Міністэрства культуры Беларусі зацвердзіла праект зон аховы стаянкі перыяду мезаліту — ранняга неаліту, размешчанай на тэрыторыі Бярозаўскага раёна — каля дарогі Стрыгінь — Бяроза (на захад ад вёскі Зарэчча). Адпаведная пастанова Мінкульта апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набыла моц, паведамляе БелТА.

Праектам зон аховы вызначылі межы і зоны аховы стаянкі старажытных людзей, якая знаходзілася на левым беразе ракі Ясельда.
Цяпер на тэрыторыі стаянкі забаронена вядзенне земляных, будаўнічых, меліярацыйных і іншых работ, не звязаных з навуковымі пошукамі.
Прылеглыя да стаянкі ахоўная зона і зона аховы культурнага пласта ўстаноўленыя для выяўлення і даследавання магчымых археалагічных аб'ектаў і артэфактаў. Земляныя работы там могуць праводзіцца толькі пры археалагічным наглядзе.
Ахоўная зона абмежаваная плошчай урочышча. З поўначы культурны пласт стаянкі абмежаваны сельскімі могілкамі, з поўдня і захаду — лесам, з усходу — дарогай.
Стаянку старажытных людзей каля вёскі Зарэчча выявіў у 1963 годзе археолаг Уладзімір Ісаенка. Пры даследаванні шляхам павярхоўнага збору былі знойдзеныя артэфакты эпохі мезаліту і неаліту, такія як прадметы працы, вырабы з крэменю і фрагменты посуду.
Чытайце таксама:
На Вілейшчыне знайшлі фрагмент кафлі з гербам Вялікага Княства Літоўскага
Галоўчанка анансаваў маштабныя раскопкі на гарадзішчы «Менка»
Якія артэфакты знайшлі падчас сёлетніх раскопак у Крэўскім замку
-
Магілёў, Віцебск і Гомель удалося далучыць да БССР толькі таму, што Масква такім чынам хацела спакусіць Заходнюю Беларусь — апублікаваныя дакументы
-
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
-
«Нават калі на чэрапе будзе напісана «Вітаўт», мы не паверым». У Вільні пачынаюць свідраваць сцяну катэдры ў пошуках магілы вялікага князя
Каментары