Дорага-багата. Колькі каштуюць далікатэсы на навагодні стол у Валяр'янава
Адзначыць Новы год душэўна можна, вядома, і па самым бюджэтным варыянце. Колькі ж каштуюць прадукты на экарынку, якія не кожны дзень паставіш на стол, даведалася «Мінская праўда».
Рыба
Які ж навагодні стол без рыбных прадуктаў? Ікра, сёмга, асятрына, нават лобстары жывыя ёсць у наяўнасці.
Праўда, цана на лобстара касмічная — амаль 200 рублёў за кіло. Адзін экзэмпляр важыць прыкладна 850—900 грамаў. Завозяць іх на рынак кожны тыдзень. За гэты час сыходзяць амаль усе.
— Прыгатаваць іх вельмі проста. Варацца лобстары, як і ракі, у падсоленай вадзе са спецыямі, — кажа прадавец Даніла Мельнікаў. — Наша ахалоджаная рыба — гонар гандлёвага месца. У асноўным усе пастаўкі ідуць з Галандыі, і цяпер самае хадавое — гэта чырвоная рыба з фаражскіх вадаёмаў. Прадаём яе па цане 39,9 за кіло. Паколькі адна важыць 5—6 кілаграм, то пакупнікі ахвотна карыстаюцца паслугай па бясплатным разборы.
Попыт на гэтых гігантаў ёсць, людзі раз-пораз цікавяцца.
— Рыба найсмачнейшая, засаліць яе проста, выкарыстаўшы буйную марскую соль. Нічога не трэба дадаткова, бо наша задача — падкрэсліць яе смак, — кажа Даніла. — Не сапсуе рыбку цэдра лімона, а вось са спецыямі лепш не эксперыментаваць.
Ікра, чырвоная рыба гарачага і халоднага вэнджання, крэветкі, але, мабыць, самым экзатычным прадуктам назвалі (так-так) селядзец.
— Гэта галандскі селядзец «мацье» — далікатная рыба 20-працэнтнай тлустасці. Яе смак нікога не пакіне абыякавым, і яна выдатна падыдзе для навагодняга стала. Цана — 5 рублёў 90 капеек за 100 грам, — кажа прадавец.
Беларускі адказ
Гандлююць у Валяр'янава і беларускай рыбай. Тавар з нашых вадаёмаў прапануе фермерская гаспадарка з Іванава Брэсцкай вобласці. Ёсць у іх свае вадаёмы, дзе расце карп, таўсталобік, але для асартыменту фермеры бяруць рыбу і іншых гаспадарак.
— У нас задэкларавана каля 300 відаў прадукцыі, — распавяла гаспадыня гандлёвага месца. — Самы дарагі тавар — гэта вугор. Цана за адзін кілаграм складае 130 рублёў. Але гэта далёка не мяжа. Напрыклад, нам прапаноўвалі чорную ікру, якую паставілі б на рэалізацыю па 200 рублёў за слоічак. Але мы адмовіліся, аддаўшы перавагу чырвонай. Яна больш папулярная і добра прадаецца. Ікра нерпы па 35 рублёў за 100 г, гарбушы — 37 рублёў, кеты — 39 рублёў за такі ж аб'ём.
Прадавец раіць браць скумбрыю халоднага вэнджання ў іх выкананні за 25 рублёў, сёмгу па 85 і фарэль па 75 рублёў за кіло. Ёсць больш бюджэтныя сомікі па 35 рублёў.
Купіў — і на грыль
Якое ж раскошнае свята без добрага мяса? Стэйкі, рабрынкі на грылі, а можа індычка цалкам, ну ці, на крайні выпадак, качка з апельсінамі? Усё ёсць.
— Мы да навагодняга стала прапануем розныя віды мяса — ад маладой ялавічыны і бараніны да птушкі, — распавядае прадавец Яўген. — Усё вясковае — са Шчучынскага раёна, Смалявіцкага, бывае з Ашмянскага. Гусей, індычак, курэй возім на замову. Больш за тое, па жаданні кліента можам усю гэтую справу замарынаваць. Узяў гатовае, адправіў у духоўку, праз паўтары-дзве гадзіны атрымаў смачную страву.
Качка, даволі папулярная да свят, пацягне на 25 рублёў за кілаграм, гусь на пяцёрку даражэйшая. Улічваючы, што гэтая птушка важкая, то абыдзецца яна ў немалыя грошы. Гусь, напрыклад, стартуе з чатырох кілаграмаў, таму тушка абыдзецца ў 120 рублёў прыкладна.
— Прапануем прыгатаваць качку ў апельсінава-лімонным соусе, — падтрымлівае размову памочніца Яўгена Караліна. — Для падліўкі трэба змяшаць алей з міксам апельсінавай і лімоннай мязгі, дадаць імбір, перац, часнок, соль. Змазаць гэтым качку і пакінуць на суткі перад запяканнем. Лепш за ўсё гатаваць у рукаве.
А вось у аліўе гаспадыня раіць пакласці філе індычкі па 28 рублёў за кіло.
— Хто любіць бараніну, таму таксама да нас, — кажа Яўген. — Цэны ад 18 да 36 рублёў. Ялавічына на стэйкі максімальна даходзіць да 57 рублёў.
Каўбасы
А вы ведаеце, што сярод асартыменту беларускіх каўбасных вырабаў ёсць нават каўбаса ў цвілі? Геаграфія паставак — ад Дзяржынска да Моталя Брэсцкай вобласці. Цэны стартуюць ад 25 рублёў.
Вось, напрыклад, фірмовая каўбаска з ялавічыны абыдзецца ў 39 рублёў за кіло. А далікатэсная курыная ў высакароднай цвілі каштуе 9 рублёў за 180 г, ці прыкладна 45 рублёў за кілаграм.
Не хочацца курынай ці свіной? Жадаеце дадаць у нарэзку аленевай каўбаскі? Тады прыкладна 85 рублёў за кіло, вяленае мяса — 140.
— Ёсць выразка некалькіх відаў да 65 рублёў за кіло. Яна самая простая ў падрыхтоўцы, і яе я раіў бы браць для запякання. А таксама каўбасы, паштэты і чыпсы. Апошнія самыя дарагія — 185 рублёў за кілаграм, — гаворыць гаспадар крамы Андрэй з паляўнічай гаспадаркі «Белы бор», што ў Слуцкім раёне.
Сыры
Сыроў на экарынку — вочы разбягаюцца. Калі не ведаеш, за чым прыйшоў, то папросту заблытаешся ў назвах і гатунках. Але фермеры і прадаўцы заўсёды дадуць кампетэнтную даведку. Такую нам дала Дзіяна з Навагрудскага раёна.
— Мы працуем над вытворчасцю сваёй малочкі ўсёй сям'ёй. Прадаём смятану, масла і разнастайныя сыры — ад самых простых да сыроў з цвіллю. Гатункі тыпу «камамбер» і «ракфор» — адны з самых дарагіх і дасягаюць 110 рублёў за кілаграм. Паспяваюць яны прыкладна месяц, а то і два. Ёсць белперкноле з часнаком і гімалайскай соллю, закатаныя ў розныя віды спецый. Ёсць традыцыйны кіпрскі сыр для смажання. Ён выдатна падыдзе для аматараў грылю.
Зеляніна з-пад Дзяржынска
А вось зеляніна — ад цыбульных стрэлак да салатных міксаў са сваёй уласнай цяпліцы, якую абаграваюць дровамі, на рынак пастаўляе Ірына Дзяменцьева з Дзяржынскага раёна.
— У нас 11 найменняў прадукцыі на сённяшні дзень, — кажа гаспадыня. — Усё са свайго агарода, экалагічна чыстае. Нешта ў салёным выглядзе, нешта ў свежым. Як бачыце, да сезона падрыхтавалі квашаную капусту, якую рэалізуем па 8 рублёў за кілаграм.
Да капусты — свая адборная бульбачка па 2 рублі. Ну і зеляніна, якая карыстаецца вялікім попытам. Рэалізуем яе па 2 рублі за 100 грам.
«Пах дзяцінства»
Мабыць, больш за ўсё экзотыкі прадстаўлена ў аддзелах з садавіной. Экспертам выступае гаспадыня гандлёвага месца Наталля:
— Наўпрост да Новага года прывезлі міні-мандарынкі, якія я заву «смак дзяцінства» з-за іх кісла-салодкай ноты. Гэта сапраўднае ўпрыгожанне з Абхазіі для стала і дэкор для падарункаў. Прадаём такую радасць па 14,9 рублёў за кілаграм. Да іх можна ўзяць і маленькія ананасікі з ПАР. Па смаку яны нічым не адрозніваюцца ад буйнейшых.
Ёсць у асартыменце буякі з Перу па 35 рублёў за кіло, пітахайя з Тайланда па 65 рублёў, гранадзіла па 85 рублёў. Абяцаюць падвезці і свежыя клубніцы з Грэцыі ад 35 рублёў за кілаграм.
Каментары