Свет55

На выпісцы напісалі «Слава Украіне». Як падлетка з Чарнігаўшчыны расейцы вывезлі ў гомельскі шпіталь

14-гадовага Сяргея Саракапуда з вёскі Ягаднае прымусова вывезлі ў Беларусь падчас актыўных баявых дзеянняў. Хлопца параніла ў плячо, калі ён выйшаў з падвала, дзе яго разам з сям'ёй і яшчэ больш за тры сотні жыхароў вёскі ўтрымлівалі расійскія салдаты ў сакавіку. Пра шлях яго вяртання дадому расказваюць «Суспільне. Новини».

На фота 14-гадовы Сяргей Саракапуд вяртаецца з Беларусі ў роднае сяло Ягаднае на Чарнігаўшчыне.

За мяжу хлопца яшчэ ў сакавіку прымусова вывезлі акупанты. Сяргей з сям'ёй 10 сутак правёў у школьным падвале, куды расейцы сагналі больш за 350 жыхароў вёскі. 13-га сакавіка яго з сястрой выпусцілі на паверхню, падыхаць паветрам і схадзіць па кіпень. У гэты момант за некалькі сотняў метраў упаў снарад.

Абломак разрэзаў хлопцу спіну ад пляча да пахі на 20 сантыметраў і зламаў два рэбры.

«Вельмі балюча было, упаў, кроў з рота ішла, адключаўся амаль, але падбеглі людзі і забралі мяне, адвялі да рускіх у медпункт», — успамінае хлопец.

Ноч Сяргей правёў у тым жа падвале. Хлопцу патрэбна была аперацыя, таму расейцы вырашылі перавезці яго ў палявы шпіталь у сяло Вішнёвае.

«Ён ужо стаяў каля машыны закруціўшыся ў коўдру ў крыві. Рускія кажуць, мы яго забіраем, кажу як? Я паеду з ім. Яны кажуць, для цябе месца няма, ты нікуды не едзеш. Мы яму схавалі пасведчанне аб нараджэнні пад коўдру», — кажа сястра хлопца Аліна.

Далей разам з параненымі расійскімі салдатамі, успамінае Сяргей, яго верталётам транспартавалі ў Беларусь. Сяргей трапіў у дарослы шпіталь у Гомелі. Там ён праляжаў амаль месяц. Яго маці даведалася аб гэтым, калі рускія ўжо адступалі з Чарнігаўскай вобласці. З-за недахопу паветра ў падвале жанчыне станавілася дрэнна, пра сына ёй не распавядалі.

Сяргея ж пасля дарослай бальніцы перавялі ў дзіцячую. Там ён правёў яшчэ месяц, за гэты час яму зрабілі дзве аперацыі.

«Спачатку раскрылі рану. Дасталі дробныя абломкі, потым зноў сшылі. А другая аперацыя — гэта ўжо перасадка скуры з нагі», — распавядае хлопец.

Родным удалося знайсці Сяргея дзякуючы допісу гомельскай медсястры ў сацсетках і ўпершыню пагаварыць з ім.

Аліна разам з праваахоўнікамі вобласці пачала шлях вяртання хлопца дадому. Дзяўчына адзіная з сям'і магла паехаць за Сяргеем. Калі былі гатовыя ўсе дакументы, Аліна захварэла вятранкай, вяртанне адклалася на два тыдні.

«Ён плакаў і я плакала, у нас інтэрнэт не лавіў, мы па гародах бегалі, каб злавіць, каб з ім пагаварыць. Ён — вы кінеце мяне. Ну як, кажу мы кінем? Мы цябе забяром, пачакай. Аліну тую зялёнкай … уся зялёная, пяць раз у дзень мазалі», — успамінае мама Сяргея Святлана.

Начальніца аддзела ювенальнай прэвенцыі паліцыі Чарнігаўшчыны Аксана Агненка, успамінае, што дактары пайшлі ім насустрач і прытрымалі хлопца ў бальніцы:

«Мы звязаліся з бальніцай яшчэ раз. Нам сказалі, што пойдуць насустрач яшчэ на некалькі дзён, каб патрымаць яго ў бальніцы. Калі б яго перавялі ў санаторый або ўстанову інтэрнатнага тыпу, то было б значна цяжэй адтуль яго забраць».

Шлях Аліны да Гомеля, які ад Ягаднага за 130 кіламетраў, цяпер ляжаў праз Польшчу да Брэста, затым да Мінска. Адтуль ужо да Гомеля.

Мама Сяргея

На зваротным шляху Аліна з Сяргеем вырашылі рызыкнуць і паспрабаваць прайсці праз беларуска-ўкраінскую мяжу ў Валынскай вобласці. Аксана Агненка кажа, былі гатовыя да розных сцэнароў развіцця падзей. Шчыльна супрацоўнічалі з пракуратурай вобласці і памежнікамі.

«Кожны дзень яны нам абнаўлялі інфармацыю, якія могуць узнікнуць цяжкасці, праблемы і шляхі іх пераадолення. І каб сказаць ёй: «усё, едзь да мяжы», трэба было яшчэ раз усё асэнсаваць, усе рызыкі перагледзець».

Сястра Сяргея ўспамінае:

«Хлопчыка прывезлі да мяжы, там мы тры гадзіны правялі, так як з выпіскай было непаразуменне, так як там было напісана «Слава Украіне!». Гэта значыць доктар быў украінец і ён так прыгожа паднёс усё, але не падумаў, што на мяжы, краіна агрэсар.. Нам спачатку не паверылі і вельмі доўга ўсё правяралі. Потым пешшу 1,5 — 2 кіламетры ішлі, там нас сустрэла служба паліцыі».

Каментары5

  • Пан Сахі
    04.08.2022
    Гэта не разуменне, гэта поўная адсутнасць разумення.
  • Чел
    04.08.2022
    Вы еще не поняли? Доктор специально подставил хлопца, чтобы тот до дома не добрался. 
  • Турыст
    04.08.2022
    Усё залежыць ад людзей. Я вясной ехаў праз беларускую мяжу ў заходнім нарпамку і там на выезд з Беларусі былі легкавыя машыны з украінскімі нумарамі, такія пабітыя, шкло у трэшчынах, казалі, што з Марыўпаля едуць, на дзяцей не ўсе дакументы былі. Дык беларуская мытніца, жанчына ў гадах, так за іх перажывала, сама павяла іх у банк плаціць налог на выезд, папрасіла каб без чаргі абслужылі. А я яшчэ падумаў, маглі б беларускія ўлады такіх бежанцаў асвабадзіць ад гэтага налога, людзі ў такое становішча трапілі, а з іх яшчэ тры шкуры дзяруць.

Сілавікі выклікаюць на размовы — што трэба ведаць2

Сілавікі выклікаюць на размовы — што трэба ведаць

Усе навіны →
Усе навіны

Трансгендарная дачка Ілана Маска адказала на яго гучныя заявы12

У дзень цырымоніі адкрыцця Алімпіяды ў Францыі адбыліся дыверсіі на чыгунцы1

У Мінску пачалі судзіць пяць чалавек па гучнай справе за «падрыхтоўку тэракту ў Дзень перамогі»3

Якая сетка кафэ самая распаўсюджаная ў Беларусі? Гэта не «Бургер Кінг» і не былы «Макдональдс»2

95-гадовая жанчына патанула ў каркасным басейне ў Лёзненскім раёне1

Марыя Васілевіч расказала, як стала вядучай «Калыханкі». Кажа, гэта не дзеля папулярнасці6

Даляр на таргах апускаўся ніжэй за 3,10 рубля1

«Байсол» збірае грошы для дзяцей палітвязняў перад школай — яшчэ можна падтрымаць2

Экс-дзяржсакратар ЗША апублікаваў імаверны мірны план Трампа па Украіне. Што ў ім?29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі выклікаюць на размовы — што трэба ведаць2

Сілавікі выклікаюць на размовы — што трэба ведаць

Галоўнае
Усе навіны →