Меркаванні1212

«Убіць клін паміж Лукашэнкам і Пуціным. Для Украіны гэта стратэгічна важна», — кажа палітолаг Андрэй Казакевіч

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч адказвае на пытанне «Радыё Свабода», ці вядзе Кіеў закулісныя перамовы з Мінскам; тлумачыць неадназначнасць стаўлення Украіны да Святланы Ціханоўскай і мяркуе, што ў Кіеве разумеюць: ніякія «ўгоды» з Мінскам нічога не гарантуюць.

Фота AP

— Палітычна актыўнае грамадства абмяркоўвае інфармацыю, нібыта афіцыйны Кіеў чыніць перашкоды для ўдзелу Святланы Ціханоўскай у супольных з еўрапейцамі імпрэзах. Аднак, паводле крыніц «Радыё Свабода» ў Бруселі, яны не маюць інфармацыі аб тым, што Украіна гэта робіць. Тым не менш многія ўпэўненыя, што Кіеў такім чынам імкнецца залагодзіць Лукашэнку. Ці лічыце вы, што ў Кіеве сапраўды прынялі такое рашэнне?

— Калі мы гаворым пра Украіну, то тут беларускія палітычныя аналітыкі робяць дзве памылкі. Па-першае, надта шмат арыентуюцца на выказванні, а трэба больш увагі звяртаць на справы, дзеянні.

Па-другое, існуе неразуменне інтарэсаў Украіны. Відавочна, што пасля пачатку вайны асноўная мэта Украіны ў стаўленні да Беларусі — гэта мець рычагі ўплыву на сітуацыю ў Беларусі. І дастаткова ўдалым праектам у гэтым сэнсе стаў полк Каліноўскага, існаванне якога прымушае беларускія ўлады пастаянна нервова рэагаваць. Сам Лукашэнка яго згадвае ледзьве не кожны тыдзень.

Больш за тое, некаторыя ўкраінскія палітыкі бачаць сэнс у стварэнні на аснове беларускіх вайсковых фармаванняў палітычнай арганізацыі, якая б аб’ядноўвала нацыянальна арыентаваныя і антырасійскія сілы Беларусі. Адпаведна, калі зыходзіць з жадання стварыць новы палітычны суб’ект, іншыя падобныя суб’екты так ці інакш выступаюць канкурэнтамі.

Адсюль зразумела, чаму ў Кіева стаўленне да Ціханоўскай, скажам так, даволі асцярожнае. У адпаведнасці з выбраным падыходам Кіеў не мае асаблівага жадання прызнаваць легітымнасць і абсалютны прыярытэт Ціханоўскай як лідара беларускага дэмакратычнага руху.

І я б не пагадзіўся з думкамі, што «Украіна баіцца раздражняць Лукашэнку». Гэта глупства. Калі Украіна стварае і ўсяляк падтрымлівае ўзброеныя фармаванні, якія адкрыта заяўляюць, што ў свой час гатовыя пайсці на Мінск, то вось гэта сапраўдная падстава для раздражнення і нават ваеннага адказу. На фоне гэтага афіцыйная сустрэча з Ціханоўскай у якасці «раздражняльніка» выглядае вельмі сціпла.

— Але хіба нельга пазбегнуць такой канкурэнцыі? Чаму нельга аб’яднаць патэнцыялы штаба Ціханоўскай і палка Каліноўскага? Тым больш, што, наколькі вядома, прадстаўнікі Ціханоўскай увесь час спрабуюць наладзіць пэўны кантакт?

— Па-першае, сярод многіх беларускіх нацыянальна арыентаваных палітыкаў ёсць насцярожанасць і нават варожасць у дачыненні да Ціханоўскай. Дастаткова паглядзець тэматычныя онлайн-рэсурсы. На некаторых з іх крытыцы офісу Ціханоўскай адводзіцца больш месца, чым крытыцы Пуціна і Лукашэнкі. Маўляў, гэта «маскоўскі» праект, карумпаваны асяродак і г. д. Але, акрамя гэтых закідаў, маюць месца рэўнасць ды канкурэнцыя. Прызнанне Ціханоўскай для такіх лідараў, як Пазняк, — гэта страта асабістых амбіцый.

Аднак, магчыма, гэта ўсё будзе пераадолена ці знікне па меры афармленьня ў Кіеве новага палітычнага суб’екта. Напэўна, потым будзе ісьці пошук устойлівых фарматаў працы з Офісам і кабінетам Ціханоўскай.

Для ўкраінскіх жа палітыкаў пакуль незразумела, што можа даць такое аб’яданне. Ім было б зручней працаваць і з адной, і з другой групай, каб па-рознаму ўплываць на беларускае грамадства.

— Украіну не бянтэжыць, што яны ставяцца да Ціханоўскай зусім па-іншаму, у адрозненне ад сваіх асноўных палітычных партнёраў на Захадзе?

— Кіеў вымушаны гуляць на беларускім полі значна больш актыўна, чым гэта робяць заходнія сталіцы. Заходнім палітыкам прасцей прызнаць адзіны цэнтр у асобе Ціханоўскай, працаваць з ім, а ва ўнутраную «кухню» не ўмешвацца. Ва ўмовах вайны Украіне важна мець магчымасць уплываць.

Калі рэканструяваць актуальную ўкраінскую стратэгію да Беларусі, то яе можна звесці да двух прынцыпаў. Па-першае, падтрымка антырасійскіх сіл і настрояў у Беларусі. Па-другое, спрабаваць парушыць бесперабойнае функцыянаванне альянсу Пуціна і Лукашэнкі — павысіць недавер, пасеяць сумневы, перасцярогі, можна нават нешта прапанаваць. Украіна спрабуе рабіць першае і другое адначасова, таму захады Кіева ў інфармацыйным полі, асаблівую пазіцыю адносна санкцый варта разглядаць часткай гэтага працэсу.

— Менавіта на гэтую тэму з'явілася некалькі цікавых заяваў. Лукашэнка яшчэ на сустрэчы з Лаўровым «пахваліў» Украіну, якая не нападае на Беларусь, хаця, маўляў, Захад яе да гэтага і прымушае. Потым заявіў, што Кіеў прапаноўвае яму падпісаць акт аб ненападзенні. Ці сапраўды вядуцца нейкія закулісныя перамовы, або Лукашэнка проста такім чынам выкарыстоўвае інфармацыйнае поле?

— Думаю, найперш гэта закранае інфармацыйную сферу. Але вядома, пэўныя кантакты ёсць. Я думаю, украінцы разумеюць, што максімум, чаго яны тут могуць дабіцца, гэта паспрабаваць убіць нейкі клін паміж Пуціным і Лукашэнкам, павысіць узровень недаверу паміж імі; можа быць, сарваць асобныя інтэграцыйныя ініцыятывы. Але я думаю, Кіеў разумее, што калі Крэмль прыме рашэнні наступаць з Беларусі, то гэта будзе зроблена. Лукашэнка гэтаму перашкаджаць не будзе і не можа. Таму ніякія «ўгоды» з Мінскам нічога не гарантуюць. Але трэба прынамсі спрабаваць аслабіць расійскія пазіцыі ў Беларусі, зрабіць альянс з Мінскам не такім простым і зручным.

Калі глядзець на дзеянні, а не словы, то мы бачым, што Украіна рыхтуецца да магчымай абароны ад нападу з поўначы. Узмацняе мяжу, трымае тут пэўныя сілы. Нішто не сведчыць, што Кіеў усур’ёз вядзе нейкія перамовы і спадзяваецца, што дамоўленасці з Лукашэнкам могуць прадухіліць нападзенне з беларускага кірунку.

Разам з тым кантакты паміж Мінскам і Кіевам ёсць. Тычацца яны вайны, гуманітарных пытанняў. Магчыма, эканомікі, тых жа нафтапрадуктаў і некаторых іншых тавараў. Але я не думаю, што нейкая істотная дамова паміж Мінскам і Кіевам магчымая. Яна немагчымая, бо ёсць чыннік Расіі, які і вызначае, якімі будуць стасункі Мінска і Кіева.

— Той скандальны момант, калі Зяленскі не згадаў Беларусь у прамове пра паўстанне 1863 года, ці сведчыць гэта, сярод іншага, што Кіеў ігнаруе пачуцці дэмакратычных праеўрапейскіх беларусаў, наўмысна не адрознівае Беларусь лукашэнкаўскую ад Беларусі дэмакратычнай? Можна ўспомніць і той факт, што ва ўсіх украінскіх прэзідэнтаў былі добрыя адносіны з Лукашэнкам, а не з тымі сіламі, якія яму супрацьстаяць.

— Па-першае, я б не перабольшваў дасведчанасць у беларускай гісторыі спічрайтараў, якія пішуць прамовы Зяленскаму. Магу сказаць, што і ў літоўскай, і нават у польскай гістарыяграфіі часам складана знайсці беларускі элемент у паўстанні 1863-1864 гадоў. Для ўкраінцаў гэтае паўстанне — далёкая і невядомая перыферыя гістарычнай памяці. Зусім нядаўна была глыбокая дыскусія з украінскімі гісторыкамі, і асноўная выснова, якую можна зрабіць: Беларусі проста няма ва ўкраінскім поглядзе на гісторыю.

Што тычыцца таго, ці раздзяляюць у Кіеве беларускія ўлады і беларускае грамадства, то такі падзел робіцца. Сацыялогія паказвае, што 60-70 працэнтаў украінцаў ведаюць пра полк Каліноўскага, рэйкавых партызан, беларускую апазіцыю. Хаця, натуральна, хапае і тых, для каго свет пасля 24 лютага стаў чорна-белым.

Каментары12

  • У
    27.01.2023
    Крайне наивное мнение автора и местами с подменой понятий и ложью.
    Украина не «влазит во внутреннюю кухню» Беларуси и тем более не может даже официально отличить режим маньяка от большинства белорусов сделавших выбор в 2020м.
    Коррупция и схематозы их все к сожалению. Один Воробей (лука) сколько заработал благодаря им на нашей крови.
  • Ольга
    27.01.2023
    Мир в войне как раз черно белый! Черный режим а белый это общество которое против режима. Статья кишит пропогандистскими наративами.
  • Мойша
    27.01.2023
    Трэба асцярожна ўбіваць клін каб не ўбіць яго між беларусамі і ўкраінцамі

Капялюш Меланіі Трамп: што хаваецца за стыльным жэстам першай лэдзі Амерыкі17

Капялюш Меланіі Трамп: што хаваецца за стыльным жэстам першай лэдзі Амерыкі

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп памілаваў 1600 удзельнікаў штурму Капітолія6

Самы дарагі катэдж Беларусі каштуе $8 мільёнаў і знаходзіцца ў садовым таварыстве «Малінка» ШМАТ ФОТА10

«Самая выдатная палітычная прамова, якую мне прыходзілася чуць». Пазняк не шкадуе эпітэтаў на адрас Трампа65

Найбольш шчаслівым на інаўгурацыі Трампа выглядаў Ілан Маск ВІДЭА22

На крайнім захадзе Беларусі пабачылі рэдкую птушку1

Украінскія беспілотнікі пацэлілі ў нафтабазу ў Варонежскай вобласці. Гэта ўжо другі раз за тыдзень2

Бондараву завярнулі з перайменаваннем вуліцы Каліноўскага ў Мінску7

«Узровень агітацыі ніякі». Дзяржаўная служачая расказала пра атмасферу напярэдадні выбараў2

Якія вуліцы ў Беларусі маюць самыя незвычайныя назвы?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Капялюш Меланіі Трамп: што хаваецца за стыльным жэстам першай лэдзі Амерыкі17

Капялюш Меланіі Трамп: што хаваецца за стыльным жэстам першай лэдзі Амерыкі

Галоўнае
Усе навіны →