Памятаеце бяздомнага блогера, які пасля пратэстаў перабраўся ў Польшчу? Цяпер ён жыве на Лазурным беразе
Жыццё Віктара Анікеенкі рабіла шмат нечаканых кульбітаў. Выкладчык англійскай мовы, жаніх на «Давай пажэнімся», псіхолаг, удзельнік пратэстаў, бяздомны блогер… У 2022 годзе з'ехаў ад рэпрэсій у Польшчу. А цяпер украінская блогерка сустрэла Віктара на Лазурным беразе.

Украінская інстаблогерка Каця Фестываль, якая жыве на Лазурным беразе, запісала размову з мясцовым бяздомным — высветлілася, што той беларус. Яе суразмоўцам стаў Віктар Анікеенка.
Блогерцы ён распавёў, што ў Беларусі ў яго ва ўласнасці засталіся дзве кватэры, але вяртацца туды мужчына не плануе.
На пытанне, ці не баіцца ён захварэць, Віктар адказаў адмоўна:
— У мяне імунітэт як у таракана ці як у свінні. Ем усё, у тым ліку і даядаю за людзьмі, але нічым не хварэю. Ну там зрэдку, можа, чамусьці менавіта летам, у спякоту, мяне прабярэ якая-небудзь прастуда ці лёгкае запаленне.
Што тычыцца гігіенічных працэдур, Віктар прызнаўся, што не мае ў гэтым штодзённай патрэбы — але перыядычна мыецца, каб не засмучаць людзей побач непрыемнымі пахамі. Час ад часу ходзіць і да барбера.
— І вам тут камфортней жыць бамжом, чым дома ў сваіх сценах? — здзівілася Каця.
— Не паверыце, так, — адказаў Віктар. — Нават у гэтай самай горшай краіне за ўсё маё жыццё, Францыі, бамжом, начуючы вось на гэтай вуліцы [лепш]. Бо сядзець камусьці хочацца?
Блогерка зразумела, што перад ёй палітычны ўцякач з Беларусі. Віктар пацвердзіў, што ўдзельнічаў у пратэстах, потым быў затрыманы і сядзеў у ІЧУ суткі.
Каця ў адказ уздыхнула, што ўкраінскія мужчыны не могуць з’ехаць з Украіны. Віктар парыраваў:
— Хто быў разумнейшы, хітрэйшы, дык зваліў у першыя дні вайны. Нешта я тут на кожным кроку сустракаю ўкраінскіх мужчын. А некаторыя мне прызнаваліся, што лясамі, палямі ўцякалі, рызыкуючы жыццём. А некаторыя казалі, што ім гэта каштавала з дзясятак тысяч даляраў. Ведаеце, 10 тысяч даляраў за выратаванне свайго жыцця — гэта фігня. Я бы такія грошы знайшоў нават у бяздомнасці, шчыра.
Віктар таксама сказаў, што не мае права працаваць у Францыі.
Тры ролікі, прысвечаныя беларускаму бяздомнаму на Лазурцы агулам сабралі ў інстаграме ўжо больш за 800 тысяч праглядаў.
Хто такі Віктар Анікеенка? Мужчыну 48 гадоў, нарадзіўся ён у Гомелі. Сцвярджае, што мае тры вышэйшыя адукацыі — інжынера-фізіка, эканаміста-менеджара і псіхолага.
Спрабаваў скарыць Маскву і пражыў там 15 гадоў.

У 2011 годзе Віктар удзельнічаў у расійскім шоу «Давай пажэнімся» — быў адным з трох жаніхоў. У відэа-візітоўцы распавялі, што ён — выкладчык англійскай мовы (і ведае шэсць моў), захапляецца эзатэрыкай, марыць адкрыць сваю школу і знайсці жонку-паплечніцу. Адзначалі, што зарабляе Віктар добра.

Найлепшым адпачынкам мужчына называў сваю працу, якую вельмі любіў. Прызнаваўся, што паходзіць з вельмі простай рабоча-сялянскай сям'і, але заўсёды верыў у сваю выключнасць. Амбіцыйнасць з дзяцінства не давала спакою, таму ўсё жыццё спрабаваў неяк вылучыцца з шэрай масы.
Сюрпрыз для нявесты на шоу ад Віктара выглядаў так — ён павязаў дзяўчыне чырвоны піянерскі гальштук, а сам барабаніў пад гімн піянераў і спяваў.

Нявеста абрала менавіта яго. Але, падобна, хэппі энду ў гісторыі не здарылася.
На вуліцы Віктар упершыню апынуўся ў 2019 годзе. Паўгода бадзяўся па расійскай сталіцы, а потым выпадкова сустрэў даўнюю сяброўку, якая прапанавала паехаць у родны Гомель.

У 2020‑м Віктара некалькі разоў затрымлівалі на пратэстах, агулам ён адсядзеў два тыдні ў ІЧУ. У 2022 годзе з’ехаў у Польшчу. Там спрабаваў працаваць у дастаўцы, але аднойчы трапіў колам самакату ў яміну, упаў і зламаў нагу. Страхоўкі ў Віктар не меў, таму атрымаў рахунак ад бальніцы на суму каля 3,5 тысяч еўра.
Нейкі час правёў у інвалідным вазку — перыядычна беларусу дапамагалі неабыякавыя людзі. У Польшчы ён падаўся на міжнародную абарону і атрымаў станоўчае рашэнне.

Віктар ў інтэрв’ю Белсату ў 2024 годзе жартаваў, што называе сябе самым прасунутым бяздомным Варшавы — бо вёў блог на YouTube, у якім прынцыпова не апускаўся да лаянкі. У той час Віктар казаў, што хоча стварыць рэаліці-шоу са свайго жыцця і зарабіць грошы не толькі на кватэру і бізнэс, але і на дабрачыннасць.

Прайшло амаль два гады. Як бачна, Віктар перасяліўся ў Францыю. Весці свой блог на YouTube не кінуў. На канале ён рэгулярна распавядае пра свае навіны — напрыклад, як зберагчы свае рэчы ад смеццявоза і паліцыі.
Аптымізму не губляе і кажа, што шукае жонку.
— Адзіны ў свеце беларускі бяздомны блогер! І то, мая бяздомнасць — гэта ўсяго толькі часовая прыгода, гэта выдатная аскеза асабістага і духоўнага росту, творчага развіцця, гэта спецназ для будучага мільянера, палітычнага і духоўнага лідара.
Цяпер чытаюць
Праектавалі кароўнікі і акумулятарны завод, а цяпер узяліся за барока. З велічнага езуіцкага калегіума ў Пінску збіраюцца збіць увесь тынк — а ён быў распісаны фрэскамі
Каментары