Новая веладарожка: хутка можна будзе даехаць да Мінскага мора без прыпынкаў
У аматараў такога транспарту з’явіцца камфортны і амаль бясшвовы маршрут да папулярнай рэкрэацыйнай зоны.

Добрыя навіны для веласіпедыстаў і карыстальнікаў сродкаў персанальнай мабільнасці: здаецца, ужо зусім хутка галоўную мінскую веладарожку злучаць з новай веладарожкай, якая вядзе да Мінскага мора. У гэтым выпадку ў аматараў такога транспарту з’явіцца камфортны і амаль бясшвовы маршрут да папулярнай рэкрэацыйнай зоны, піша Onliner.by.

Насамрэч магчымасць даехаць да Заслаўскага вадасховішча на тым жа веласіпедзе была і раней. Але магістральная веладарожка вяла толькі да разваротнага кальца каля аквапарка «Лебядзіны». Далей трэба было па сцежцы дабрацца да пляжа №5 «Дразды», а потым уздоўж берага па грунтоўцы — да пляжа №8 «Дразды». І ўжо адтуль па ходніках выехаць у бок Мінскага мора. Аднак ужо гэтай вясной увесь маршрут можна будзе праехаць па новай веладарожцы з пліткавым пакрыццём.
З’явіўся і іншы добраўпарадкаваны маршрут, пракладзены ўздоўж Паркавай вуліцы і праспекта Пераможцаў, які таксама злучае 8‑ы і 5‑ы пляжы вадасховішча «Дразды». Большая частка работ была выканана летась. Але яшчэ ў сакавіку і красавіку гэтага года заставаліся кароткія незавершаныя ўчасткі, а паміж старой і новай веладарожкамі была толькі сцежка.

Аднак, здаецца, будаўніцтва падыходзіць да завяршэння.
Так, напрыканцы мінулага тыдня відавочца паведаміў, што каля разваротнага кальца побач з аквапаркам «Лебядзіны» ўжо пачаліся земляныя работы. Хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час з’явіцца злучэнне паміж дзвюма веладарожкамі, і на маршруце не застанецца неўладкаваных участкаў. А гэта значыць, што да Мінскага мора можна будзе даехаць на адным дыханні.
— Плітка на кругавым участку (маецца на ўвазе новая веладарожка) ужо ўкладзена. Што да стыкоўкі з асноўнай веладарожкай, то цяпер гэта выглядае так. Спускі будуць плаўныя, — паведамляе відавочца з месца будаўніцтва.
Мяркуючы па фота (дастаткова параўнаць з тымі, што былі зроблены менш за тыдзень таму), работы ідуць актыўна, і да «бясшвоўнага» пераходу з галоўнай сталічнай веламагістралі на новую веладарожку засталося зусім няшмат.


Каментары