Кіно44

Дзесяць небанальных фільмаў пра каханне да 14 лютага

Маеце планы на Дзень усіх закаханых? Прапануем вам зладзіць кінавечар для сябе і другой палавінкі. Падабралі для вас дзесяць небанальных стужак пра каханне, якія могуць зрабіць гэты вечар цяплейшым.

Кадр фільма «Касабланка». Крыніца: flickr.com

«Браханне на зоркі» (Lajanje na zvezde), 1998

Пачнём з югаслаўскай рамантычнай камедыі. Дзеянне адбываецца ў 1963 годзе ў правінцыйным югаслаўскім гарадку, дзе працуе гімназія.

Мы бачым выпускны клас і яго выкладчыкаў, якія развітаюцца адно з адным праз два тыдні. Навучэнцы ўжо забылі пра заняткі, нашмат важнейшыя пытанні сяброўства і кахання. Гэта асабліва актуальна для Міхайла — хлопца, які спрабуе заваяваць сэрца дзяўчыны, да якой заляцаецца і яго брат.

«Касабланка» (Casablanca), 1942

Акцёры Хамфры Богарт і Інгрыд Бергман — зоркі гэтай класічнай стужкі пра каханне і вайну. Усё адбываецца ў Марока, на той час французскай калоніі. Цынічны амерыканец, уладальнік гульнявога клуба ў Касабланцы, раздумвае, ці варта яму дапамагаць ва ўцёках з Касабланкі былой каханай і яе мужу — прадстаўніку антыфашысцкага супраціву. А можа, лепш пакінуць каханую ля сябе?

Гэта гісторыя пра тое, ці можа сапраўднае каханне вытрымаць выпрабаванне часам. Чакаць рамантычнага хэпі-энду ў «Касабланцы» не варта, але мо інакш фільм і не быў бы легендай?

«Любоўны настрой» (Fa yeung nin wah), 2000

Гэтую артхаусную драму стварыў ганконгскі чараўнік ад кіно, рэжысёр Вонг Кар-Вай. Ён расказвае гісторыю двух суседзяў, Чоу Мо Вана і Су Лі Жон, паміж якімі ўзнікае моцная сувязь і сяброўства. Чоу жанаты, Су замужам, і яны абое пачынаюць падазраваць сужэнцаў у здрадзе.

Каб разабрацца, што адбываецца паміж іх каханымі, Чоу і Су спрабуюць перадаць тое, што ёсць у жыцці іх сужэнцаў, як гульню, і гульня паступова пачынае ператварацца ў рэальнасць.

Гэта адна з найважнейшых карцін у кар'еры Кар-Вая, вядомага сваёй паэтычнай кінамовай. Яму блізка расказваць пра такіх людзей — рамантыкаў, якія шукаюць каханне ў бурлівым свеце.

«Улада Месяца» (Moonstruck), 1987

Маладыя Шэр і Нікалас Кейдж — ужо гарантыя таго, што вы пагледзіце прыгожае кіно. Шэр увасабляе асобу Ларэты Кастарыні, 37-гадовай удавы, бухгалтаркі пахавальнага бюро. Жаніх просіць Ларэту запрасіць на вяселле свайго дзівакаватага брата Роні, але далей усё ідзе не па плане і паміж героямі ўзнікае пачуццё.

Гэтая чароўная і забаўная рамантычная камедыя ўзяла шмат узнагарод, у тым ліку і «Оскар» для Шэр за найлепшую жаночую ролю. Спытаеце, пры чым тут Месяц? Як кажа адзін з герояў, улада Месяца вялікая, бо ён прыцягвае жанчын да мужчын.

«Вечнае ззянне чыстага розуму» (Eternal Sunshine of the Spotless Mind), 2004

Ці можна сцерці каханне? Сцерці з памяці — так, але з сэрца яго не выкінуць, лічаць стваральнікі гэтай стужкі. Акрамя выдатнага зместу, гэта яшчэ і магчымасць пабачыць Кейт Уінслет з валасамі асноўных колераў вясёлкі і ацаніць Джыма Кэры ў адной з яго нешматлікіх драматычных роляў.

Што да самой гісторыі, то тут усё і проста, і адначасова заблытана. Джоэл ідзе на спецыяльную працэдуру, каб сцерці ўсю памяць пра сваю каханую Клементыну. Цягам гэтай гісторыі яго перапаўняюць успаміны пра час з Клементынай, і Джоэл стаіць перад выбарам: ці вартае каханне болю?

«Злавіць злодзея» (To Catch a Thief), 1955

Як наконт Хічкока ў Дзень усіх закаханых? Сярод яго твораў ёсць і гэты рамантычны дэтэктыў з мегазоркамі класічнага Галівуда Кэры Грантам і Грэйс Келі. Для актрысы гэта быў адзін з апошніх фільмаў у кар'еры, бо падчас здымак Келі пазнаёмілася з манакскім князем Рэнье ІІІ, які неўзабаве стаў яе мужам.

Знакаміты злодзей па мянушцы Кот даўно закінуў свой занятак і мірна жыве на віле, але тут на поўдні Францыі з'яўляецца яго пераймальнік, і ён даволі дзёрзкі. Кот разумее, што адзіная магчымасць для яго даказаць сваю невінаватасць — самому знайсці злодзея. Увагу мужчыны прыцягваюць амерыканскія турысткі Джэсі і Фрэнсіс Стывенс, маці і дачка, і ён не можа прайсці міма апошняй з іх.

«Халодная вайна» (Zimna Wojna), 2018

Гэтая гісторыя кахання ў час жалезнай заслоны — адзін з найлепшых польскіх фільмаў апошніх гадоў. Нездарма ж «Халодная вайна» атрымал россып узнагарод, у тым ліку і тры намінацыі на «Оскар».

Пасляваенная Польшча. Дырыжор Віктар шукае выканаўцаў у ансамбль народнай музыкі і праслухоўвае спевакоў з польскіх вёсак. Так ён сустракае таленавітую і амбіцыйную дзяўчыну Зулю, з якой у Віктара ўзнікае раман. Але гэта няпростае каханне, якому перашкаджаюць і пытанні палітыкі, і асабістыя пытанні. Як трапна заўважыў крытык Антон Долін, у рэжысёра Паўлікоўскага халодную вайну вядуць не толькі СССР з Захадам, але і мужчына з жанчынай.

«Вясна, лета, восень, зіма… і зноў вясна» (Bom yeoreum gaeul gyeoul geurigo bom), 2003

Зноў раім вам азіяцкае кіно, гэтым разам ад не менш вядомага, чым Вонг Кар-Вай, рэжысёра — Кім Кі Дука. Ён зняў прыгожую і філасофскую гісторыю, што можа стаць для вас акном у ментальнасць Усходу. Месца каханню ў гэтай гісторыі таксама знайшлося.

На маленькім аддаленым востраве жывуць манах-пустэльнік і яго маленькі 10-гадовы вучань. Штодзень яны кантактуюць з прыродай, удасканальваюць сябе фізічна і духоўна. Але аднойчы іх жыццё змяняецца, бо на востраў прыязджае жанчына.

«Закаханы Шэкспір» (Shakespeare in Love), 1998

Вяртаемся да заходняга кінематографа і нават да трошкі стэрэатыпнага жанру рамантычных камедый, бо «Закаханы Шэкспір» варты ўвагі. Маладыя Гвінет Пэлтрау і Джозеф Файнс, сем «Оскараў», вялікі поспех у крытыкаў і гледачоў — багата прычын не прайсці міма гэтай гісторыі.

На дварэ 1594 год, і ў Шэкспіра вялікія праблемы: няма натхнення, праблемы з грашыма, ды яшчэ і гаспадар тэатра патрабуе новую п'есу. Калі ўжо няма надзеі на змены ў лепшы бок, ён сустракае маладую арыстакратку, і тая змяняе яго жыццё.

«Форма вады» (The Shape of Water), 2017

Каханне бывае розным і часам аб'ядноўвае душы, якія, здаецца, нічога больш злучыць не можа. Пра гэта і апавядае апошняя гісторыя ў нашай падборцы — фантастычная меладрама ад сучаснага класіка фільмаў жахаў і фэнтэзі Гільерма дэль Тора.

Рэжысёр пераносіць нас у сакрэтную лабараторыю ў 1963 год, дзе працуе нямая прыбіральшчыца. Аднойчы туды прывозяць новы аб'ект для вывучэння — чалавека-амфібію, злоўленага ў Амазонцы. Нягледзячы ні на што, паміж імі ўзнікаюць пачуцці, і жанчына выратоўвае каханага ад незайздроснага лёсу.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Разумець не абавязкова, галоўнае — любіць». Жбанкоў, Кацяловіч і Тарналіцкі вучаць, як адрозніваць добрае кіно ад кепскага

Кінатэатр «Масква» запрашае ўсіх закаханых правесці ноч святога Валянціна ў іх

«Фабельманы»: аўтабіяграфічная стужка Спілберга, адна з самых кранальных у яго кар'еры

Каментары4

  • Грышка
    14.02.2023
    «Улада Месяца» дужа цудоўны фільм. Мілая, душэўная казка пра каханьне й сям'ю.
  • Максим Дизайнер
    15.02.2023
    Касабланка - огонь огненный. Смотришь на годсъемок, и понимаешь, почему американская культура сейчас повсюду.
  • Максим Дизайнер
    15.02.2023
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Трамп не можа паверыць, што назваў Зяленскага дыктатарам20

Трамп не можа паверыць, што назваў Зяленскага дыктатарам

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка дае інтэрв'ю амерыканскаму блогеру7

Інтэрв'ю Лукашэнкі абвесцілі экстрэмісцкім матэрыялам13

Інтымнае відэа заснавальніцы стартапа, знятае без яе згоды, трапіла ў інтэрнэт. Ёй спатрэбілася тры гады, каб усё выдаліць1

Хацелі напісаць «расіст», а атрымлівалася «Трамп». У айфонах здарыўся дзіўны збой

Як расіяне ставяцца да Лукашэнкі — вынікі свежага апытання11

У сацсетках пішуць пра маньяка ў Наваполацку. Міліцыя пракаментавала2

Роўна пяць гадоў таму ў Беларусь прыйшоў каранавірус2

Адміністрацыя Трампа заяўляе, што скарачае 90% кантрактаў USAID на замежную дапамогу8

Ураджэнцу Беларусі, які ледзь не збіў на скутары ў Рыме вядомага святара, далі тры гады турмы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп не можа паверыць, што назваў Зяленскага дыктатарам20

Трамп не можа паверыць, што назваў Зяленскага дыктатарам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць