«Новае не абавязкова добрае, а пустое — яно і ёсць пустое. Зашмат фрагментаў, замала раманаў» — Ульяна Верына з журы Гедройця
«Пісьменнікам трэба вярнуць сабе права пісаць пра самае нежыццёвае і кіравацца, умоўна кажучы, «чыстай красой», — мяркуе доктар філалагічных навук, літаратуразнаўца Ульяна Верына. І хоча бачыць творы, у якіх аўтары не стараюцца апускацца да шырокага чытача. «Я маю на ўвазе такіх, у якіх была б моцная аўтарская асоба і спосабы пісьма, не запазычаныя, не «падслуханыя», хаця б і міжвольна, а выпрацаваныя цалкам самастойна». Сёлета Верына ўпершыню ў складзе журы вызначала пераможцаў прэміі Гедройця. Яе імя вядомае нешырокаму колу адмыслоўцаў, а сама яна не шукае медыйнай увагі. Між тым, літаратура — яе стыхія на працягу 25 гадоў.
Незалежная літаратурная прэмія Гедройця ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове.
Сёлета на прэмію прэтэндавалі 12 кніг. Пераможцам стаў Сяргей Абламейка і яго «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая». Другім і трэцім лаўрэатам сталі Вольга Гапеева («Самота, што жыла ў пакоі насупраць») і Валерый Гапееў («Жэнька, каралева мышак»).
Вежнавец і Скарынкіна
Пра сябе Ульяна Верына кажа, што займаецца літаратурай з тых часоў, як навучылася прафесійна чытаць і пісаць. На «шляху ў літаратуру» яна чвэрць стагоддзя, а ейнае хобі — складанне вершаў.
«У літаратуры мне цікава ўсё — вось проста ўсё, што адбываецца і што з’яўляецца. Нават самыя слабыя творы могуць быць цікавымі як факт свайго часу, як нейкі феномен. Я чытаю нешта новае кожны дзень», — даводзіць суразмоўніца.
Улюбёных кніг яна не мае.
«Магу назваць колькі кніг, якія лічу значнымі і якія з’явіліся нядаўна, — працягвае яна. — Адна з іх — пераможца мінулага сезона Гедройця «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец, другая таксама была адзначаная прэміяй — гэта «Райцэнтр» Тані Скарынкінай. Кнігу яе вершаў «Yesмамочка» я рэдагавала, таму прачытала вельмі ўважліва. У Тані свой, вельмі выразны аўтарскі голас і інтанацыі, якія часам хочацца пачуць унутры сябе».
«Цяпер той самы час, калі нон-фікшн перамагае»
Ульяна Верына адзначае, што на сёлетняй прэміі твораў было няшмат. Але былі прадстаўленыя цікавыя кнігі і аўтары, якія, на яе погляд, працягнулі тэндэнцыю апошніх гадоў у беларускай літаратуры.
«Гэта гістарычна-дэтэктыўная канва. Кніг, у сюжэце якіх былі такія элементы, аказалася тры, а тыя, якія можна ўмоўна і агульна назваць «займальнымі», — пераважалі», — адзначае Ульяна Верына.
Для яе гэта было праблемай, бо, як яна лічыла, варта трымацца асноўнай мэты прэміі: шукаць «найлепшую кнігу прозы».
«Гэта патрабуе стылю, апрацаванасці, індывідуальнасці, густу, рэдактуры ўрэшце — і адной толькі «чытэльнасці» замала для найлепшай прозы».
Ульяна Верына згодная з рашэннем журы аддаць першае месца кнізе Сяргея Абламейкі.
«Мне блізкая ідэя гэтай кнігі. Мне спадабалася, як яна напісана. Я адзначыла ўменне працаваць з матэрыялам, а яшчэ думаю, што цяпер той самы час, калі нон-фікшн перамагае справядліва. Спадзяюся, з гэтым будуць згодныя і шорт-лістары, а чытачы не пашкадуюць, калі прачытаюць кнігу пра Менск».
Упершыню ў тройку прэміі ўвайшлі ўсе тры віды прозы, якія прадугледжаныя, у тым ліку нон-фікшн і для дзяцей, адзначае таксама Ульяна Верына.
«Усё гэта новенькае, што аж блішчыць, не мае каранёў»
Ульяна Верына нарадзілася ў Менску, тут пахаваныя яе прабабуля і маці. Але няма ніводнага месца, якое яна можа лічыць «сваім».
«Мне не падабаецца, што ў нас не захоўваюць ні месцы, ні дрэвы — вынішчаюць «пад нуль». Наша гарадская прастора выглядае жахліва. Усё гэта новенькае, што аж блішчыць, не мае каранёў, не мае традыцый — яны проста не паспяваюць з’явіцца», — лічыць літаратуразнаўца.
Якое месца ў горадзе можа быць памятным хаця б для двух пакаленняў? — задаецца яна пытаннем.
«Я не пра манументы, а пра месцы чалавечага цяпла, супольных успамінаў, сяброўскіх сустрэч, — тлумачыць яна. — У цэнтры ўсё даўно нежывое і не для людзей, а новыя раёны — можа быць, там добрыя кватэры, не ведаю, магчыма, праз трыццаць гадоў, калі там вырасце хоць колькі дрэўцаў, там будзе чым дыхаць і дзе жыць, акрамя сваіх квадратных метраў. Для мяне новае не абавязкова значыць «добрае», а пустое — яно і ёсць пустое».
«Нашы пісьменнікі баяцца быць незразумелымі»
На пытанне, якога жанру ў беларускай літаратуры не хапае, Ульяна Верына адказвае: стылёва адметных і інтэлектуальна складаных твораў.
«Я маю на ўвазе такіх, у якіх была б моцная аўтарская асоба і спосабы пісьма, не запазычаныя, не «падслуханыя», хаця б і міжвольна, а выпрацаваныя цалкам самастойна, — падкрэслівае яна. — Мне здаецца, што нашы пісьменнікі ўсё яшчэ змагаюцца за чытача, а таму як быццам пабойваюцца быць незразумелымі, залішне разумнымі. Адчуваецца таксама адарванасць ад свету».
На думку літаратуразнаўцы, шмат пішуць пра мінулае, пра сям’ю, пра маладосць, пра гісторыю. З гісторыі ствараюць інтрыгу — каб зацікавіла.
«Да нядаўняга часу бачыла шмат імкнення пісаць лёгка і забаўляльна, шмат гульні.
Мала вялікай формы — раманнай, доўгай і цэльнай. Больш фрагментаў, з якіх тым ці іншым чынам можа выбудоўвацца аповед, — даводзіць яна. Мала паэм, больш цыклаў. Тэндэнцыі ў паэзіі і прозе аналагічныя.
Вялікі цэласны твор вельмі рэдкі, у той час як, скажам, раман застаецца найбольш прэстыжным жанрам, статусным і запатрабаваным выдаўцамі».
«Пісьменнікам трэба вярнуць сабе права пісаць пра самае нежыццёвае»
Ульяна Верына лічыць, што цяпер увогуле складана казаць пра тэндэнцыі ў літаратуры, бо яна існуе ў сваім часе — у катастрафічным.
«Здавалася б, якая можа быць творчасць падчас вайны? Гэтае пытанне цяпер гучыць вельмі часта, — заўважае суразмоўніца. — Але пісьменнікі не павінны маўчаць, літаратура павінна быць. Для некаторых беларускіх аўтараў з лютага 2022 года ўласнае творчае выказванне здаецца неправамерным, і я паважаю гэтую пазіцыю. Але паважаю і імкненне выказвацца на актуальную палітычную тэматыку».
На погляд літаратуразнаўцы, у абодвух выпадках ёсць небяспека, бо пісьменнік аказваецца несвабодным — залежным ад чаканняў і попыту.
«Але думаю, што пісьменнікам трэба вярнуць сабе права пісаць пра самае нежыццёвае і кіравацца, умоўна кажучы, «чыстай красой», — адзначае яна. — Таго цяпер бракуе, можа, і хочацца прачытаць нешта такое, што не мае ніякага дачынення да стужкі навінаў, але зразумела, што нічога не можа быць важнейшым, і любая «чыстая прыгажосць» будзе не больш, чым сродкам адпачынку ці пераключэння».
«Хацелася б, каб нашы пісьменнікі былі гэтак жа запатрабаваныя на радзіме, як цяпер за мяжою»
Падзеі апошніх гадоў не маглі не адбіцца на літаратуры.
«Гэта парадаксальна і сумна, але дзякуючы таму, што многія нашы літаратары знаходзяцца за мяжой, пра нашу літаратуру становіцца вядома больш і больш, з кожным іх выступленнем, з кожным выказваннем, з кожнай публікацыяй. Гэта вельмі важна», — падкрэслівае літаратуразнаўца.
«Я ведаю, люблю, паважаю і дзякую ўсім, хто працуе цяпер дзеля таго, каб пра Беларусь і беларусаў ведалі ў свеце, — дадае яна. — Вядома, хацелася б, каб нашы пісьменнікі былі гэтак жа запатрабаваныя на радзіме, як за мяжою.
Пажадаць усім і ўсяму я магу толькі свабоды. Тады будзе і мір, і радзіма, і літаратура».
Чытайце таксама:
Журы прэміі Ежы Гедройця зрабіла нечаканы выбар
Жонка Генадзя Бураўкіна: Добра, што ён не бачыць таго, што сёння робіцца. Нават мемарыяльную дошку на яго доме не далі павесіць
Уладзімір Сцяпан: У іх свая мерка літаратуры — колькасць базавых
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары