Гісторыя

Рабаванні, згвалтаванні і нават крадзеж адзення з труны: Мінск крымінальны пры Сталіне

«Затое Сталін перамог злачыннасць!» Што, сапраўды так? У архівах капаліся гісторыкі.

Вінаватыя ў «бандыцкім налёце» на Мінскае вайсковае вучылішча. Фота: НАРБ.

У намесніка наркама саўгасаў БССР Андрэя Кабановіча ў кінатэатры выцягнулі дакументы і 800 рублёў. У артысткі Тэатра оперы і балета Н. К. Цітовіч уначы выхапілі з рук сумачку са 150 рублямі. А кватэру аднаго з камандзіраў Чырвонай арміі Васіля Кузняцова абчысціла хатняя работніца, пакуль гаспадар з жонкай былі ў тэатры. Што казаць: у мінскім трамваі страціў кашалёк і дакументы нават таварыш Трубнікаў — чэкіст пры зброі!

1939 год. Еўропа рыхтуецца да вайны. У СССР людзі баяцца пікнуць. Простыя людзі — але не злачынцы. Жыццё было настолькі цяжкім, людзям часта не было чаго есці, таму свабода каштавала капейку. Нават зброя не ратавала. Часам, наадварот, падахвочвала. У лейтэнанта вайсковай камендатуры Ізотава проста з будынка гэтай самай камендатуры быў скрадзены чамадан, у якім знаходзіўся рэвальвер «Наган» з 14-цю патронамі. А ў Бабруйску сярод белага дня трое невядомых напалі на шафёра з мясцовага НКВД Ерафеева, калі ён ішоў з жонкай па вуліцы. Сыпнуўшы ў вочы пяску, яго павалілі на зямлю і забралі наган. Следства выявіла, што напад здзейсніла група, якая дагэтуль займалася крадзяжом курэй і галубоў. Наймалодшаму было 16.

Першае пакаленне, якое вырасла пры савецкай уладзе, тэарэтычна мусіла быць больш свядомым і правільным, чым папсаваныя старым рэжымам бацькі і дзяды. Але норавы моладзі былі зусім не такімі, як паказваюць у кіно. П’янкі, судзімасці, распуста, прастытуцыя — гэтага ўсяго хапала з лішкам.

У верасні 1939-га мінская міліцыя затрымала «ўтрымальніц прытону», супрацоўніц гасцініцы «Еўропа» Кішкурну і Сямёнаву. Першай было 16 гадоў, другой — 18. У іх на кватэры арыштавалі яшчэ пяць чалавек — ад 16 да 22 гадоў, збольшага судзімых. Такі ж «прытон» накрылі ў Віцебску.

Фота: НАРБ.

Зусім дзіцячая «бандыцкая групоўка» была выяўлена ў Гомелі.

Дзеці 9—13 гадоў кралі бялізну з двароў і хлявоў, узломвалі ларкі, забіраліся ў дзіцячыя дамы і садкі. Доўжылася гэта больш за паўгода.

Кіравалі ўсім бацькі. Сярод кіраўніцтва групы была настаўніца вячэрняй школы пры шклозаводзе імя Сталіна, камсамолка Ф. Альтшулер. Яна пасылала дзяцей красці бялізну, а потым перапрадавала крадзенае, навучыла малых проста на вуліцы выхопліваць у жанчын грабеньчыкі з валасоў.

Былі і трагікамічныя выпадкі. 21 чэрвеня 1939 года быў здзейснены «бандыцкі налёт» на Мінскае вайсковае вучылішча, выканаўцамі якога сталі 8-гадовы сын каменданта і дзеці вартаўніка 8-мі і 6-ці гадоў. Выявілі выканаўцаў па слядах босых дзіцячых ног на месцы злачынства.

Але, можа, пад пагрозай была толькі маёмасць, а жыццю і бяспецы нічога не пагражала? Дакументы абвяргаюць і гэта.

У сталінскія часы фіксавалася шмат выпадкаў згвалтаванняў — нягледзячы на пагрозу адседзець да пяці гадоў. Чэкісцкія справаздачы аж стракацяць апісаннямі. На 18-гадовую бабруйчанку непадалёк ад моста праз Бярэзіну напалі васьмёра, узростам ад 15 да 21. Былі сярод іх і камсамольцы, усе ўзброеныя нажамі. Іншую жанчыну, 33-гадовую маці траіх дзяцей, згвалтавалі проста на вачах у суседзяў, калі яна выйшла па ваду. Калі людзі паспрабавалі затрымаць гвалтаўніка, ён стаў страляць і застрэліў ахвяру. Многія згвалтаванні заканчваліся забойствамі, целы ахвяр знаходзілі ў лясах і хмызняках.

Сярод ахвяр было нямала школьніц.

На кагосьці нападалі знаёмыя падчас вечарын і пасядзелак, на кагосьці незнаёмыя — проста па дарозе са школы. Ёсць думка, што ў той час можна было спакойна выпускаць дзяцей на вуліцу, ім нічога не пагражала. Дакументы гэта абвяргаюць.

Забойстваў у справаздачах НКВД за 1939 год таксама хапае. Спектр матываў шырокі, як ва ўсе часы: і помста, і рэўнасць, і хцівасць, і алкаголь. У вёсцы Міхейкі Сіроцінскага (цяпер Шумілінскага) раёна Барыс Осіпаў забіў сваю цяжарную сяброўку «з мэтай пазбавіцца ад выплаты аліментаў на ўтрыманне будучага дзіцяці». У вёсцы Яроміна Гомельскага раёна чацвёра абрабавалі і закалолі віламі 80-гадовую самагоншчыцу, перад тым паспрабаваўшы забраць ейныя грошы і гарэлку. Віцебскі вайсковец, пасварыўшыся з жонкай, напіўся і выпусціў у яе 6 куляў.

Вельмі распаўсюджанае ў той час было дзетазабойства: у 1936-м у СССР былі забароненыя аборты (забарону знялі толькі ў 1955-м).

Цярпець ад злачынцаў даводзілася не толькі жывым, але і нябожчыкам. 31 сакавіка 1939 года на Вайсковых могілках у Мінску была раскапана магіла беларускага пісьменніка Эдуарда Самуйлёнка, пахаванага месяц таму. З трупа была знятая вопратка.

У наш час можна пачуць легенду, што пісьменніку так адпомсцілі за шматлікія даносы. Але на самай справе прычына марадзёрства банальная: зладзеямі аказаліся работнік пахавальнага бюро і яго знаёмы «без пэўнага занятку». Яны хацелі разжыцца на продажы нябеднага касцюма пісьменніка.

Ні рэпрэсіі, ні татальны ідэалагічны кантроль не рабілі чалавека лепшым. Ды і не маглі рабіць. Бо ў грамадстве, пабудаваным на нянавісці, немагчыма выхоўваць маральных людзей. А бязлітаснасць і цынічнасць усяляк культываваліся самой савецкай сістэмай. Таму і «сталінскі парадак» — гэта вялікая прапагандысцкая хлусня, і нічога больш.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй17

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй

Усе навіны →
Усе навіны

Адвакат латвійскага баскетбаліста Цімы: З расійскага морга яго аддалі голым, без грыму і бальзамацыі1

На працягу двух сутак ЗША прымуць рашэнне аб магчымым далучэнні да ваенных дзеянняў супраць Ірана6

Анколаг Каранік выступіў з дакладам аб захаванні буйной рагатай жывёлы14

Маладую мінскую юрыстку, якая цяпер займаецца дызайнам інтэр'ераў, асудзілі за ўдзел у пратэстах7

Таўро «Слава Расіі» на жываце ўкраінскага палоннага. Хто і навошта мог гэта зрабіць і ці можна яго вывесці?2

Учора вечарам і сёння раніцай у Беларусі назіраліся серабрыстыя аблокі1

На заробкі ў Польшчу цяпер толькі з ДНЖ? Разабраліся, хто можа працаўладкавацца там па новых правілах14

З-пад завалаў шматпавярховіка ў Кіеве ноччу дасталі яшчэ пяць целаў, колькасць загінулых дасягнула 21

У Беларусі пачынаюць прадаваць электракары за 20 900 рублёў. Але выглядаюць яны вельмі незвычайна2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй17

Беларуска расказвае, як з 15 гадоў жыве з шызафрэніяй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць