрэтнымі фактамі і даследаваннямі, а не агульнымі бяздоказнымі абвінавачваннямі, як гэта любіць рабіць генеральны пракурор Швед і іншыя.
Польскае ваеннае і пасляваеннае падполле існавала ў пэўны час, у пэўным месцы і ў пэўных умовах. У той самы час на нашай тэрыторыі сутыкнуліся ў бойцы паміж сабой два таталітарныя рэжымы — гітлераўскі і сталінскі. На сумленні кожнага з іх — мільёны бязвінна загубленых жыццяў. І на іх фоне тая Польшча, за якую змагалася польскае падполле, выглядала зусім не горшым варыянтам. Нездарма ў шэрагах польскіх атрадаў на тэрыторыі Беларусі добраахвотна змагаліся тысячы нашых землякоў, і не толькі палякаў ды каталікоў — у той час канфесійны фактар меў немалое значэнне.
Пра ўсё гэта мы павінны памятаць, ацэньваючы дзейнасць і ролю Арміі Краёвай і таго, што было пасля яе. У кожным разе, адкрытага і дэманстратыўнага глумлення над іх памяццю гэтыя людзі дакладна не заслугоўваюць нават з чыста палітычнага гледзішча. Не кажучы ўжо пра агульначалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці, несумяшчальныя з вайной з нябожчыкамі.
— Як у іншых краінах сітуацыя з могілкамі савецкіх, беларускіх жаўнераў? Ці абараняюцца яны там?
— Нярэдка праз прапагандысцкія СМІ Расіі і Беларусі праводзіцца тэма, што, маўляў, у нейкай еўрапейскай краіне прынялі рашэнне дэмантаваць ці перанесці нейкі помнік савецкім вайскоўцам, якія загінулі на гэтай тэрыторыі падчас Другой сусветнай вайны. Пры гэтым рыторыка звычайна такая, што гаворка ідзе акурат пра здзек над магіламі.
Але, па-першае, калі такія рашэнні на Захадзе прымаюцца, то не заўсёды гаворка ідзе пра месцы, дзе рэальна нехта пахаваны. Часта гаворка пра помнікі, пастаўленыя ў час камунізму сімвалічна. А па-другое, калі ж такія спрэчныя мемарыялы сапраўды надмагільныя, то парэшткі пахаваных паводле ўсіх правілаў выкопваюцца, і праводзіцца іх перапахаванне з цэнтраў гарадоў у іншыя месцы, звычайна на могілкі. Туды ж пераносяцца і помнікі, калі гэта тэхнічна магчыма зрабіць.
Тут варта разумець, што калі ў свой час такія пахаванні рабіліся не дзе-небудзь на могілках, а ў цэнтрах еўрапейскіх гарадоў, то яны мелі ў тым ліку і сімвалічнае значэнне. Яны мусілі дэманстраваць усталяванне тут савецкай улады, якую большая частка насельніцтва небеспадстаўна лічыла акупацыйнай. Адпаведна, і не мела вялікага піетэту да яе сімвалаў. Але, тым не менш, нават у цэнтрах еўрапейскіх гарадоў гэтыя помнікі і магілы доўга захоўвалі, разумеючы пэўную двухсэнсоўнасць сітуацыі. І калі б ужо посткамуністычныя расійскія ўлады не ўзнялі гэта ўсё на свае штандары ў прасоўванні новай імперскай ідэалогіі, то пытанне пра іх дэмантаж увогуле не падымалася б.
Што да звычайных пахаванняў савецкіх жаўнераў, якія месцяцца недзе на могілках і не нясуць ідэйна-сімвалічнай нагрузкі, то ніхто іх у Еўропе не чапае, прынамсі на афіцыйна-дзяржаўным узроўні. Могуць здарацца, вядома, выпадкі апаганьвання ці разбурэння з нечай прыватнай ініцыятывы, але яны не заахвочваюцца і, калі выканаўцы выяўляюцца, іх караюць.
— Крыжалом у Курапатах у 2019 годзе, цяперашняе знішчэнне могілак польскіх жаўнераў. Што хаваецца за гэтай вайной рэжыму супраць мёртвых?
— Беларускі рэжым усцяж шукае, акрамя сілавога, яшчэ і ідэалагічнае апірышча. А паколькі, ад пачатку адкінуўшы і зрабіўшы варожай натуральную нацыянальную ідэю, сваёй альтэрнатыўнай жывой ідэалогіі стварыць не можа, то мусіць гэта кампенсаваць брутальнымі расправамі над канкурэнтамі, якія такія ідэі маюць. З гэтым і звязаныя падобныя, здавалася б, бессэнсоўныя з практычнага гледзішча акцыі, як знішчэнне крыжоў і руйнаванне магілаў.
Каментары