Гісторыя11

Падпал Рэйхстага: як Гітлер скарыстаў пажар у нямецкім парламенце

Пасля спробы атакаваць Крэмль беспілотнікамі не сціхаюць размовы: была гэта сапраўдная аперацыя ці інсцэніроўка расійскіх спецслужбаў. Некаторыя праводзяць паралелі з падпалам Рэйхстага ў 1933 годзе. Тыя падзеі дазволілі ўмацавацца Гітлеру ва ўладзе і паўплывалі не толькі на лёс Германіі.

Палаючы Рэйхстаг
Палаючы Рэйхстаг вечарам 27 лютага 1933 года. Фота: Wikimedia Commons

Вечарам 27 лютага ў Рэйхстагу спалахнуў пажар. Нягледзячы на намаганні пажарных, полымя знішчыла ўвесь будынак. У адным з яго флігеляў паліцыя затрымала 24-гадовага жыхара Нідэрландаў Марынуса ван дэр Любэ. На допыце ён прызнаўся, што падпаліў будынак парламента ў знак пратэсту супраць захопу нацыянал-сацыялістамі ўлады.

На месца тым жа вечарам прыбылі рэйхсканцлер Адольф Гітлер, якога сустрэў Герман Герынг, які ўзначальваў паліцыю Прусіі. Гітлер заявіў, што падпал — справа рук камуністаў.

Нацысцкая прапаганда назвала падпал «спробай дзяржаўнага перавароту». 28 лютага быў апублікаваны надзвычайны ўказ рэйхспрэзідэнта «Аб абароне народа і дзяржавы». Ён радыкальна абмяжоўваў асноўныя грамадзянскія правы. Напрыклад, абмяжоўваліся (фактычна адмяняліся) права на свабоднае выказванне меркаванняў, свабода друку і сходаў.

Дзяржава атрымала права кантраляваць паштовыя адпраўленні і тэлефонныя размовы, праводзіць ператрусы без спецыяльных санкцый пракурора. Неўзабаве былі забароненыя і апазіцыйныя газеты. Зразумела, што пад забарону патрапіла і Камуністычная партыя Германіі.

Нягледзячы на тое, што ван дэр Любэ не выдаў саўдзельнікаў, сама падзея дала нацыянал-сацыялістам нагоду для першых рэпрэсій. На працягу некалькіх дзён было арыштавана каля 4 тысяч камуністаў (сярод іх пісьменнік і актывіст Эрнст Тэльман) і мноства лідараў ліберальных і сацыял-дэмакратычных груповак, у тым лiку дэпутаты парламента. Усяго пад рэпрэсіі трапіла каля 25 тысяч чалавек.

Пасля былі праведзеныя судовыя працэсы, у выніку якіх многія камуністы і іншыя апазіцыйныя фігуры былі прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі падпалу і пакараныя або адпраўленыя ў канцэнтрацыйныя лагеры.

Непасрэдна ў падпале Рэйхстага было абвінавачана пяць чалавек: ван дэр Любэ, лідар парламенцкай фракцыі Кампартыі Германіі Эрнст Торглер і тры балгарскія камуністы — Георгій Дзімітраў, Васіл Танеў і Благой Папоў.

Працэс скончыўся для нацыянал-сацыялістаў расчараваннем: акрамя ван дэр Любэ, які быў прысуджаны да смерці і ў 1934 годзе пакараны, астатніх чацвярых абвінавачваных апраўдалі праз недаказанасць віны — тады суды яшчэ заставаліся адносна незалежнымі. Аднак урад пакінуў іх у турме.

Пасля таго, як СССР даў траім балгарам савецкае грамадзянства, яны былі высланыя ў Маскву. Торглер быў пераведзены ў канцлагер, але ў 1934 годзе даў абяцанне больш не займацца палітыкай і ў 1935 годзе быў вызвалены. 

Гісторыкі звяртаюць увагу на палітычныя падзеі, якія папярэднічалі пажару.

30 студзеня 1933 года Гітлер быў прызначаны на пасаду кіраўніка новага кааліцыйнага ўрада — рэйхсканцлера. Ужо праз два дні, 1 лютага, Гітлер папрасіў прэзідэнта Веймарскай Рэспублікі Гіндэнбурга распусціць парламент, у якім НСДАП на той момант мела толькі 32% месцаў, і прызначыць новыя выбары. Ён разлічваў на новых выбарах дамагчыся большасці месцаў для сваёй партыі. Гіндэнбург задаволіў просьбу: парламент быў распушчаны, новыя выбары былі прызначаныя на 5 сакавіка 1933 года.

Такім чынам, Рэйхстаг быў падпалены акурат перад выбарамі.

Нягледзячы на сілавы і маральны ціск, на выбарах 5 сакавіка НСДАП атрымала толькі 43,91% галасоў. 12,32% выбаршчыкаў падтрымалі ўжо забароненую Кампартыю, аднак іх галасы былі абвешчаныя несапраўднымі, а мандаты перададзеныя нацыстам, што дазволіла тым атрымаць большасць у парламенце.

13 сакавіка было створана Міністэрства прапаганды на чале з Гебельсам, 20 сакавіка — першы канцлагер у Дахау.

21 сакавіка новы парламент сабраўся на першае пасяджэнне і ўжо праз два дні надзяліў канцлера надзвычайнымі паўнамоцтвамі тэрмінам на чатыры гады (пасля яны двойчы працягваліся), а ўрад — правам самастойна выдаваць законы. У час галасавання ў зале знаходзіліся ўзброеныя штурмавікі і эсэсаўцы. Выказацца супраць наважыліся толькі 84 дэпутаты — сацыял-дэмакраты.

Пад лозунгамі «дасягнення народнага адзінства і моцнай улады» 31 сакавіка ў Германіі былі ліквідаваныя парламенты земляў (ландтагі), 7 красавіка быў створаны інстытут «імперскіх намеснікаў» — фактычна, вертыкаль улады, якая прызначалася, а не выбіралася, 2 мая былі забароненыя прафсаюзы і забастоўкі, 22 чэрвеня — Сацыял-дэмакратычная партыя, 14 ліпеня — усе партыі, за выключэннем нацысцкай.

10 мая адбылося першае публічнае спаленне кніг.

Некаторыя гісторыкі, якія даследавалі гэты інцыдэнт, звяртаюць увагу на тое, што велізарны будынак загарэўся практычна імгненна. Пры тушэнні пажару ў Рэйхстагу было знойдзена каля 20 ачагоў узгарання. Гэта можа сведчыць аб тым, што ван дэр Любэ не мог дзейнічаць у адзіночку.

Да таго ж вялікія сумненні выклікае тое, што ван дэр Любэ мог самастойна пранесці ў Рэйхстаг такую колькасць каністраў з бензінам, тым больш што ён быў моцна блізарукі.

Ці не быў той падпал спланаваны нацыянал-сацыялістамі?

Навукоўцы прыводзяць шэраг доказаў, у тым ліку паказанні сведак аб тым, што адначасова з ван дэр Любэ ў скляпеннях будынка знаходзілася група штурмавікоў пад кіраўніцтвам групэнфюрара СА Карла Эрнста, якая пракралася туды праз падземны тунэль. Магчыма, яны і дапамаглі ван дэр Любэ.

Высветліць праўду не было магчымым у тым ліку і таму, што 30 чэрвеня 1934 года Эрнст быў забіты падчас так званай «ночы доўгіх нажоў».

Як бы там ні было, адно застаецца бясспрэчным, як адзначала амерыканская журналістка, што прысутнічала на працэсе над ван дэр Любэ: «Спачатку спалахнуў Рэйхстаг, а потым усё».

З падпалам Рэйхстага ў 2010 годзе параўнаў падзеі на тагачаснай Плошчы і спробу дэманстрантаў увайсці ў Дом урада журналіст «Нашай Нівы» Зміцер Панкавец. Ëн прама спытаў пра гэта Аляксандра Лукашэнку на паслявыбарчай прэс-канферэнцыі. Дыктатару напачатку на некалькі секундаў адняло мову.

Чытайце яшчэ:

«Зненавідны». Што ўяўляе сабой Крэмль. І чым незвычайны Сенацкі палац, які сёння атакавалі беспілотнікі

Сёння ноччу была спроба ўдару беспілотнікамі па Крамлі

Немцы не падтрымліваюць чатырохдзённы працоўны тыдзень

Мусаліні і Лукашэнка: падабенстваў больш, чым можна было б падумаць

Каментары1

  • Не сьляпы, не глухі
    04.05.2023
    Сёньня мы часта бачым і чуем тактыку, мову й «логіку» нацысцкае Нямеччыны ў лукашэнкаўскай Беларусі й пуцінскай Расеі.

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі3

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Перад ударам «Арэшніка» па Дняпры кіраўніцтва Расіі эвакуявалася на Урал2

Ва Украіне выкрылі групу, якая зарабляла на дамоўных гульнях. Адзін з фігурантаў — футбаліст Арцём Мілеўскі3

Топ «дасягненняў» Лукашэнкі за апошні тэрмін21

Каля плошчы Бангалор у Мінску перакулілася фура з півам ВІДЭА1

У капліцы пад Смаргонню панішчылі саркафагі і раскідалі чалавечыя парэшткі2

Эксперт ААН: У Беларусі, хутчэй за ўсё, няма ніякай ядзернай зброі. І не будзе

Краінам ЕС дазволілі абмяжоўваць права на прытулак для мігрантаў3

МЗС Беларусі ўручыў Польшчы ноту з-за інцыдэнту з нібыта спробай вярбоўкі дыпламата1

У Расіі вагнеравец задушыў сяброўку дротам ад зарадкі: яму здалося, што яна яго вярбуе на карысць Украіны

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі3

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →