Мова2020

Не Skarnik. Які беларускі анлайнавы слоўнік сёння найлепшы

Сёння інтэрнэт дае магчымасць праверыць слова ці яго напісанне ў некалькі клікаў, але багацце слоўнікавых рэсурсаў можа заблытаць. Выбралі адзін, які пасуе для любых надзённых патрэбаў.

Вытворцы не заўсёды даюць рады этыкеткам з беларускай мовай. Фота: сацсеткі

Найбольш папулярным анлайн-слоўнікам на сёння з’яўляецца Skarnik. Руска-беларускі слоўнік даступны з 2012 года, тлумачальны слоўнік з 2013-га, а беларуска-рускі слоўнік з 2015 года. За больш як дзесяцігоддзе многія звыкліся з ім, «Скарнік» даваў хуткі адказ на тое, «як гэта слова будзе па-беларуску», чаго ў большасці выпадкаў было дастаткова. Да таго ж анлайн-слоўнік займеў і ўласны мабільны дадатак.

Але ў «Скарніка» ёсць некалькі істотных мінусаў. Па-першае, гэта страта актуальнасці слоўніка. У аснову «Скарніка» пакладзены акадэмічны руска-беларускі слоўнік, які быў выдадзены ў 1953 годзе пад рэдакцыяй Якуба Коласа, Кандрата Крапівы і Пятра Глебкі і пасля некалькі разоў перавыдаваўся з выпраўленнямі і дапаўненнямі. Але нягледзячы на гэта, слоўнік часта не адпавядае сучаснаму правапісу, а лексіка змяшчае шмат русізмаў і не ахоплівае многія сучасныя рэаліі інфармацыйнага грамадства.

Skarnik выкарыстоўвае слоўнік, які прытрымліваецца правапісу, які быў актуальным да 2008 года. Сёння правільна пісаць фарватар, а не фарватэр. Скрыншот сайта.

Каб выправіць гэта, аўтары слоўніка вырашылі самастойна дадаваць у яго новыя словы, выпраўляць памылкі, недакладнасці, а «камуністычныя прыклады» замяніць на «чалавечыя» — гэта другая праблема. Такія «партызанскія» праўкі ніяк не пазначаны ў тэксце, а таму немагчыма высветліць, ці гэта арыгінальны тэкст акадэмічнага слоўніка, ці праўкі аўтараў сайта, што робіць «Скарнік» ненадзейнай крыніцай.

Slounik.org змяшчае багатую базу слоўнікаў, але ніяк не ранжыруе іх па актуальнасці. Словы са слоўнікаў апошніх гадоў могуць выдавацца пры пошуку разам з неалагізмамі са слоўнікаў даваеннага перыяду, якія так і не замацаваліся ў беларускай мове. Сарыентавацца не заўсёды проста. Скрыншот сайта.

Такіх хібаў не мае slounik.org, дзе сабраная, мабыць, найвялікшая колькасць агульных, перакладных, тлумачальных, гістарычных, дыялектных і іншых слоўнікаў, а таксама некалькі энцыклапедычных выданняў. Гэта робіць яго карысным для спецыялістаў, але простаму карыстальніку лёгка заблытацца — на звычайны запыт ён выдае вынікі са слоўнікаў 1920-х, чыя моўная норма не адпавядае сучаснай, а вынікі тэрміналагічных пошукаў часта так і застаюцца толькі на старонках гэтых слоўнікаў. Чым адрозніваюцца паміж сабой, напрыклад, руска-беларускія слоўнікі аўтарства Некрашэвіча — Байкова, Булыкі, Крапівы і Ластоўскага, на сайце асабліва не тлумачыцца. 

Анлайнавы слоўнік Verbum. Скрыншот сайта

Пазбаўлены хібаў абодвух сайтаў анлайнавы слоўнік Verbum, які стварыў беларускі праграміст Вадзім Раманенка. Ва ўкладанні слоўнікаў яму дапамагае Аляксандр Шумскі. На сёння на сайце выкладзены апрацаваныя 12 слоўнікаў, у тым ліку перакладныя, тлумачальныя, этымалагічны, гістарычны слоўнік беларускай мовы і слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў. Менавіта на слоўнікі на Verbum спасылаюцца спецыялісты Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, адказваючы на пытанні беларусаў, якія паступаюць у «Моўную даведку».

Сайт адрозніваецца лаканічным дызайнам і прастатой карыстання. Сярод відавочных плюсаў Verbum — добрая разметка слоўнікавых артыкулаў, асобным колерам тут вылучаны скарачэнні, націскныя галосныя, адпаведнікі ў іншых мовах, прыклады ўжывання, фанетычныя транскрыпцыі, спасылкі на іншыя выданні і гіперспасылкі на іншыя словы ў тым жа слоўніку.

Разметка анлайнавага слоўніка Verbum на прыкладзе артыкула з Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы (1978-2017). Скрыншот сайта

Асабліва ўражвае праца па разметцы, якая была прароблена з Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы, які ўсё яшчэ працягвае выдавацца з 1978 года. Без гэтай разметкі праз шчыльны тэкст і мноства скарачэнняў, як ён выглядае ў друкаваным варыянце, давялося б літаральна прадзірацца. Этымалагічны слоўнік, які раскрывае паходжанне большасці беларускіх слоў, увогуле з’яўляецца адной з разынак Verbum’а — яго можна спампаваць у інтэрнэце па тамах, але ў выглядзе анлайн-слоўніка ён ёсць толькі тут.

Артыкул з Гістарычнага слоўніка беларускай мовы (1982—2017). Скрыншот сайта

Па анлайнавым слоўніку словы можна шукаць як у цэлым, так і толькі па асобных слоўніках, адфільтраваўшы непатрэбныя ў полі пошуку. Пры гэтым пошук будзе ахопліваць увесь тэкст слоўнікаў (за выключэннем Гістарычнага слоўніка беларускай мовы, які пакуль прадстаўлены толькі нераспазнанымі скрыншотамі слоўнікавых артыкулаў), што дазваляе часам знайсці неабходную інфармацыю там, дзе не чакаеш.

Таксама спасылку на любы слоўнікавы артыкул лёгка атрымаць, усяго толькі раз пстрыкнуўшы на крайні правы значок побач з ім.

Руска-беларускі і Беларуска-рускі слоўнікі на сайце Verbum адпавядаюць актуальнаму правапісу, прынятаму ў 2008 годзе, пра што адзначаецца ў дужках пад кожным слоўнікавым артыкулам. Скрыншот сайта

Яшчэ адзін відавочны плюс Verbum’а — гэта тое, што стваральнікі падумалі пра нас з вамі і да назвы кожнага слоўніка дадалі тлумачэнне, якому правапісу ён адпавядае. Так Беларуска-рускі і Руска-беларускі слоўнікі адпавядаюць актуальнаму правапісу, то-бок таму, што быў прыняты ў 2008 годзе. Апошнія выданні гэтых акадэмічных слоўнікаў выйшлі ў 2012 годзе, а значыць іхні змест куды больш актуальны за слоўнік на сайце Skarnik, выдадзены нашмат раней.

Пошук па англійска-беларускіх слоўніках адразу ў розных правапісах можа даць больш карысных вынікаў. Скрыншот сайта

А вось для абодвух тлумачальных слоўнікаў пазначана, што яны адпавядаюць правапісу да 2008 года — і гэтая інфармацыя дазваляе ўлічыць неабходнасць дадаткова спраўдзіць напісанне, карыстаючыся імі.

Англійска-беларускі слоўнік таксама прадстаўлены ў двух правапісах. Адзін з іх, укладальніцай якога была Тамара Суша, адпавядае актуальнаму правапісу, а другі, укладальніцай якога была Валянціна Пашкевіч, «класічнаму» правапісу. Гэта адзіны слоўнік у гэтым правапісе на сайце. 

Пошук па слове «бразготка» ў Беларуска-нямецкім і Нямецка-беларускім слоўніках. Скрыншот сайта

Англа-беларускія і польска-беларускі слоўнікі, якія ёсць на Verbum’е, можна адшукаць і на slounik.org, а вось наяўнасць Беларуска-нямецкага і Нямецка-беларускага слоўнікаў, выдадзеных пад рэдакцыяй Мікалая Кур'янкі — яшчэ адна адметнасць сайта.

У планах стваральнікаў сайта дадаць яшчэ Беларуска-ўкраінскі слоўнік, укладальнікамі якога былі Рыгор Піўтарак і Аляксандр Скапненка, і Украінска-беларускі слоўнік, укладальніцай якога была Валянціна Лемцюгова.

У адрозненне ад slounik.org, Verbum не збірае ўсе запар слоўнікі, якія існуюць на сёння, адкідаючы, як кажуць укладальнікі, «нізкаякасную дрэнь».

Нягледзячы на такія неадназначныя заявы, варта сказаць, што анлайнавы слоўнік Verbum сапраўды атрымаўся вельмі зручны і карысны ў паўсядзённых пытаннях. Шкада толькі, што ён не мае пакуль сваёй мабільнай праграмы, у чым прайграе менш актуальнаму Skarnik-у.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары20

  • Нішо будзе
    08.12.2024
    Не ўзгадалі nisho.me =)
  • Чытач
    08.12.2024
    Вовчик, "Ліпень 1812 - бітва расейскага войска з французамі каля вёскі Астроўня пад Віцебскам".
    Напішыце сказ са словам "Астроўня", каб зразумець кантэкст. Па адным слове заўсёды цяжка, лепш пісаць сказ ці словазлучэнне.
  • бабка пихто
    08.12.2024
    Вовчик, нихто

Навукоўцы б'юць трывогу — сусліку пагражае поўнае выміранне1

Навукоўцы б'юць трывогу — сусліку пагражае поўнае выміранне

Усе навіны →
Усе навіны

Кіроўцу ў ізалятар, фуру на штрафпляцоўку. Дальнабойшчыкі — пра праверкі і затрыманні на мяжы4

Трамп заклікаў Расію неадкладна спыніць вайну, іначай пагражае крутымі мерамі35

У Варшаве здаюць пакой за 520 даляраў за месяц. Сацсеткі ў шоку ад цаны5

Кая Калас: Спецслужбы папярэджваюць, што Расія можа напасці на Еўрасаюз у 2028 годзе3

Усё больш пар рэгіструюць свае шлюбы з цырымоніяй па-беларуску12

У Чашніках ужо пяты раз за два месяцы судзілі спартоўца-аматара Канстанціна Чарнова

«Гэта доктар ад Бога». За палітыку судзяць дзіцячага анколага з 23-гадовым стажам11

Як беларусы называлі дзяцей у 2024 годзе1

«У 2021-м быў уражаны негатоўнасцю УСУ адбіваць напады». Што піша Залужны ў сваіх мемуарах7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Навукоўцы б'юць трывогу — сусліку пагражае поўнае выміранне1

Навукоўцы б'юць трывогу — сусліку пагражае поўнае выміранне

Галоўнае
Усе навіны →