«Дом падыдзе знаўцам традыцыйнага жыцця славян на старажытнай Русі». Паглядзелі на самыя дарагія лецішчы блізу абласных цэнтраў
Колькі каштуюць і як выглядаюць самыя дарагія лецішчы пад Гродна, Брэстам і іншымі абласнымі цэнтрамі.
Брэст. Лецішча з сонечнымі батарэямі
Калі не браць да ўвагі паўнавартасныя катэджы, пабудаваныя на тэрыторыі садовых таварыстваў, непасрэдна прылеглых да горада, то самае дарагое лецішча ў ваколіцах Брэста прадаюць за 120 тысяч даляраў.
Напрыклад, столькі просяць за лецішча са зруба ў садовым таварыстве Дубок-2009 непадалёк ад абласнога цэнтра.
Агульная плошча аднапавярховага дома з мансардай складае 131 м². Плошча ўчастка 4,98 соткі. З цэнтральных камунікацый толькі электрычнасць. Ёсць паравое ацяпленне, якое працуе ад цвёрдапаліўнага катла. Дом абсталяваны дзвюма спадарожнікавымі антэнамі. На даху маюцца сонечныя панэлі.
Нягледзячы на немалы кошт лецішча, інтэр'еры там звычайныя дачныя.
Уласны «цэнтр рэабілітацыі»
Роўна ў 100 тысяч даляраў ацэнена лецішча за два кіламетры ад Брэста ў напрамку Камяніцы-Жыравецкай.
Агульная плошча аднапавярховага дома 56,8 м², месціцца ён на ўчастку памерам 5,3 соткі. Апроч асноўнага дома тут знаходзіцца гараж і «цэнтр рэабілітацыі», унутры якога стаіць стол і цагляная печ для прыгатавання ежы.
Унутры дом выглядае даволі сучасна, ёсць невялікая тэраса з відам на лужок.
«Двор добраўпарадкаваны тратуарнай пліткай, па ўсім участку высаджаныя іглічныя і дэкаратыўныя расліны, шматгадовыя пладовыя дрэвы і хмызнякі. Непадалёк ад участка ёсць невялікае азярцо і лес», — гаворыцца ў апісанні да аб'екта.
Віцебск. Цэны куды ніжэйшыя
У Віцебскім раёне цэны на лецішчы куды больш сціплыя ў параўнанні з Брэстам. Тут за самы дарагі дачны домік просяць усяго 65 тысяч даляраў.
Дача знаходзіцца ў садовым таварыстве «Пчолка», што за 7 км ад рынка «Смаленскага». Агульная плошча будынка 88 м². З камунікацый — толькі электрычнасць. Каналізацыя мясцовая, вада з калодзежа. Ацяпленне пячное.
Апроч асноўнага дома, на ўчастку памерам 8 сотак месцяцца цяпліца, двухпавярховы гараж і лазня.
Прадавец адзначае, што да лецішча вядзе асфальтаваная дарога, а да прыпынку грамадскага транспарту ўсяго 250 метраў.
Возера і рака ў роварнай дасяжнасці
Усяго на дзве тысячы даляраў танней прадаецца лецішча ў вёсцы Малыя Лётцы Віцебскага раёна. За 63 тысячы можна набыць дачу са зруба. Участак акружаны лесам.
Агульная плошча дома 84 м². Памер участка — 10 сотак. Апроч самога дома на ўчастку можна ўбачыць асобны туалет.
Ацяпленне ў доме пячное. Вада са свідравіны, каналізацыя мясцовая. Як пазначана ў апісанні, рака і азёры знаходзяцца ў роварнай дасяжнасці ад дома.
Цікава, што наступныя па дарагоўлі лецішчы ў Віцебскім раёне каштуюць менш за 30 тысяч даляраў.
Гомель. Вялікі ўчастак і касітоны на столі
Самае дарагое лецішча з выстаўленых на продаж у Гомельскім раёне ацэнена ў 65 000 даляраў. Садовае таварыства знаходзіцца непадалёк ад ракі Сож. Агульная плошча будынка каля 80 м².
Дом газіфікаваны, ёсць ацяпленне. На ўчастку таксама ёсць альтанка, высаджана шмат дрэў.
Інтэр'еры ў самага дарагога лецішча Гомельскага раёна даволі тыповыя для лецішчаў. У некаторых памяшканнях на столях можна ўбачыць некалі папулярныя касітоны.
Памер участка 12 сотак. На ім апроч асноўнага дома знаходзяцца хлеў і лазня.
«Дом чакае новых гаспадароў для шчаслівага жыцця»
Другое па дарагоўлі лецішча ў Гомельскім раёне ацэнена ў 40 тысяч даляраў. Плошча будынку 43 м². Памер участка ўсяго 4 соткі.
Звонку дом выглядае сціпла, а вось інтэр'еры ў ім даволі сучасныя.
«Дом цалкам гатовы да пражывання. Каналізацыя мясцовая, ёсць туалет і душ у доме, газавы кацёл. На ўчастку ёсць пладовыя дрэвы і хмызнякі. Дом чакае новых гаспадароў для шчаслівага жыцця», — пазначана ў апісанні.
Гродна. Дом для знаўцаў жыцця славян на старажытнай Русі
Самае дарагое лецішча ў ваколіцах абласных цэнтраў прадаецца ў Гродзенскім раёне. За зруб агульнай плошчай 200 м², які знаходзіцца ў маляўнічым месцы за 9 км ад Гродна, просяць 155 тысяч даляраў.
На ўчастку зроблены ландшафтны дызайн, выкладзеныя дызайнерскія сцежкі. Адразу за ўчасткам расце лес.
Апроч самога дома на ўчастку ёсць гараж з газасілікатных блокаў на некалькі машын.
У апісанні пазначана, што дом падыдзе знаўцам традыцыйнага жыцця славян на старажытнай Русі, калі ў асноўным пераважала жыллё з бярвення.
Таксама гаспадары адзначаюць, што аб'ект можна выкарыстоўваць для вядзення аграсядзібнага бізнэсу.
Цёплыя падлогі і лазня
Другая па дарагоўлі дача ў ваколіцах Гродна прадаецца за 76 тысяч даляраў.
Участак памерам 8 сотак, на якім стаіць аднапавярховы будынак, акружаны лесам. Знаходзіцца лецішча за 8 кіламетраў ад Гродна ў садовым таварыстве «Ласунак-Дубніца».
Дом 2022 года пабудовы і пакуль яшчэ цалкам не гатовы да жыцця ў ім. Будучаму гаспадару давядзецца самому абстаўляць яго мэбляй і тэхнікай. Агульная плошча дома 110 м².
У доме зробленыя цёплыя падлогі, санвузел і душ у доме. Таксама ёсць уласная лазня.
Магілёў. Дача непадалёк ад Дняпра
Самае дарагое лецішча ў ваколіцах Магілёва ацэнена ўсяго ў 55 тысяч даляраў. Знаходзіцца яно ў межах магілёўскай МКАД. Да Дняпра тут каля 400 метраў. Агульная плошча дома 95 м².
Лецішча пабудавана ў 1998 годзе. Мяркуючы па здымках, нейкага грунтоўнага абнаўлення з тых часоў не рабілася.
«На ўчастку новая сучасная лазня з пакоем для адпачынку, санвузел і гараж. Выкладзеныя дарожкі, залітая стаянка перад домам. Дача ў ціхім месцы з пад'ездам з боку лесу», — гаворыцца ў апісанні.
Тры паверхі і більярд
Наступнае па дарагоўлі лецішча непадалёк ад Магілёва прадаюць за 25 тысяч даляраў. Столькі просяць за трохпавярховы будынак 1987 года, які стаіць на ўчастку памерам 8,5 соткі.
З камунікацыямі ўсё даволі сціпла. Санвузел на вуліцы, ацяпленне пячное. Затое ёсць гараж, лазня і більярдны стол.
На ўчастку высаджана шмат пладовых і дэкаратыўных раслін.
Каментары
І гэта зразумела.