«Часам людзі кажуць, што яны дачны дом купілі танней, чым абышлася печка». Прафесійны пячнік расказаў пра тонкасці свайго занятку
Здавалася б, у часы цэнтральнага ацяплення, разнастайных газавых катлоў і бойлераў прафесія печніка павінна сысці ў мінулае. Але, як прызнаецца герой публікацыі выдання Magilev.by Сяргей Баранаў, у яго графік працы распісаны на год наперад.
Апошнім часам усё больш гараджан вяртаюцца да экалагічнага ладу жыцця, мяняюць кватэры на прыватныя дамы, «сэрцам» якіх становіцца печ альбо камін. Плюс, па словах майстра, у прыватным сектары Магілёва дастаткова вялікі працэнт двароў, дзе гаспадары выкарыстоўваюць толькі пячное ацяпленне.
Але сёння пабудаваць печку — дарагое задавальненне, асабліва ў добрага печніка. Мяркуйце самі. Толькі кошт працы майстра пачынаецца ад 3000 рублёў, а можа раўняцца і кошту машыны. А яшчэ трэба закупіць матэрыялы… Чаму так дорага?
Ад простага — да складанага
Сяргей займаецца пячной справай ужо 10 гадоў. Да таго, як асвоіць новую прафесію, працаваў зваршчыкам на магілёўскіх прадпрыемствах, паспеў пабыць індывідуальным прадпрымальнікам і саўладальнікам крамы па пячной фурнітуры. Паралельна дапамагаў знаёмаму, які займаўся вырабам мангалаў і садовых печак-барбекю. Нешта падгледзеў у яго, але ў асноўным таямніцы прафесіі адкрываў сам, вывучаючы старадаўнія кнігі.
«Неяк на будаўнічай выставе пазнаёміўся з прадстаўнікамі пячных фірмаў з Канады, Нарвегіі і Фінляндыі, — распавядае Сяргей. — Пасля мы знайшліся ў сацсетках, і хлопцы мне падкінулі шмат спасылак на прафесійную літаратуру пра ўзвядзенне печаў, сярод якой былі нават рускія дарэвалюцыйныя кнігі. Па іх я ў асноўным і вучыўся.
У савецкіх падручніках разбіраюцца, як правіла, самыя простыя печкі. Аўтары не расказваюць пра футроўку, пра тое, як па печцы праходзіць дым, не разбіраюцца і іншыя важныя пытанні. А вось у царскія часы майстры прадумвалі ўсё дасканала і падыходзілі да печкі як да твора мастацтва.
На практыцы Сяргей пачынаў вывучаць справу з рамонту печак для знаёмых, вырабу простых печак-слупкоў і паступова пераходзіў да больш складаных і маштабных праектаў. На такое навучанне сышло, па яго словах, гадоў з пяць.
«Першая мая ацяпляльная печка, вядома, была самай простай: з невялікай плітой і ляжанкай, — прызнаецца Сяргей. — Нядаўна бачыў яе — праблем няма. Потым пачало працаваць сарафаннае радыё, з'явіўся попыт. А так як я не стаяў на месцы, стараўся кожны раз зрабіць нешта больш цікавае і лепшае, людзі гэта ацанілі».
Замоў у Сяргея сапраўды шмат. Год распісаны звычайна яшчэ ў лістападзе-снежні да наступнага студзеня, бывае, што і на большы тэрмін. А за дзесяць гадоў Сяргей склаў ужо пад 200 печак розных відаў: ад самых простых да маштабных комплексаў.
«Я нават цяпер вучуся, — кажа майстар. — Па-першае, з'яўляюцца новыя матэрыялы. Каб іх выкарыстоўваць, трэба спачатку вывучыць, як з імі працаваць. Па-другое,
пячнік — тая прафесія, у якой трэба пастаянна развівацца, асабліва ў сучасным спрактыкаваным свеце, каб зрабіць нешта цікавае. Калі будзеш стаяць на месцы і рабіць тое ж самае, што рабіў два гады таму, ты не будзеш запатрабаваны».
Добры пячнік — шматпрофільны ўніверсальны майстар, які можа і дызайн печы прыдумаць, і чарцёж зрабіць, і падмурак закласці, і сабраць канструкцыю. Ён павінен умець разлічыць квадратуру жылога памяшкання, цепластраты (залежаць ад матэрыялаў, з якіх зроблены дом), і ўжо адносна гэтых даных разлічыць памер печкі і колькасць цэглы. У любым выпадку кожная канструкцыя індывідуальная, распрацоўваецца пад запыт кліента па вонкавым выглядзе і функцыянале. У сучасны пячны комплекс могуць ўваходзіць і руская печ, і мангал, і пліта пад казан, і вяндлярня, і мыйня, і працоўная зона…
Але матэматычны разлік — паўсправы, патрэбны яшчэ і дызайнерскі падыход. Асабліва калі кліент замаўляе печку з дэкаратыўным аздабленнем.
Цана пытання
Хуткасць і кошт працы залежаць ад складанасці і аб'ёму печы. У сярэднім, на невялікую печку трэба каля 700 цаглін, на рускую печ — каля дзвюх тысяч, а бываюць комплексы па 3—4 тысячы цаглін. Калі ў першым выпадку на выраб печкі майстру патрабуецца 14 працоўных дзён, то над апошнім варыянтам можна працаваць і паўтара-два месяцы.
Калі кліент замаўляе вялікі комплекс, ды яшчэ і з дэкаратыўнымі элементамі, з фігурнай рэзкай цэглы, то праца будзе ісці даўжэй і, адпаведна, будзе даражэйшая.
«Звычайная невялікая печка з ляжанкай каштуе каля 3000 рублёў за працу печніка плюс асобна — кошт матэрыялаў. Але ўсе печкі розныя, разлічаныя пад пэўнае памяшканне, — разважае Сяргей. — Ёсць такія, што па цане роўныя машыне. Бывае, што столькі каштуе толькі мая праца. Часам людзі кажуць, што яны дачны дом купілі танней, чым абышлася печка».
«Вядома, ёсць печнікі, якія працуюць за капейкі. Але заробак майстра шмат у чым залежыць ад яго прафесіяналізму і ад партфоліа. Не ўсе ўмеюць рабіць дарагія якасныя рэчы. Цяпер наогул развялося шмат гора-майстроў, так званых «ляпіл», — папярэджвае Сяргей, — якія адзін год плітку кладуць, потым мяняюць тэлефон і печкамі займаюцца, потым — машыны рамантуюць… Але і якасць у іх адпаведная. Людзі пасля іх «працы» тэлефануюць мне, не ведаюць, што рабіць. Хоць маглі адзін раз заплаціць добраму печніку, і гора б не ведалі шмат гадоў».
Праўда, сапраўдных пячных майстроў, прызнаецца Сяргей, мала. У Магілёўскай вобласці, паводле яго, усяго тры, а па Беларусі — 15. Прытым што тых, хто прапануе паслугі па вырабе печак, — пад дзвесце чалавек.
У партфоліа — печкі, каміны, садовыя барбекю
У Магілёве да печніка людзі з прыватнага сектара часцей за ўсё звяртаюцца з просьбай зрабіць печку для ацяплення. Людзі багацейшыя замаўляюць кухонныя печы і каміны.
Як прызнаецца Сяргей, сам ён больш за ўсё любіць працаваць над ацяпляльнымі камінапечкамі. Такіх ён стварыў ужо больш за сто штук.
«І працаваць з імі цікава, і гэта самыя функцыянальныя печкі, — падкрэслівае майстар. — У іх досыць гнуткая канструкцыя: можна выканаць у розных варыяцыях. Камінапечка добра трымае цяпло. Да таго ж
можна разлічыць тэмпературу печкі так, каб яна была ці гарачэйшая, ці халаднейшая — у залежнасці ад запыту кліента. Літаральна пару цаглін усярэдзіне памяняць, і ўжо тэмпература будзе камфортнай.
Вонкава камінапечка простая, але можна пашырыць яе функцыянал: зрабіць зручную па вышыні ляжанку, дадаць хлебныя камеры: па-чорнаму альбо па-шэраму. Па сутнасці, камінапечка — гэта аналаг рускай печы, толькі ў мініяцюры.
Але самая цікавая замова, успамінае Сяргей, здарылася ў яго летась. Працаваў ён у Гомельскай вобласці над камінам з натуральнага каменю, які выкладаў па пэўнай тэхналогіі — звычайна такую выкарыстоўваюць у Амерыцы і Канадзе. Каб зрабіць усё правільна, прыйшлося раіцца з майстрам з ЗША, які сам вырабляе падобныя рэчы.
Пытацца парады ў больш дасведчаных майстроў, па словах Сяргея, не сорамна, а вельмі нават трэба, бо прафесія даволі эксклюзіўная. Іншая рэч, не ўсе хочуць дзяліцца сакрэтамі.
Але Сяргей імкнецца трымаць сувязь з печнікамі з іншых краін, якія працуюць па розных тэхналогіях.
«Дарэчы, назвы печак, якія ходзяць у нас (фінскія, галандскія, шведскія), — гэта ўсё павярхоўнае разуменне разнавіднасцяў печак, — удакладняе Сяргей. — Па сваёй канструкцыі печкі дзеляцца на канальныя, каўпаковыя і супрацьточныя. Гэта разнавіднасці тэхналогій па тым, як накіраваны дым.
Канальная печка — класіка савецкага перыяду. Але даўжэй трымаюць цяпло супрацьточныя (папулярныя ў Амерыцы) і каўпаковыя (фінскі варыянт)».
Вядома, можна замовіць і купіць печ заводскага вырабу. Яны даюць хуткае цяпло, але гэтак жа хутка і астываюць. А вось цагляную печку ручной работы паліш дзве гадзіны, а цяпло яна ўтрымлівае да двух сутак. Эканомна і экалагічна. Праўда, пры ўмове, што пячнік зрабіў працу без памылак. Але не толькі.
Важна правільна прасушыць новую печку
Новую печку нельга распальваць адразу. Ад таго, як вы яе прасушыце, залежыць многае, калі не ўсё. Печка можа даць расколіны, калі гаспадары няправільна прасушылі або пачалі яе эксплуатацыю без папярэдняй прасушкі.
Сяргей раіць прасушваць невялікімі прапальваннямі шчэпачкамі тры разы на дзень па паўгадзіны. Пасля прапальвання ў печцы засоўваюцца ўсе юшкі на 20—30 хвілін. Пасля гэтага зноў адсоўваюцца ўсе юшкі і прачышчальныя дзверцы.
Такім чынам печка сушыцца, пакуль на прачышчальных дзверцах пры закрыцці збіраецца кандэнсат. Калі вільготнасць на дзверцах знікае, можна павялічваць час прапальвання да гадзіны.
«Гэта можна параўнаць з тым, як абкатваюць рухавікі ў новых машынах, — кажа Серей. — Далей — больш, пакуль печка цалкам не высахне. Але ўжо гатовую да выкарыстання аднаконтурную печку рэкамендуецца прапальваць да дзвюх гадзін актыўнага гарэння. Больш нельга. Трэба рабіць перапынак як мінімум на 10—12 гадзін.
З сенцамі і сапраўднай печчу з ляжанкай. Вось як бы сёння выглядаў модны таўнхаўс, калі б у ім былі памяшканні і зоны як у беларускай хаце
«Адчайныя часы патрабуюць адчайных крокаў». Як беларуска з Бабруйска стала спявачкай у Іспаніі
«Сябры называюць мяне буслікам». Аказваецца, ёсць такая прафесія — перавозчык эмбрыёнаў
Каментары