Тапанімічная камісія Нацыянальнай акадэміі навук нядаўна распаўсюдзіла зьвесткі, што зь існуючых у краіне амаль 25 тысяч вёсак прыкладна адна траціна мае зьмененыя за савецкім часам назвы. Паведамляецца, што асаблівы бум перайменаваньняў прыпаў на 1964-67 гады, хаця працэс працягваўся ўшчыльную да 1980-х. Зараз набірае моц адваротны працэс. Спэцыялісты называюць ужо некалькі дзясяткаў паселішчаў, якім вернутыя гістарычныя назвы.
Тапанімічная камісія Нацыянальнай акадэміі навук нядаўна распаўсюдзіла зьвесткі, што зь існуючых у краіне амаль 25 тысяч вёсак прыкладна адна траціна мае зьмененыя за савецкім часам назвы. Паведамляецца, што асаблівы бум перайменаваньняў прыпаў на 1964-67 гады, хаця працэс працягваўся ўшчыльную да 1980-х. Зараз набірае моц адваротны працэс. Спэцыялісты называюць ужо некалькі дзясяткаў паселішчаў, якім вернутыя гістарычныя назвы.
Насельніцтва мядзельскай вёскі Нарач зараз змагаецца за тое, каб ёй вярнулі гістарычную назву – Кабыльнік.
Расказвае паштальёнка Ніна Кароткая:
(Кароткая: ) «Мы па звычцы гаворым сваім на тэлеграфе: «Гэта – Кабыльнік. Маем моду такое слова сказаць. Усім больш зразумела. Бо гэта наша вёска, а Нарач – суседні курортны пасёлак. Хаця і там раней была Купа. Не курортны пасёлак, а Купа».
Ніна Кароткая ўдакладняе, што ў пісьмовых дакумэнтах гандлёвае месца Кабыльнік нагадваецца ад ХV веку. Пяць разоў у год тут адбываліся конныя кірмашы. Працавалі касьцёл, царква, сынагога, крамы, карчма, паштовая станцыя.
Адначасова мясцовыя адмаўляецца ад прапановы Менскага аблвыканкама надаць вёсцы статус гарадзкога пасёлку. Сытуацыю тлумачыць намесьніца старшыні сельсавету Людміла Аблам:
(Аблам: ) «У нас прапісана 2,5 тысячы чалавек. Вёска мае 35 вуліц. Мы можам быць гарадзкім пасёлкам. Але настаўнікі, бацькі і вучні – супраць. Пры паступленьні ў навучальныя ўстановы дзеці атрымліваюць дадатковыя два балы».
***
Тое, што цяпер ёсьць магчымасьць вярнуць вёсцы ранейшую назву, спраўджвае гісторыя беларускага Парыжу. 18 ліпеня гэтага году дэпутаты Пастаўскага райсавету аднагалосна прынялі рашэньне вярнуць вёсцы Навадруцк назву Парыж. Расказвае карэнная жыхарка Алена Васілевіч:
(Васілевіч: ) «Сам Напалеон Банапарт даў гэтую назву ў 1812 годзе 18 ліпеня ў 12.30. Гэта дакладны час, калі Напалеон назваў наш Парыж Парыжам».
Суразмоўца мае прэтэнзіі да ўлады. Як кажа Алена Васілевіч, 33 гады таму камуністы зьмянілі назву вёскі, а пасьля вынішчалі тут усё, што нагадвала пра далёкую гісторыю:
(Васілевіч: ) «Вось зараз улады што натварылі! Сталоўку зачынілі, шпіталь таксама. Насьмешку над людзьмі робяць. У нас дзіцячы садок, школа, мэдычны пункт, аптэка. Ну ўсё, што трэба для аграгарадка, якія цяпер ўводзяць у моду. Дык наш разбураюць, а недзе будуюць новыя. У Літве хутар: тры сям’і жывуць – Парыж! І ў іх ёсьць Эйфэлева вежа, Елісейскія палі. У нас у Беларусі–гэта яшчэ ў 1973 годзе было – не падабаўся панскі маёнтак. Ну і што, што яно панскае? Ад яго нічога не засталося! Цяпер аднаўляем фрагмэнты, дык запытваюся ў найстарэйшых: колькі вокнаў было ў палацы з аднаго боку, другога і трэцяга?».
А што думаюць пра зьмену назвы вёскі іншыя дасьведчаныя людзі? Гаворыць супрацоўніца Пастаўскага краязнаўчага музэю Лідзія Невар:
(Невар: ) «Магчыма, што гэта нейкі цікавы момант. Людзям цікава: «Нарадзіўся дзе? У Парыжы!» Але ў нас свая гісторыя. Навошта нам заваёўніка ўхваляць?»
Слова – кіраўніцы справаў Пастаўскага райвыканкаму Вользе Мышко:
(Мышко: ) «Да прыкладу, даведкі гэтыя... Для людзей іх вельмі шмат давядзецца шукаць. «Дзе ты працаваў?». «У Навадруцку». «Навадруцка няма!»
У пастаўскім Парыжы на сёньня 375 жыхароў . Прыблізна кожны пяты –зь іншых мясьцінаў, як напрыклад, Галіна Вяршыніна:
(Вяршыніна: ) «Мне бяз розьніцы. Я не адсюль родам. Па-мойму, Навадруцк лепш нават гучыць».
Зьвяртаюся да вядомага ў Беларусі ксяндза Ёзаса Булькі. Сьвятар Мосарскага касьцёлу на Глыбоччыне пераконвае, што апякуецца зараз пастаўскім Парыжам:
(Булька: ) «Каля лякарні будзем рабіць бульвары. Напісаў прэзыдэнту, ён аддае гандлёвы цэнтар, што развальваецца. Там будзе плябанія. Будзе заля для вывучэньня Катэхізісу і будзе касьцёл. Дзе цяпер касьцёл – там будзе музэй Яна Паўла другога».
***
Прыкладаў вяртаньня гістарычнай тапанімікі цяпер хапае ці ня ў кожнай вобласьці. Нядаўна жыхары вёскі Нёман Узьдзенскага раёну вярнулі ранейшую назву паселішчу – Магільнае. Менавіта гэтая назва ўзгадваецца ў старажытных летапісах, дарэвалюцыйнай і савецкай навуковай літаратуры як месца бітвы войску Вялікага княства ў ХІІІ стагодзьдзі з мангола-татарскімі заваёўнікамі. Чужынцы былі разьбітыя.
Перайменаваньня вёскі Вішнявец у Гавязну патрабуюць у Стаўбцоўскім раёне. Гаворыць каардынатар гэтай ініцыятывы, вядомы беларускі эколяг і журналіст Валер Дранчук:
(Дранчук: ) «Мы вяртаем гістарычную назву на месца. Ну, скажам, у Гародні цяпер ёсьць мікрараён Вішнявец. У Расеі Вішняўцоў чорт ведае колькі. А Гавязна – адзіная! Гэта нават такая навуковая інтрыга».
Паводле Валеры Дранчука, створаны пры мясцовай школе ансамбаль носіць імя «Гавязняначка». Ён кажа, што не дасьць выкрасьліць з людзкой памяці гэтую назву тутэйшая рэчка Гавязянка.
Таксама па патрабаваньню жыхароў вёска Дзіўная Лужкоўскага сельсавету на Віцебшчыне набыла ранейшую назву – Гарадзец. Магчыма, што і ля Воршы насельніцтву тамтэйшай вёскі Краснаполец удасца аднавіць гістарычную справядлівасьць. Першы на гэтым месцы хутар меў назву Амэрыка.
Сытуацыю камэнтуе філёзаф Валянцін Акудовіч:
(Акудовіч: ) «Я ўсё ж думаю, што ня могуць не адбывацца такія зрухі з самых розных прычынаў: хоць улада й цісьне на любыя праявы грамадзянскай і незалежніцкай ініцыятывы – гэта пачатак таго, чаго й чакалася: калі вось гэта пачынаецца з зямлі, з каранёў, ад людзей, якія стаяць на гэтай зямлі. Гэта можа яшчэ рэдка й бессыстэмна, але пачынае адбывацца, і гэта добры знак».
Каментары