«Акрамя раздрукоўкі з банка, што я рабіла плацяжы праз фэйсбук, у іх нічога няма». Яшчэ адзін чалавек у дэталях расказаў пра 4-гадзінны шантаж данатамі
«Мне таксама давялося прайсці праз прэс КДБ за данаты».
«Мне таксама давялося прайсці праз прэс КДБ за данаты, — расказвае жанчына з Мінска. — Вылічылі мяне па раздрукоўцы з банка пра данат праз фэйсбук у жніўні 2020 года (я 10 даляраў перавяла). Але ж мяне выратавала тое, што той акаўнт ФБ даўно знесены з-за ўзлому, а ў новым нічога такога няма.
Праглядзелі падпіскі ў тэлеграме.
Шукалі ў галерэі фоты з пратэстаў — няма.
Тады пачалі рэальна псіхалагічна прэсаваць, каб сазналася, што рабіла данаты на «Байхэлп», але
я ім адказала, што не памятаю, на што я кідала данаты: магла скідвацца чалавеку на аперацыю, лячэнне, магла — на выданне кнігі (насамрэч, я гэта перыядычна рабіла і раблю праз розныя пляцоўкі), магла і ў «Байхэлп» на дапамогу пацярпелым і спытала іх, а што ў гэтым такога злачыннага? Крымінальную адказнасць за данаты ўвялі толькі праз год, а ў 2020-м гэта было законна. Я разумею, што яны і самі ведаюць, што закон зваротнай сілы не мае.
Тады канторскія пачалі мяне грузіць, што ў гэтым выпадку «дзейнічаюць іншыя правілы», але якія, не сказалі. Тут адзначу, што я чалавек з вялікім жыццёвым досведам і разумела, што яны спрабуюць на мяне націснуць.
Пачалі на мяне ціснуць, каб я ўласнаручна напісала «яўку з павіннай» з прызнаннем, што данаціла на «Байхэлп».
Яны пачалі мяне «лячыць», што я павінна заплаціць па адным з трох разліковых рахункаў на «дабрачыннасць» суму эквівалентную 500 далярам, сказалі, што тады будзе «адмова ў завядзенні крымінальнай справы» супраць мяне. Гэта ўжо было занадта. Я адказала рэзкавата, што ў іх няма падстаў для такіх незаконных дзеянняў.
У выніку пасля чатырох гадзін прэсавання мяне выпусцілі, і толькі тады я адчула, які стрэс я прайшла. Есці пачала толькі на наступны дзень пасля абеду, галава стала думаць з тармазамі яшчэ дні два. Толькі цяпер я пачынаю ўсё цвяроза ацэньваць і выпрацоўваць стратэгію далейшых паводзін. Думаю, што яшчэ нешта наперадзе мяне чакае.
А пакуль рэкамендацыі беларусам такія: абнуліце ўсе свае акаўнты, вычысціце ўсё ў нуль, скіньце тэлефон да заводскіх наладак і завядзіце акаўнт з нуля новы.
Патрабаванне заданаціць суму, роўную 500 далярам «на дабрачыннасць» выглядае як злачынства службовай асобы ў форме вымагання. Так!
І ўключайце дурня, калі трапіце да іх, бо без вас яны да старых вашых акаўнтаў не дабяруцца, няма такіх навуковых магчымасцяў, усё адфарматуйце ў нуль і пачніце з новага ліста.
Я не зусім была гатовая да такой падзеі, бо не ведала за што заграблі, цяпер разумею, што акрамя гэтай раздрукоўкі з банка, што я рабіла плацяжы праз фэйсбук, у іх на мяне нічога няма.
Так! І яны прызналіся, што самі чытаюць «экстрэмісцкія» рэсурсы», — кажа жанчына.
Як вынікае з гісторый людзей, якіх выклікалі, ім прапануюць у якасці кампенсацыі перавесці 500 даляраў на «дабрачыннасць» (выдаецца спіс пэўных арганізацый, куды пералічыць грошы). Сума 500 даляраў гучала, як мінімум, у чатырох гісторыях, расказаных чытачымі «Нашай Нівы» ці апублікаваных у іншых медыя. Нават калі перавод у «Байсол» быў 5 даляраў, выстаўляюць такі «рахунак».
Раней мы паведамлялі, што мінімальная сума, якая агучвалася айцішнікам, што данацілі ў фонды, — 1000 даляраў. Калі ахвяраванне ў «Байсол» было на значную суму, то «адкупіцца» прапануюць па дзесяцікратным мультыплікатары.
З улікам таго, што ўсяго на BySol i BY_help ахвяравала больш за 60 тысяч чалавек, лукашэнкаўцы хочуць сабраць дзясяткі мільёнаў даляраў даніны. Наўрад ці гэта можна лічыць гарантыяй таго, што ў будучыні на тых жа людзей не завядуць яшчэ і крымінальную справу — яны ж прызнаюць, што ахвяравалі грошы ў фонды.
Адказнасць за данаты ў фонды салідарнасці незаконная нават па дзейным лукашэнкаўскім заканадаўстве, таму што на момант, калі людзі данацілі, не толькі BySol i BY_help не былі абвешчаныя экстрэмісцкімі, але і самога заканадаўства пра «супрацьдзеянні экстрэмізму» не існавала. Між тым закон зваротнага дзеяння не мае.
Каментары