Прыняцце цэнавай дырэктывы выклікала нямала пытанняў. Адно з іх — ці не прывядзе такая спроба кантраляваць рынак да сур'ёзнага дэфіцыту і звужэння асартыменту? Здаецца, нейкія катэгорыі тавараў цяпер сапраўды не знайсці, піша «Спутнік».
Рашэннем Лукашэнкі цэны ў краіне былі замарожаныя па стане на 6 кастрычніка. Наўздагон прынялі яшчэ некалькі пастаноў, якія павінны растлумачыць бізнэсу новую цэнавую палітыку, потым паследавалі тлумачэнні ад МАРГа і запэўніванні, што адміністрацыйным рэсурсам на рынак уздзейнічаць можна, а ў цяперашняй сітуацыі — нават трэба.
Калі ў выпадку з прадуктамі неабходны мінімум сяк-так вытрымліваецца (а ў буйных гіпермаркетах асартымент па-ранейшаму нядрэнны), то вось з бытавой хіміяй і касметыкай становіцца сапраўды цяжкавата: хатнія запасы заканчваюцца, а папоўніць іх няма чым.
Sputnik прагуляўся па крамах буйных сетак, якія спецыялізуюцца на бытавой хіміі, і паглядзеў, што цяпер з асартыментам.
Першае, што кідаецца ў вочы ў крамах бытавой хіміі — спроба запоўніць пустыя паліцы. Кансультанты знарок расстаўляюць слоічкі больш свабодна, а за першым-другім — пустата.
У адным «спальніку» выбар парашкоў і мыйных сродкаў яшчэ ёсць, праўда, калі прыгледзецца, у наяўнасці іх таксама не вельмі шмат — стаяць толькі ў два шэрагі.
Самы бедны асартымент — сярод сродкаў для валасоў. Многіх марак імпартных шампуняў няма наогул, зніклі бальзамы і маскі для валасоў, а тое, што засталося — літаральна ў адзінкавых экзэмплярах.
Стайлінг — яшчэ адна катэгорыя тавараў, якая знікла зусім. Пенкі для ўкладкі валасоў, мусы, пасты, гелі і лакі — асобныя маркі зніклі цалкам. Стаіць трохі рэшткаў іншых фірмаў, але ў цэлым на паліцах пустата.
«З лютага мае любімыя лакі для валасоў выраслі ў цане роўна ў два разы. Нам абяцалі знізіць цэны, калі даляр ўпадзе, але дзе? Раней, вылоўліваючы акцыі (а ў гэтай краме даная марка раз у 2-3 месяцы трапляла на 50%-ную зніжку), я магла купіць дзве пенкі для валасоў па цане адной — за 7 з капейкамі рублёў. Апошнім часам на акцыю яны ўжо не траплялі і каштавалі па 12-14 рублёў. А цяпер іх наогул не знайсці нідзе», — скардзіцца дзяўчына, спрабуючы знайсці патрэбны тавар.
У іншай краме гэтай жа сеткі, але ў цэнтры горада, асартымент такі ж: паліцы з шампунямі і бальзамамі для валасоў пустыя, выбар сродкаў для ўкладкі практычна адсутнічае (ды і таго, што ёсць, засталося ўсяго пару слоічкаў). Зніклі з продажу практычна ўсе маркі мужчынскіх і жаночых дэзадарантаў. Амаль цалкам пустуюць паліцы з дэкаратыўнай касметыкай (хоць асобныя імпартныя прадукты захаваліся ў поўным асартыменце). Збяднеў выбар фарбаў для валасоў, зубных паст.
Ёсць складанасці з дзіцячай касметыкай: засталося трохі імпартных дзіцячых шампуняў, сродкаў для купання, крэмаў, куды менш — расійскіх тавараў.
«Не магу знайсці сваю пудру. А яшчэ ўсё стала адчувальна даражэйшым. Яшчэ зімой брала 4 кг парашка на акцыі (яны кожны месяц былі) за рублёў 15. Зараз гэта ж марка каштуе 28 рублёў. Вельмі моцна падаражэлі пракладкі: 10 рублёў за ўпакоўку з 8 штук, пагадзіцеся, дорага, а такіх упаковак патрэбна не адна, вы ж разумееце. Раней на акцыі іх купляла з 50-працэнтнай зніжкай, амаль 3 рублі каштавалі», — скардзіцца пакупніца.
Напалову пусты
У сетцы-канкурэнце тыя ж праблемы з аналагічнымі пазіцыямі: шампуні стаяць у адзін рад, многія маркі зніклі. Што цікава, некаторае апусценне ёсць і на паліцах з беларускай касметыкай для валасоў: асобных шампуняў і бальзамаў засталося ўсяго пару слоічкаў.
У суседняй краме гэтай жа сеткі трохі парадзелі шэрагі з парашкамі, гелямі-канцэнтратамі, капсуламі для мыцця і кандыцыянерамі, але прыкупіць яшчэ ёсць што. Няма стайлінгу, фарбаў для валасоў, амаль не засталося сродкаў жаночай гігіены і дэкаратыўнай касметыкі.
Часова ці настолькі знізіўся выбар? Ні ў крамах, ні ў кол-цэнтрах гандлёвых сетак адказаць не могуць.
«Нешта давозяць кожны дзень, але вялікай колькасці пакуль няма. Не ведаем, ці будзе, ці няма і з чым гэта звязана, але вы самі ўсё разумееце», — кажа прадавец аднаго з магазінаў бытавой хіміі ў цэнтры Мінска, раскладваючы «дэкаратыўку».
Каментары